Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Крыж Зміцера Дашкевіча

18.12.2012 политика
Крыж Зміцера Дашкевіча

Зміцер Дашкевіч… Хто не чуў пра гэтага мужнага чалавека! Яму ўсяго 31 год. Тры з іх ён правёў за кратамі, у тым ліку больш за паўгода - у карцары. Недзе з паўгода, калі не больш, - на так званых сутках.

Нязломны лідар зарэгістраванага ў Празе (Чэхія) міжнароднага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” нядаўна атрымаў трэці тэрмін -- за злоснае парушэнне рэжыму зняволення. Як сведчыць вядомы беларускі дысідэнт, былы савецкі палітзняволены мардоўскіх лагераў Сяргей Ханжанкоў, нават у паслясталінскім СССР вязняў не судзілі за парушэнне рэжыму, а пераводзілі ў ізалятар на 15 сутак, у памяшканне камернага тыпу -- да шасці месяцаў, у турму -- да трох гадоў ці да заканчэння тэрміну пакарання.

Хоць на календары XXI стагоддзе, сённяшняя Беларусь усё больш нагадвае Савецкі Саюз сталінскіх часоў: права беларусаў “людзьмі звацца” мужна адстойвае за кратамі прадстаўнік старадаўняга беларускага шляхецкага роду Зміцер Дашкевіч. Ён сімвалізуе моладзь, якая ахвяруе сабою дзеля Беларусі і з’яўляецца носьбітам волі, веры і сілы. Менавіта гэтыя якасці нараджаюць маладафронтаўскія каштоўнасці свабоды, справядлівасці і салідарнасці.

Нараджэнне

Сваё нараджэнне Зміцер апісаў так: “У год 1981-ы ад нараджэння Хрыстовага, год абрання на пасаду Рональда Рэйгана, каторы ахрысціў Савецкі Саюз “імперыяй зла”, год першага пераводу гадзіннікавых стрэлак у Савецкім Саюзе на летні час, год забароны прафсаюза “Салідарнасць” і абвяшчэння ваеннага становішча ў Польшчы, год, у які габрэі падабраліся бліжэй да Еўфрату, канчаткова абвясціўшы аб анексіі Галанскіх вышынь у Сірыі, адваяваных імі яшчэ ў 1967-м, год стварэння легендарнага рок-гурта “Кіно”, вось у гэтыя цікавыя часіны і выпала мне з’явіцца на свет 20-га дня месяца ліпеня.

Няспынны рух па жыцці пачаўся ад самага нараджэння. Спакойна пражываючы ва ўлонні маці дзевяць месяцаў у Магаданскім краі, запатрабаваў я з’явіцца на свет на генетычнай Бацькаўшчыне. З гэтай пазіцыяй бацькі павінны былі лічыцца і таму адправіліся ў падарожжа да родных мясцін. У гэтым шляху і ўбачыў я ўпершыню, дзякуй Богу, не магаданскія вышыні, а краявіды беларускага Палесся. Адбылося гэта на Гомельшчыне, у Ельску, каля якога, у вёсцы Багуцічы, пражываюць мае стрыечныя бабуля і дзядуля, у каторых мы якраз і спыніліся 20 ліпеня. Тата, канешне ж, не мог дапусціць, каб гэта сталася афіцыйным біяграфічным месцам майго нараджэння, бо ёсць надта вялікім патрыётам сваёй малой радзімы -- Івацэвіччыны, у якой юрыдычна мяне і прапісаў. Таму афіцыйнае месца майго нараджэння, якое я мушу паўтараць перад пачаткам кожнага судовага пасяджэння, гучыць наступным чынам: вёска Кушняры Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Тое недалёка ад вобласці Гомельскай, і таму я пагадзіўся.

Забяспечыўшы такім чынам мяне фактычным і юрыдычным месцамі нараджэння, бацькі паехалі далей таптаць снягі Магаданшчыны. Першыя свае крокі зрабіў там і я, адклаўшы ў памяці і магаданскія ўзвышшы, і снягі, і кедры. Назад на радзіму бацькі вярталіся напрыканцы 1986 года, хаця і планавалі раней. Аднак абставіны склаліся такім чынам, што выбух чарнобыльскага рэактара мы прамінулі сустрэць, знаходзячыся яшчэ на Далёкім Усходзе. 87-ы ж год мы сустрэлі ўжо ў невялічкім гарадку Старыя Дарогі, што на Міншчыне, дзе я пражыў да 1999 года. У 2000 годзе я пераехаў у Мінск, дзе ў 2001-м далучыўся да дзейнасці “Маладога фронту”.

Выбітны беларускі паэт і ўдзельнік апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Уладзімір Някляеў назваў Дашкевіча нацыянальным героем, цвёрдым і мужным рамантыкам, гатовым на ўсё дзеля Радзімы. Гэта, на думку Някляева, у Зміцера ад бацькі.

Продкі

Успамінае бацька Зміцера Вячаслаў Уладзіміравіч:

-- Я раней лічыў, што Зміцеру, магчыма, перадаліся мае гены, бо я ніколі не мог лізнуць там, дзе трэба было брахаць. Але ў Бібліі неяк прачытаў, што гены бацькі могуць знікаць праз пакаленне, а гены маці -- вечныя…

Родам я з вёскі Кушняры, што ў шасці кіламетрах ад Івацэвічаў. У нашай сям’і было шэсць сыноў, бацькі займаліся сельскай гаспадаркай, прычым тата лічыўся адукаваным і разумным чалавекам, бо скончыў чатыры класы царкоўна-прыхадской школы. Акрамя таго, ён служыў у польскім войску і так выдатна вывучыў польскую мову, што яго па вымаўленні не адрознівалі ад карэннага варшавяніна. Бацькі жылі някепска, мелі пяць гектараў ворнай зямлі і адзін гектар сенажаці, добрыя сад і пчальнік, а таксама самы вялікі дом у Кушнярах.

Што помніцца з дзяцінства? Па расповедах родных, калі ў верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыйшлі саветы, да моста на бальшаку сустракаць Чырвоную Армію сабраліся сяляне з трох навакольных вёсак. Людзі апрануліся ў лепшае, як у царкву. І нейкі чырвонаармеец вылез з танка, паглядзеў навокал і сказаў: “А чего это нас одно кулачьё встречает? А где трудовой люд?” Ён, мабыць, лічыў, што працоўныя сяляне не павінны так хораша выглядаць…

Пасля свайго прыходу саветы адчынілі ўсе турмы, дзе было шмат крымінальнікаў. Адзін з іх яшчэ пры паляках нашу хату абакраў: узяў сувой палатна і яшчэ нешта. І на судзе маці назвала тое, што скраў гэты злодзей. Пасля вызвалення з-за кратаў былы крымінальнік прыйшоў да маці і сказаў: “Гэта шчасце тваё, што ты нічога не прыбавіла, а назвала толькі тое, што я ўзяў. Інакш табе была б труба!”

Вайна, акупацыя, восень… Трымаюся за матчыну спадніцу, бо страшна: наляцелі эсэсаўцы-карнікі і сагналі ў наш двор процьму людзей -- амаль усю вёску, каля якой пачынаўся вялікі суцэльны лес, што ідзе на Гродзеншчыну. Аказваецца, партызаны недалёка спалілі мост на бальшаку, што звязваў Кушняры і іншыя вёскі з Івацэвічамі. На вуліцы холадна, але адзін з карнікаў, паказваючы на наша вялізнае гумно, па-польску кажа: “Зябка? Хутка сагрэецеся ў той стадоле”. Ён меў на ўвазе, што хутка ўсіх спаляць у гумне. І тады стараста -- мой стрыечны дзед, жонка каторага была маёй хроснай маці, -- хуценька запрог каня і пачаў па вёсцы збіраць тое, што людзі давалі: масла, яйкі, малако, смятану -- цэлы воз прывёз, каб адкупіцца ад карнікаў. Людзі крычалі, што яны невінаватыя, бо немцы рабуюць днём, а партызаны -- ноччу. Так яно, дарэчы, і было. Карацей, ледзьве адкупіліся…

Пасля вайны вельмі цанілася жывіца -- смала сасновая, каторую збіралі і прадавалі нават у Англію. Бацька спачатку быў возчыкам жывіцы, а потым -- майстрам участка хімлясгаса. На наш двор бочкі з жывіцай звозілі з бліжніх участкаў, а з дальніх -- у зямлянкі ва ўрочышчах Мацееўка і Пыхава Гара, што каля Воўчых Нор, дзе зараз месціцца калонія. У гэты час на пачатку 1950-х гадоў у нашай хаце, частка якой па дамоўленасці пераходзіла пад праўленне калектыўнай гаспадаркі, арганізоўваўся калгас. Бацька адразу заявіў: “Забірайце жонку, забірайце дзяцей, забірайце ўсю гаспадарку, але я ў калгас не пайду!” Пры гэтым бацька напісаў заяву ў калектыўную гаспадарку ад імя жонкі, і на наступны дзень усе вясковыя жанчыны прынеслі такія ж заявы. Але ніводны мужчына ў калгас не пайшоў. Тату зноў пачалі ўгаворваць, каб напісаў заяву, і паабяцалі, што ён застанецца на сваёй працы, паколькі жывіца -- стратэгічная сыравіна. Урэшце бацька згадзіўся, і на наступны дзень усе мужчыны прынеслі заявы ў калгас, якому надалі імя Андрэя Жданава…

Адносіны паміж бацькамі былі вельмі цёплыя. Бацька быў старэйшы за маці, апякаў яе з дзяцінства і нікому не дазваляў да яе дакранацца, нават на танцах. Такія ж добрыя адносіны былі і да дзяцей. Бацькі былі веруючыя, і мы ніколі не чулі ад іх брыдкаслоўя. Маці казала: “Нікому не жадай дрэннага, інакш раней ці пазней усё гэта вернецца да цябе”. Малітвамі лячыла людзей ад спалоху і ўдару. Як і бабуля, маці была абсалютна непісьменная, і пасля вайны мы з старэйшымі братамі навучылі яе грамаце па праграме лікбезу, і яна пачала чытаць друкаваныя літары і нават распісвацца. Увогуле, маці не ведала свайго таты, бо яна нарадзілася праз паўгода пасля таго, як ён з’ехаў уАмерыку. Калі ж я стаў камсамольцам, дык не ўтойваў гэты факт у сваіх анкетах і прасіў маці, каб знайшла дзеда. Але яна адмовілася: “Я тады не была яму патрэбная, а мне ён цяпер зусім не патрэбны. Я ўжо выгадавалася, вырасла, у самой дзеці…” Бацька не дажыў сем месяцаў да 90 год, а маці пражыла на дзесяць гадоў менш. Абодва пахаваны ў Кушнярах, як і іх бацькі…

Першыя сем класаў я вучыўся па-беларуску, а з восьмага -- у рускамоўнай сярэдняй школе ў Івацэвічах. Найбольш запомнілася смерць Сталіна 5 сакавіка 1953 года. У гэты дзень мяне выклікалі па рускай літаратуры, а я не ведаў і павінен быў атрымаць двойку. Раптам вучылку выклікалі, праз некаторы час яна прыйшла і плача: “Іосіф Вісарыёнавіч памёр!..” А я -- двойку не атрымаў.

У школе мне запомніўся адзін цікавы настаўнік -- выкладчык астраноміі. Яму было 70 год, а ён з намі стометроўку бегаў і, калі ў класе хто чыхне, дык скажа: “Будзьце здаровыя!” А яшчэ ён любіў гаварыць пра тое, што чым цямней ноч, тым ярчэй зоркі. Зоркі ж на небе я вельмі часта любіў разглядаць. І цяпер таксама…

Пачаў працаваць гадоў з шасці. Спачатку паводзіў каня і абганяў бульбу, потым баранаваў, затым сеяў і хадзіў за сошкай. Гадоў у 14--15 ужо ўсё рабіў, у тым ліку касіў і араў. Пасля дзявятага класа лета працаваў на ўборцы каноплі, а пасля школы скончыў курсы шафёраў у Баранавіцкім аўтамотаклубе, але давялося змяніць прафесію, бо з-за няшчаснага выпадку страціў нагу і з 18 год хаджу з пратэзам. У Мінску адвучыўся на кінамеханіка і больш за два гады з перасоўнымі кінапраектарам і электрастанцыяй вандраваў па сельскіх клубах і школах. Потым працаваў у Івацэвічах рознарабочым, мулярам і, урэшце, з чацвёртай (!!!) спробы паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Можа, гэта адбылося б і з першай спробы, але я, як Раман -- герой трылогіі Міколы Стэльмаха “Хлеб і соль”, не з тых людзей, хто выстаўляе сваю бяду напаказ, як жабрак сваё калецтва…

Дарэчы, мая проба пяра адбылася яшчэ падчас вучобы ў школе. У райцэнтры неяк купіў гнілы селядзец, але прадаўшчыца адмовілася яго забраць і нават даць кнігу скаргаў. Тады пайшоў у рэдакцыю раённай газеты “Кастрычнік” і з дапамогай мясцовых журналістаў напісаў невялічкую нататку “Тухлы селядзец і кніга скаргаў”. Калі ж яна была апублікаваная і я ўбачыў у газеце сваё прозвішча, гэта мяне вельмі заінтрыгавала і вырашыла мой далейшы лёс.

Вучыўся заўзята (першыя два гады -- завочна) і працаваў старшым кінамеханікам раённага кінатэатра, а потым перавёўся на стацыянар, дзе вельмі старанна грыз навуку і атрымліваў часцей за ўсё чацвёркі і пяцёркі. Двойчы падчас летніх вакацый у складзе студэнцкага будаўнічага атрада БДУ ездзіў у Чапаеўскі раён Уральскай вобласці, дзе будаваў лазню і краму, за што быў адзначаны медалём “За асваенне цалінных зямель”.

Пра шмат што даводзілася пісаць падчас стажыроўкі ў сваёй раёнцы і “Звяздзе”, якая тады была органам ЦК КПБ, а таксама падчас працы на Магілёўшчыне ў Горацкай раённай газеце “Ленінскі шлях”.

Так, для івацэвіцкай раёнкі я напісаў фельетон, у якім крытыкаваў начальніка мясцовай міліцыі за тое, што даішнікі злавілі п’яным за рулём дырэктара раённага кінатэатра, а назаўтра аддалі яму правы. Усе свае прыгоды, звязаныя з падрыхтоўкай гэтай публікацыі, я выклаў у матэрыяле “Як я пісаў фельетон”, каторы занёс у “Звязду”. Аднак у апошні момант галоўны рэдактар газеты зняў з паласы мой матэрыял за тое, што я асмеліўся крытыкаваць начальніка раённай міліцыі. Пры сустрэчы з рэдактарам я заявіў, што за кожнае слова ў сваім матэрыяле адказваю сваім сумленнем і сваёю галавою, на што пачуў у адказ: “А што мне твая галава, мне свая важней…” І чаму я мог навучыцца ў такіх людзей падчас практыкі?

Хоць у газеце “Ленінскі шлях” я працаваў адказным сакратаром, часта даводзілася і самому пісаць артыкулы. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю нейкая жанчына і запытала, чаму яе ліст доўга не друкуюць. Аказалася, што гэтая жанчына перад вайной выйшла замуж за афіцэра, які потым служыў у Брэсцкай крэпасці і загінуў пры яе абароне. А сама яна з двума малымі дзецьмі пешшу прайшла праз усю акупаваную Беларусь і дайшла аж да Смаленшчыны. Больш за месяц я збіраў матэрыялы пра лёс гэтай сям’і: размаўляў з жанчынай і яе дзецьмі, пісаў лісты ў музей Брэсцкай крэпасці і ваенныя архівы. Вынікам стала публікацыя “Дзеці ішлі на ўсход”, якая была прызнана лепшым артыкулам месяца і адзначана рэдактарам павышаным ганарарам.

 Доўга давялося змагацца за аднаўленне на працы аднаго настаўніка вясковай школы, які быў нашым селькорам і старшынёй цэхавай групы народнага кантролю ў саўгаснай брыгадзе. Аднойчы рабочыя саўгаса заявілі гэтаму настаўніку, што ім няправільна налічылі грошы за пераборку бульбы. Настаўнік звярнуўся да сакратара цэхавай партарганізацыі -- дырэктара школы, які адмахнуўся ад заявы рабочых. І тады настаўнік напісаў у “Ленінскі шлях” невялікую заметку пра пазіцыю сакратара цэхавай партарганізацыі. Пасля гэтай публікацыі на настаўніка пачаліся ганенні, якія скончыліся звальненнем са школы. Разам з карэспандэнтам абласной газеты мы паехалі ў гэтую вёску і прагледзелі ўвесь журнал дырэктара па ўліку працы настаўнікаў, з якога вынікала, што звальненне было помстай за публікацыю. Нягледзячы на новыя артыкулы ў абарону настаўніка ў раёнцы і абласной газеце, а таксама ўсе мажлівыя высілкі па аднаўленні звольненага праз суд, ён застаўся без працы і быў выключаны з партыі. Дзесьці знайшлі архіўныя дакументы, што настаўнік у маладосці хварэў на шызафрэнію, хаця пасля гэтага скончыў тэхнікум і інстытут, а затым 10 год бездакорна працаваў у школе. Па гэтым пытанні мы ўжо вырашылі пісаць у абкам КПБ, як мяне выклікалі на пасяджэнне бюро райкама партыі. І першы сакратар райкама мне кажа: “Дык хто, таварыш Дашкевіч, мае рацыю -- выканкам раённага савета і бюро райкама ці вы?” На што я адказаў, што па гэтым пытанні праўда выключна на маім баку, а не на іхнім. Так яно і адбылося. Пасля нашага ліста ў абкам КПБ настаўніку замест выключэння з партыі толькі паставілі на від, але ж на працы не аднавілі. І ён прадаў сваю хату і з’ехаў з вёскі…

У 1976 годзе я згадзіўся з прапановай парторга газеты папрацаваць на ўборачнай у адной з гаспадарак раёна падчас летняга адпачынку, які ў мяне складаў 36 рабочых дзён, у тым ліку 12 -- за актыўнае донарства. Пайшоў у калгас “Праўда” памочнікам камбайнера да рахманага, працавітага механізатара Якава Галухіна, які проста не ўмеў дрэнна рабіць… Працаваў я з ім тры сезоны -- 1976, 1977 і 1978 гадоў. Прычым у 1978 годзе нас вырашылі “пагнаць” на рэспубліканскі рэкорд -- на “Ніве СК-5” намалаціць тысячу тон збожжа. Тыдзень мы працавалі на поўдні раёна і паціху рухаліся на поўнач. Выгружаліся толькі на хаду, нават на хаду спрабавалі запраўляцца. Працавалі ад золку да цямна, а больш дакладна -- ад расы да расы нароўні з ўсімі механізатарамі. Бо старшыня калгаса разумеў, што нас нельга пасылаць на лепшыя ўчасткі, каб пазбегнуць лішняй гаворкі. Неяк прыязджае да нас старшыня і просіць паспрабаваць падняць раней зжатыя валкі збажыны, якая пачала прарастаць травою на полі каля шашы Горкі--Шклоў--Магілёў, дзе праз дзень павінна ехаць нейкая дэлегацыя. Падняць гэтыя валкі не змаглі тры экіпажы камбайнаў, але мы згадзіліся, замянілі жатку на падборшчык і пашуравалі. А збожжа моцна прарасло, на нейкім участку падборшчык як схопіць валок, дык цягне метраў дзесяць. І тут трэба імгненна зарыентавацца, каб камбайн не забіла і ён не заглух. Не раз так і было. Дык я хадзіў наперадзе і разрываў прарослыя валкі. З-за гэтага недаглядзеў: зляцеў ланцуг саломанабівальніка і зламаўся яго вал. Пакуль камбайнер з шафёрам ездзілі за новым валам, я разабраў зламаны. Але яны ў спешцы ўзялі іншы вал -- для “Коласа”. Прайшло яшчэ колькі гадзін, пакуль прывезлі тое, што трэба. Працавалі мы на гэтым полі ўсю ноч. Пад раніцу я ўжо проста падаў. Добра, што мяне змяніў брат камбайнёра, і мы ўсё-такі даканалі тыя валкі…

Апошнія пяць гектараў аўсу мы зжалі халоднай ветранай ноччу ўжо ў кастрычніку і за сезон намалацілі 1262 тоны збожжа. За гэты рэкорд наш экіпаж атрымаў стос розных грамат, у тым ліку ад ЦК КПБ, Савета міністраў і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Бацькі

-- У гэты час у “Ленінскі шлях” на практыку прыйшла мая будучая жонка і маці Зміцера -- студэнтка журфака БДУ Вольга Шкала, -- працягвае Вячаслаў Уладзіміравіч. -- Я як паглядзеў на яе, як яна на мяне паглядзела -- і ўсё тут было вырашана. Сама яна родам з палескай вёскі Багуцічы. Пасля таго як яе бацька памёр ва ўзросце 37 год, яна з маці жыла спачатку ў Новакузнецку, а потым у вёсцы Расна Горацкага раёна. Каб паступіць на журфак, тады быў патрэбны працоўны стаж. І Вольга два гады працавала рабочай спіртзавода, затым год вучылася на падрыхтоўчым аддзяленні БДУ і, нарэшце, стала студэнткай. 7 красавіка 1979 года мы з Вольгай ажаніліся, і я паехаў на Далёкі Усход.

Пра яго я марыў больш за пяць год -- хацеў на “край свету”, свет пабачыць…

Пісаў лісты галоўным рэдактарам абласных газет у Паўднёва-Сахалінск, Петрапаўлаўск-Камчацкі, Анадыр і Магадан. Але мае лісты накіроўваліся ў рэдакцыі мясцовых раёнак, дзе журналістаў не хапала. Таму я атрымліваў адказы з раёнак Камчаткі, Сахаліна і Чукоткі. Аднак я марыў працаваць у абласной газеце, і не таму, што перарос раёнку, а таму, што хацеў павандраваць па вобласці. Але ж у абласных газетах, відаць, ніхто не хацеў купляць ката ў мяшку. Урэшце я атрымаў запрашэнне на працу ў пасёлак Ягаднае Магаданскай вобласці і падумаў: вечная мерзлата -- і нейкае Ягаднае там?

Спачатку на Далёкі Усход адправіўся сам, Вольга пасля заканчэння першага курса перавялася на завочнае аддзяленне, а потым прыехала да мяне. Працавала прыбіральшчыцай, у бібліятэцы, статыстыкам райкама партыі, загадчыкам аддзела абаронна-масавай і спартыўнай работы райкама камсамола і некаторы час -- журналістам раёнкі. Воленька была чалавекам бязмежна верным, праўдзівым, духоўным і самаахвярным. Яна была закаханая ў мяне. І хто б да яе ні заляцаўся, яна ўсім казала: “Прабачце, у мяне ёсць Слава…” Прычым гэтая вернасць на генетычным узроўні была арганічнай часткай яе асобы. Да гэтай пары маёй настольнай кнігай з’яўляецца Біблія, якую напаўгалодная Вольга прывезла ў 1993 годзе з Адэсы на Далёкі Усход, набыўшы гэтую кнігу за апошнія грошы. Яна заўсёды клапацілася пра нас з сынам, старалася аддаваць нам усё лепшае, часам -- за кошт сябе. Я добра памятаю, як яна мне прывезла з семінара ва Уладзівастоку прыгожы вельветавы касцюм -- вельмі модны на пачатку 1980-х гадоў…

На Калыме я працаваў спачатку загадчыкам эканамічнага аддзела газеты, а потым рэдактарам раёнкі ў Амсукчане. Пісаў пра рознае, у тым ліку пра здабычу золата і будаўніцтва Калымскай ГЭС -- першай у свеце на вечнай мерзлаце. Машынны зал станцыі будавалі ў скале, праз якую былі вырублены вялізныя тунэлі, дзе маглі размінуцца два 40-тонныя БелАЗы. Дарэчы, на гэтых машынах перакрывалі Калыму, у тым ліку і бацька з сынам -- патомныя вадзіцелі. І галава сям’і на маё пытанне пра наш беларускі вялікагрузны самазвал сказаў наступнае: ”Залатая машына! Пры належным доглядзе няма ёй цаны. Зручная ў кіраванні, манеўраная, лёгка бярэ груз, што перавышае нарматыўны”.

Аднойчы атрымліваю “Правду” і бачу ў рубрыцы “Там, дзе ўладарыць капітал” два здымкі: негр прыбірае тратуар каля хмарачосу, а жанчына калупаецца ў нейкай скрыні. У подпісах пад здымкамі гаварылася, што гэтым людзям не хапае пенсіі на жыццё і таму мужчына вымушаны месці вуліцу каля банка, дзе ў яго няма рахунку, а жанчына, каб нечым пажывіцца, калупаецца ў сметніку. Мяне гэта вельмі абурыла, і я адразу напісаў ліст сваім калегам у “Правду” пра тое, што не кожны савецкі дворнік мае банкаўскі рахунак і што ў Савецкім Саюзе таксама можна знайсці чалавека, каторы калупаецца ў сметніку. Ліст я закончыў пытаннем: чаму ж я магу навучыцца ў маіх старэйшых калег? Прыкладна праз месяц я атрымаў афіцыйны адказ з “Правды” пра тое, што мае “бясспрэчна каштоўныя заўвагі будуць улічаны ў далейшай працы”. А пра сябе падумаў, што нейкаму добраму чалавеку трапіў мой ліст, а мог бы і ў псіхушку загрымець за спробу вучыць галоўную газету ЦК КПСС.

На радзіму спачатку вярнуўся адзін, паколькі не ведаў, дзе буду працаваць і жыць. Было гэта напрыканцы 1985 года. А Вольга з сынам заставаліся на Поўначы. Яны прыехалі да мяне толькі летам наступнага года, калі я атрымаў кватэру ў Старых Дарогах.

Сын вучыўся ў школе, праяўляў здольнасці да журналістыкі. Яшчэ ў восьмым класе ён напісаў вельмі цікавую гумарэску пра тое, як галосныя літары спрачаліся з зычнымі, дзе чыё месца павінна быць. Дарэчы, яна была апублікавана ў старадарожскай раёнцы. А пасля рэферэндуму 14 мая 1995 года, калі ў краіне было ўведзена двухмоўе, Зміцер стаў размаўляць выключна па-беларуску.

Спачатку я быў супраць яго актыўнай палітычнай дзейнасці. Пасля Плошчы ў сакавіку 2006 года на Зміцера завялі крымінальную справу, а ў ліпені адпусцілі ў ЗША. Перад гэтай вандроўкай я спецыяльна прыязжаў у Мінск, і мы гутарылі з сынам у скверы насупраць будынка КДБ. Зміцер распавёў пра праграму паездкі, а я яму настойліва раіў не вяртацца назад, бо тут яго абавязкова пасадзяць. І тады ён мне сказаў: “Тата, я свой шлях выбраў самастойна і прайду яго да канца, чаго б мне гэта ні каштавала. І давай гэтую тэму закрыем”. І мы яе закрылі. Вось такі Зміцер: не можа лізнуць там, дзе трэба брахаць.

Судовы працэс па другой крымінальнай справе свайго адзінага сына сэрцайка ягонай маці не вытрымала, і 25 красавіка 2011 года -- на другі дзень праваслаўнага Вялікадня -- Вольга Васільеўна адышла ў лепшы свет на 55-м годзе жыцця. Здаўна лічыцца, што ў такія вялікія святы пакідаюць свет найбольш прыстойныя людзі. Светлая ёй памяць!

З Божай ісцінай

Распавядае нарачоная Дашкевіча, намесніца старшыні “МФ” Наста Палажанка:

-- Я пераканана, што жыццё Зміцера і ён сам вельмі змяніліся пасля таго, як у 2001 годзе хлопец далучыўся да “Маладога фронту”. Спачатку ён хацеў у “зубры” (незарэгістраваны маладзёжны рух “Зубр”. -- М.Г.), бо пра іх хоць нешта чуў, а пра “Малады фронт” -- не. І аднойчы вечарам Дашкевіч папрасіў аднога свайго знаёмага пазнаёміць з “зубрамі”, якія, па ягоных меркаваннях, мусілі збірацца на сядзібе Партыі БНФ. Яна тым вечарам была закрытая, тады Зміцер прыйшоў на наступны, хацеў запісацца ў “Зубр”, але сустрэў Паўла Севярынца, каторы напачатку доволі падазрона ўспрыняў Дашкевіча: Паўла збянтэжыў вельмі нашараваны бліскучы абутак хлопца, што ў той час сярод моладзі лічылася прыкметай “чэкісцкага паходжання”.

На пачатку 2000-х гадоў Дашкевіч працаваў на Чэрвеньскім рынку сталіцы, дзе разам з сябрамі-маладафронтаўцамі стаў паспяхова гандляваць, у асноўным кавай і гарбатай.

І калі на Чэрвеньскім рынку мы збіралі подпісы ў падтрымку Зміцера, зняволенага яшчэ па першай крымінальнай справе, многія гандляры ўспаміналі добрым словам хлопца, які калісьці развозіў у тэрмасах каву і гарбату прадаўцам і пакупнікам, знямелым ад зімняга холаду ці стомленым ад летняй спёкі.

Хаця вучоба Дашкевіча на аддзяленні беларускай філалогіі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта перарывалася шматлікімі пасадкамі, ён вучыўся добра і адказна. Шмат чытаў ва ўсе часы, купляў сур’ёзныя кнігі і ўпарта з імі працаваў. Пра гэта сведчаць шматлікія пазнакі на старонках выданняў і выпісаныя з іх найбольш важныя думкі. У вагоне метро ці ў іншым грамадскім транспарце складана было пабачыць Зміцера без кнігі. Яго цікавіць шмат што, у тым ліку беларуская і руская класіка, паліталогія і філасофія, сацыялогія і педагогіка, а таксама розная літаратура хрысціянскага зместу. Я і сёння з задавальненнем карыстаюся яго бібліятэкай, бо сама вучуся па спецыяльнасці “паліталогія” ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе.

У сталенні асобы Зміцера як унутрана свабоднага чалавека галоўную ролю адыграла вера ў Бога, уцаркаўленне. На лёс Дашкевіча значна паўплываў пастар мінскай царквы “Ян Прадвеснік” Яраслаў Лукасік, якога беларускія ўлады пяць год таму выслалі з краіны. Асаблівае ўражанне зрабілі на Зміцера казані і лекцыі пастара Яраслава пра залаты век Беларусі ў XVI стагоддзі. Дашкевіч прыйшоў да высновы, што краіна зменіцца, стане паспяховай і моцнай тады, калі людзі прымуць евангельскія каштоўнасці ў падмурак свайго жыцця і жыцця краіны.

Зміцер вельмі любіць Беларусь, і покліч “Люблю Беларусь!”для яго не пустыя словы. Гэты чалавек з Божай ісцінай, добрым і мудрым сэрцам, каторы не ідзе на кампрамісы са злом, ён звыкся называць рэчы сваімі імёнамі, ён не баіцца прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, а таксама ісці на канфлікт, калі ўпэўнены ў сваёй праваце. Пры гэтым Дашкевіч здольны прызнаваць свае памылкі. У сваіх учынках ён зыходзіць з моцнага каштоўнаснага падмурка і разумее -- не будзе мець плён тое, што не будуецца на адпаведным грунце. Так, скандальна прагучала заява Зміцера на адным з кангрэсаў дэмакратычных сіл пра тое, што “Малады фронт” ніколі не падтрымае камуністаў, бо не можа быць моцным аб’яднанне на грунце палярных каштоўнасцяў. Ён, як і многія іншыя, упэўнены, што ў краіне не будзе перамен і масавыя палітычныя рэпрэсіі могуць вярнуцца, пакуль прыхільнікі ідэалогіі і практыкі камунізму не пакаюцца за злачынствы супраць беларускага народа, а сам камунізм не будзе асуджаны на нашай зямлі. Зміцер прынцыповы ў гэтым пытанні, і, на маю думку, яго прынцыповасць некаторыя блытаюць з радыкальнасцю. Дашкевіч даволі дыпламатычны палітык, здольны дамаўляцца, але з падмурка каштоўнасцяў ён ніколі не сыходзіў. І гэтая паслядоўнасць Зміцера шмат каму не падабаецца. У тым ліку і ўладам. Яны бачаць, хто з апазіцыйных палітыкаў прыстасоўваецца, хто ў адказны момант трусіць, а хто ідзе да канца згодна са сваім сумленнем і таму ўяўляе сабой небяспеку.

 Грамадства павінна адчуваць сувязь з палітвязнямі і адказнасць за гэтых людзей, турбавацца іх лёсам і разумець, што яны пайшлі на крыж і пакуты не дзеля нейкіх выгод і асабістай кар’еры, а за права кожнага беларуса быць грамадзянінам свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Калі такое разуменне будзе, грамадства знойдзе адпаведныя формы салідарнасці з палітзняволенымі, што прывядуць да іх вызвалення. А гэта можа адбыцца менавіта тады, калі праблема палітвязняў стане балючым мазалём для першай асобы дзяржавы ў выніку моцнай кампаніі салідарнасці як у самой Беларусі, так і за яе межамі. У гэтым плане еўрапейская супольнасць робіць шмат, і тут -- слова за беларусамі. Гаворка ідзе, між іншым, і пра вядомых людзей з імёнамі, якія не баяцца страціць свае пасады і неабыякавыя да трагічнай падзеі, што адбылася ў краіне 19 снежня 2010 года. Менавіта голас гэтых вядомых людзей здольны абудзіць грамадства да адкрытай дыскусіі па праблеме наяўнасці палітвязняў, якая можа быць вырашана толькі кіраўніком дзяржавы.

 І не трэба забываць, што Беларусь эканамічна і палітычна стаіць на месцы, пакуль у ёй ёсць палітвязні. Гэта трэба добра разумець і кіраўніцтву краіны. Бо палітвязні адлюстроўваюць пазіцыю вялікай часткі беларусаў, можа, нават і іх бальшыні. У такой сітуацыі ўлады павінны паважаць меркаванне шматлікіх айчынных іншадумцаў і не імкнуцца насіллем вырашаць праблему палітычнай актыўнасці нязгодных. І памятаць, што насіллем нельга замірыць нацыю.

Зміцер натхняе іншых

Пра сумесную дзейнасць з Дашкевічам у “МФ” успамінае яго сябра, журналіст Барыс Гарэцкі:

-- Я прыйшоў у “Малады фронт” на “Чарнобыльскім Шляху” 26 красавіка 2001 года, а пазнаёміўся з Дашкевічам напрыканцы гэтага года, калі пачалася абарона Курапатаў. Наша знаёмства працягнулася ўзімку 2002 года на адмысловых курсах, якія праводзіў лідар арганізацыі Павел Севярынец. У гэты час нас абодвух -- спачатку мяне, а потым Зміцера -- уключылі ва ўправу “Маладога фронту” ў аддзел масавых вулічных акцый, які пазней узначаліў Дашкевіч. У 2003 годзе Зміцер стаў фактычным кіраўніком Мінскай гарадской арганізацыі “Маладога фронту”, быў на пахаванні Васіля Быкава і нёс труну.

Трэба адзначыць, што Дашкевіч прыйшоў у “Малады фронт” цалкам сфарміраванай і вельмі прынцыповай асобай, значна больш прынцыповай, чым многія маладафронтаўцы. Гэта адбылося таму, што Зміцер жыў у Мінску самастойна, не мог абаперціся на бацькоў і сам стварыў сабе рабочае месца. Вось чаму гэты вельмі начытаны чалавек хутка стаў маладзёжным лідарам.

У 2003 годзе падчас актыўнай кампаніі па пашырэнні арганізацыі сталі звычайнымі штотыднёвыя начныя вылазкі па расклейцы ўлётак з заклікам ісці ў “Малады фронт”. За гэтыя вылазкі, што праводзіліся з нашым удзелам па ініцыятыве Дашкевіча, ён не раз трапляў на суткі. Вельмі любіў па начах вывешваць на гарадскіх дахах бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта была яго каронная акцыя, што звычайна праводзілася разам з Артурам Фінькевічам. Аднойчы ўзімку ноччу ў Мінску Дашкевіч з Севярынцам палезлі на дах дома па вуліцы імя Сурганава. А паколькі дах быў зледзянелы, Зміцер ледзь не зваліўся. Павел быў вельмі ўзрушаны тым, як спраўна, упэўнена і спакойна Дашкевіч зрабіў гэтую небяспечную справу і вывесіў сцяг. Адначасова Зміцер гандляваў на Чэрвеньскім рынку. У 2004 годзе мы з Фінькевічам далучыліся да Дашкевіча і сталі працаваць на рынку разам. Акрамя гандлю займаліся падрыхтоўкай розных акцый, а падчас парламенцкай выбарчай кампаніі сабралі больш за тысячу подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне Дашкевіча кандыдатам у дэпутаты.

У 2005 годзе Зміцер фактычна ўзначаліў “Малады фронт”. Менавіта пры Дашкевічу ён стаў успрымацца грамадствам як моцная арганізацыя вулічных акцый. Звычайна Зміцер сядзеў за кратамі тры разы на вясну, у тым ліку пасля недазволенага шэсця на Дзень Волі (25 сакавіка) і эксцэсаў на “Чарнобыльскім Шляху” (26 красавіка). Памятаю, як мы хаваліся на даху, як збягалі ад міліцыянтаў, як амапаўцы выносілі Дашкевіча нагамі наперад з Купалаўскага сквера. У 2005--2006 гадах працавалі вельмі актыўна і распаўсюджвалі ўсе апазіцыйныя матэрыялы. Дарэчы, за гэта мы былі затрыманы 31 снежня 2006 года і навагоднюю ноч сустрэлі ў міліцэйскім пастарунку. Потым была прэзідэнцкая выбарчая кампанія 2006 года. Паездкі па краіне, сустрэчы з кандыдатамі, супрацьстаянне, Плошча, затрыманні, суды і арышты… Менавіта ў 2006 годзе ў “Малады фронт” прыйшло шмат моладзі. Пасля Плошчы на мяне, Сержука Лісічонка, Алега Корбана і Дашкевіча завялі крымінальную справу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ува ўсіх адбыліся ператрусы. Мы хадзілі пад падпіскай аб нявыездзе. Улетку 2006 года пасля вяртання з Амерыкі Дашкевіча затрымалі і пасадзілі ў СІЗА. Стала зразумела, што Зміцера будуць ”закрываць”. Потым над Дашкевічам адбыўся суд, на які прыйшла неймаверная колькасць людзей. Шмат каго я бачыў упершыню. Пасля суда Зміцер быў закратаваны і выйшаў на волю толькі зімою 2008 года.

Перыяд з 2003-га па 2006 год, калі Дашкевіч быў арганізатарам дзёрзкіх вулічных акцый, стаў выдатным, залатым для “Маладога фронту”. Тады не было прэвентыўных затрыманняў і крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Тады для дэмакратаў былі больш спрыяльныя магчымасці, і ўсе ўсё ведалі, нягледзячы на адсутнасць шырокага доступу ў інтэрнэт для распаўсюджвання інфармацыі.

Да гэтай пары Зміцер застаўся рамантыкам і не ператварыўся ў прагматычнага палітыка. У іншым выпадку Дашкевіч зараз не сядзеў бы за кратамі, а ўдзельнічаў у розных акцыях. На жаль, будучыня Беларусі не за Зміцерам, а за палітыкамі-прагматыкамі. Так адбываецца ва ўсіх краінах. Але няма жыцця без герояў. Так, пісьменнікі арыентуюцца на Янку Купалу і Якуба Коласа, мастакі -- на Язэпа Драздовіча, а палітыкі -- на Уінстана Чэрчыля. У кожнай супольнасці і нацыі мусіць быць свой герой. І вельмі добра, што ў беларусаў ёсць свой маральны ўзор -- Зміцер Дашкевіч, які не скарыўся і ніякім чынам не разглядае мажлівасці кан’юнктурнага выхаду з-за кратаў. Зміцер гатовы ісці сваім, вельмі цярністым шляхам. Вось чаму такія людзі, як Дашкевіч, натхняюць іншых.

Марат Гаравы, «Народная воля»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]