Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Імперская карона для саўгаса «Гарадзец»

06.08.2009 политика
Імперская карона для саўгаса «Гарадзец»

Аптымізм узнікае знянацку. Асабліва ў нашай краіне. Дробязь якая-небудзь на ўзроўні ўлады, нікчымны палітычны фокус – і ўсе ўжо радуюцца нібы дзеці.

Ды гэта ж яшчэ адна праява ўмацавання нашай незалежнасці. Доказ таго, што паціху вяртаемся ў цывілізаваную Еўропу. Вызваляемся з цесных абдымкаў Расіі. Аднак ці не заўчасна пачынаем святкаваць?

Сапраўды, якая адметная падзея! Правіцель паехаў у Кыргызстан. І шмат каму здавалася, што прыціснуты крызісам моцна да сцяны, у спадзяванні хоць на нейкую пазыку, ён падпіша ўсё, што Масква загадае. А тут такая радасць раптам – вярнуўся датэрмінова і нічога там не падпісаў. Проста так на саміт той паехаў. Сынка малога пакатаць. А падпісваць хітрыя маскоўскія паперы нават і не думаў. І старшынства ў АДКБ і блізка не прыняў. Навіна ўсхвалявала наш бамонд. Які палітык! Зноў вакол пальца абвёў свайго ўсходняга суседа.

Але сціплае свята нашай непаслухмянасці, як заўсёды, сапсавалі журналісты. Ёсць у той Маскве газета, якая пазначае сябе літарай “Ъ”. А насамрэч мае назву “Коммерсант”. Не бедная газета. І крыніцы інфармацыі ў яе свае. Нават у Крамлі. Надзейныя крыніцы. І дасведчаныя. А таму газета падала дакладныя звесткі пра тое, чым павінна расплаціцца Беларусь з Расіяй за той кіргізскі бешбармак. Цытата даслоўная і без перакладу: “В ближайшее время Белоруссия вернется к полноценной работе в ОДКБ. Все будет подписано на ближайшем мероприятии в рамках “семерки”. І яшчэ варты ўвагі радок: “Дмитрий Медведев с пользой для ОДКБ пообщался с президентом Белоруссии”.Пра тое інфарматар мог бы і не паведамляць. І дзіцяці ўсё тут зразумела.

Галоўны санітарны ўрач Анішчанка, які даўно ўжо стаў ці не самай уплывовай асобай ў інтэграцыйных дачыненнях, паведаміў нечакана, што “малочная вайна” неўзабаве скончыцца. І крамольны наш тавар зноў вернецца на расійскі рынак. Няўжо задарма гэткі падарунак?

Сапраўдная незалежнасць дасягаецца не істэрачнымі крыкамі і бязглуздымі заявамі ў хвіліны роспачы. А цяжкай і няспыннай працай на карысць краіны. Глыбокімі рэформамі ў эканоміцы, мэта якіх – істотная перабудова савецкага цэха зборкі нікому не патрэбнага ламачча. Няспынным пошукам найноўшых тэхналогій і перспектыўных рынкаў збыту. Поўным вызваленнем прыватнай ініцыятывы. І безумоўна ж – адраджэннем нацыянальнай свядомасці грамадзян, іх роднай мовы і культуры. Ні на адным з гэтых напрамкаў рэжым пакуль заўважаны не быў.

Аднак апошнім часам сфармавалася нават у дэмакратычным асяроддзі проста фантастычная версія трываласці нашай незалежнасці. Нібыта яе гарантам з’яўляецца правіцель. А ўсе ягоныя выбрыкі – гэта тактыка своеасаблівая. Можа, стратэгія нават. Лоўкае балансаванне паміж Захадам і Ўсходам. Нібы ў цыркача на дроце. Яно напэўна так. Вось толькі сілу гравітацыі ніяк не падманеш. Тым болей, гравітацыі імперскай. І рана ці позна давядзецца моцна ляснуцца. А потым і не ўстаць.

І незалежнасць нашу кіроўнае чынавенства за апошнія пятнаццаць год нічым не ўмацавала. І нават мэты ў яго гэткай не было. Проста тады, у дзевяноста чацвертым, кіраўніцтва саўгаса “Гарадзец” памяняла адрас. Пераехала ў Мінск, на вуліцу Карла Маркса, 38. Адпаведна саўгасныя параметры пашырыліся да межаў краіны. А саўгасная саўковасць засталася некранутай. Дзе тут месца нейкай незалежнасці? Дзяржаву не ствараюць, знішчаючы нацыянальную сімволіку, гісторыю, мову і культуру. Так ствараюць “Гарадзец”. Вялікі і бязладны. Які можна далучаць да каго заўгодна.

І калі новаспечаны правіцель, прапіваючы дзяржаву, па рускаму звычаю бразнуў чарку на крамлёўскі паркет, ён быў упэўнены, што выконвае гістарычную місію - вяртае ўсё “на круги своя”. І ўжо мроілася тое высокае крэсла, у якім збіраўся ён уладкавацца. Але партнёрам па дамове гэткая цана падалася занадта высокай. І перад ім проста зачынілі дзверы. Крыўда за тую абразу не згасла і цяпер. І вырываецца часам нечакана. Выклікае дробныя непаразуменні. А ўвогуле – усё тое ж. Саўгасная рыторыка. Беларусы – гэта рускія. І наша мэта – агульная дзяржава.

А нейкія там гульні на заходнім напрамку – дык гэта ад страху. На ўсялякі выпадак. Пасля мінулагодняй жнівеньскай вайны за Каўказ. Калі Расія ўсяму свету паказала, як збіраецца будаваць стасункі з народамі былых саюзных рэспублік.

Пра тое, якія насамрэч у тутэйшага кіраўніцтва прыярытэты, яскрава сведчаць дзве нядаўнія падзеі. Спадарыні Сухайры Белхасэн адмоўлена ў візе ў Беларусь. Бо яна – прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. І сапраўды, навошта ёй у краіну гэту ехаць? Ды абмяркоўваць тэму нейкіх там правоў чалавека. Есць жа агульнапрынятыя этычныя нормы – у доме павешанага не гавораць пра вяроўку.

А вось спадарыня Марыя Уладзіміраўна Раманава атрымала не толькі візу, але і асабістае запрашэнне ад кіраўніцтва Гомельскай вобласці. Не, яна да федэрацыі правоў чалавека дачынення не мае. Яна сёння – на чале Дома Раманавых. Тых самых, што падчас вайны 1654-1667 гадоў спалілі амаль усе гарады Беларусі і знішчылі палову яе насельніцтва. А потым далучылі краіну да Расіі, забаранілі навучанне і кнігадрукаванне на роднай мове і зацята вынішчалі кожнага, хто змагаўся супраць акупантаў. Нічога добрага для нашага краю яны не зрабілі. Але ж запрасілі. Нібы не ведалі нічога. І ніякіх кніжак ніколі не чыталі. І ўвогуле, навошта ім спатрэбіліся раптам нашчадкі той дынастыі?

Наўрад ці тое запрашэнне – ініцыятыва гомельскіх уладаў. Хіба гэткую самастойнасць мог сабе дазволіць абласны начальнік? Калі ў краіне, па словах усё той жа вялікай княгіні, “серьезный шеф, который командует: шагом марш!”

Дык чаго вартая прывідная тая незалежнасць, калі тут такі неадольны каланіяльны сіндром. І ці так ужо вінаватыя небаракі журналісты, якія, па словах дыктатара, не зразумелі ягонага жарту пра тое, што ўладу тут некалі возьме малодшанькі. Нішто сабе жарцікі. А раптам аўгусцейшая Марыя Уладзіміраўна агаломшыць аднойчы учорашніх падданых прызнаннем, што знайшла тут пляменніка, які згубіўся калісьці у неабсяжнай саўгасна-імперскай прасторы.

Так вось і жывем. Нібыта незалежнасць. Нібыта свая дзяржава. Нават еўрапейская. А насамрэч нічога сапраўднага няма. І доўжыцца бясконца гэты фарс. І заблытаны беларускі дэтэктыў да канца яшчэ не дачытаны.

І ніхто не ведае, што там у фінале.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]