Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ці пакіне КДБ без працы начальніка краіны?

04.09.2009 политика
Ці пакіне КДБ без працы начальніка краіны?

Чаго толькі не здараецца сёння ў Беларусі. Здавалася б, абсалютна вертыкальная краіна. І навіны тут сыходзіць павінны з самай вышыні.

Бо падпарадкаванне на ўсіх узроўнях жорсткае. І самадзейнасць высокім кіраўніцтвам не вітаецца. Тым болей, што яно, тое кіраўніцтва, сапраўды зараз на пярэднім краі - змагаецца за ўсенародны хлеб. І ў вольныя хвіліны дазваляе сабе часам выказванні наконт стратэгіі і тактыкі дзеючай улады. А таму ніхто іншы весткі з гарачых тых палёў пераўзысці не зможа. Ажно не, знайшліся зухі. Перахапілі ініцыятыву.

Сапраўдныя ньюсмейкеры гэтага тыдня – палкоўнікі. Не тыя што па трапнаму выразу грэкаў калісьці былі названы чорнымі. Зусім іншыя палкоўнікі. Хутчэй нават шэрыя. Гэбісцкія. Менавіта яны задумалі і здзейснілі чарговую аперацыю на сваім нябачным фронце. На тым яго напрамку, дзе вядзецца зацятае змаганне з беларускай мовай.

У шэрым ведамстве, дзе палкоўнікі самааддана служаць, шмат незразумелага. І нават невытлумачальнага. Шэрага па сутнасці. Хто ж не памятае тут, як падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў яны лавілі пацука. Таго, які з дапамогай апазіцыі збіраўся пралезці ў вадаправод і атруціць пітво электарата. Начальнік камітэта своечасова папярэдзіў тады дзяржаву пра страшэнную пагрозу. Змова была выкрыта адразу. Аднак у той аперацыі было штосьці не так. Ва ўсякім разе, начальнік сваю пасаду страціў.

А тут відаць усё прадумалі дакладна. Высокі чын завітаў у замежную фірму, якая прадавала сельгастэхніку. Не, ён не збіраўся там лавіць шпіёнаў. Проста правёў прафілактычную размову з кім трэба. І ў выніку перакладчыца Кася Галіцкая страціла працу. Яна была актывісткай “Маладой Беларусі”. Размаўляла па-беларуску. Удзельнічала ў акцыях. Усё тут зразумела.

Здавалася б, выпадак. Прыватны, недарэчны. Залішняя пільнасць нейкіх службоўцаў. Магчыма, так. Але ў тым жа Мінску, у той жа час адбылося гэткае ж здарэнне. У звычайную школу завітаў палкоўнік. Ён жа – чалавек у цывільным. І яшчэ адна жанчына страціла працу. Настаўніца астраноміі Таццяна Уланава. Трыццаць два гады педагагічны стаж. Непрыемнасці пачаліся ў яе крыху раней. Яшчэ ў той школе, дзе акрамя астраноміі яна выкладала яшчэ і фізіку. Усё было цудоўна. Але і там аднойчы наведаў яе таварыш у цывільным. Ды пацікавіўся, а чаму яна, выкладчыца далёкіх ад лінгвістыкі навук, раптам задумала правесці ў школе тыдзень беларускай мовы.

Толькі недасведчаным і бязмежна наіўным падаецца, што ў ініцыятыве гэтай нічога страшнага няма. А дзе дазвол на мерапрыемства? Настаўніца добра ведае, у якой жыве краіне. Тут – парадак. Усё строга акрэслена і рэгламентавана. І ў кожнага грамадзяніна, як у таго рубля, свой калідор. Крый божа саступіць хоць крыху ў той ці іншы бок. І калі настаўніца раптам пачне даводзіць вучням, што ў тутэйшым небе ўзыходзіць не “луна”, а “месяц”, дзяржаўная бяспека апынецца пад пагрозай. І тады з’явяцца палкоўнікі.

Аднак вось што дзіўна. Менавіта на гэтым тыдні адбылася падзея, якая зусім не ўпісваецца ў вышэйзгаданую завядзёнку. Вандруючы па гаспадарках Палесся, кіраўнік дзяржавы з нагоды новага навучальнага года ў Цераблічах на Століншчыне адкрыў асабіста яслі-садок-школу. Такі вось шматпрофільны комплекс. Ды не абы які – беларускамоўны!

Узнікае невырашальная калізія. КДБ ідзе рашуча супраць найгалоўнейшага вертыкальшчыка краіны. Нейкае шэрае ведамства псуе жыццё беларускамоўным грамадзянам, а кіраўнік дзяржавы апякуецца беларускай школай нават у палескай глыбінцы. Мімаволі паўстае пытанне: у гэткай сутычцы хто каго апярэдзіць? Вялікі начальнік суцішыць ведамства, якое пайшло насуперак ягонай волі, ці шэрая кантора пазбавіць яго працы за раптоўнае адхіленне ад вызначанай лініі?

Аднак супярэчнасць тая знікне імгненна, калі ўзгадаць пра стан беларускамоўнай адукацыі ў межах краіны. Усе намаганні скіраваныя ў адным напрамку. Поўнае суладдзе. Ліквідацыя непажаданай мовы вядзецца паслядоўна і няспынна. І не толькі ў школах. Ужо нават супрацоўнікі кадравых агенцтваў пры складанні анкет добразычліва раяць сваім кліентам пра беларускасць сціпла прамаўчаць. Каб пазбегнуць праблем з працаўладкаваннем. Зразумела, што клапатлівыя бацькі ўмовы дзяржаўнай той гульні засвоілі адразу. І ўсімі сіламі і сродкамі бароняць сваіх дзетак ад лінгвістычнай нелаяльнасці.

У Цераблічы можна будзе потым прывозіць нават замежныя дэлегацыі. Каб увесь свет мог пераканацца, як тут клапоціцца ўлада пра росквіт роднай мовы. А пра тое, што па ўсёй краіне на мове той навучаюцца толькі васемнаццаць адсоткаў школьнікаў, там гаварыць ніхто не будзе. Як і наконт таго, што ў Брэсце ды Магілёве ўжо няма ніводнай беларускай школы. Затое ў глыбіні Палесся цяпер ёсць яслі-садок-школа. На роднай мове. Чаго ж нам яшчэ трэба?

А калі дзе-небудзь знойдуцца наіўныя рупліўцы, якія наважацца пашырыць межы моўнай рэзервацыі, да іх зноў прыйдуць шэрыя палкоўнікі. Справамі дзяржаўнай стратэгіі тут лейтэнанты не займаюцца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]