Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларуска пра спробу разгону Майдана: Гэта было пекла!

18.03.2014 общество
Беларуска пра спробу разгону Майдана: Гэта было пекла!

23-гадовая гамяльчанка Марыя Квіцінская гатавала кактэйлі Молатава для ўкраінскіх пратэстоўцаў у той час, як цэнтр Кіева расстрэльвалі снайперы.

Выпускніца кафедры паліталогіі БДУ Марыя Квіцінская прыехала ў Кіеў у жніўні мінулага года пасля бясплённых спробаў знайсці працу па спецыяльнасці ў Беларусі. Тады дзяўчына і падумаць не магла, што праз некалькі месяцаў будзе ўдзельнічаць у новай украінскай рэвалюцыі. Пра тое, чым яна займалася на Майдане, як ратавалася ад снайперскіх куляў і навошта рызыкавала жыццём дзеля перамен у чужой краіне, «Новы час» пагутарыў з Марыяй.

— Марыя, што канкрэтна вы рабілі на Майдане?

— Калі Майдан яшчэ быў мірны, мы проста стаялі ды слухалі выступоўцаў на сцэне, раздавалі ўлёткі. Ужо пасля збіцця студэнтаў на Грушаўскага, і потым з 18 лютага, калі пачаліся расстрэлы, адной прысутнасці на Майдане стала мала. Спачатку мы з сяброўкай стаялі ў ланцугу — перадавалі разабраную брукоўку, потым цягалі дровы на перадавую. Лазілі па сметніцах ды падваротнях — шукалі пустыя бутэлькі для кактэйляў Молатава. Гэта рабілі шмат жанчын і дзяўчат, ніхто не думаў пра тое, што там нешта бруднае ці негігіенічнае. Калі сітуацыя абвастрылася да крайнасці, хлопцы паклікалі нас, сказалі, што трэба разліваць кактэйлі па бутэльках. Наступныя два дні да спынення сілавога супрацьстаяння мы ўвесь час разлівалі кактэйлі.

Майдан — гэта фенаменальны прыклад самаарганізацыі, не было нейкіх адзіных лідараў, якія б усё каардынавалі. Украінцы — гэта вышэйшая форму розуму, як я люблю жартаваць. Яны, як мурашы, старанна будуюць барыкады, разбіраюць брукоўку, перакатваюць шыны. Часта са сцэны можна было пачуць: «Патрэбна тое і тое, самаарганізуйцеся, калі ласка». І ўсё, без нейкіх падрабязных інструкцый. Украінцы проста збіраліся пад сцэнай і хуценька рабілі тое, што патрабавалася. Вядомы «Аўтамайдан» — таксама чысты прыклад самаарганізацыі, яго з нуля стварылі звычайныя людзі, якія дагэтуль не мелі дачынення да нейкіх палітычных ці грамадскіх арганізацый.

— Што адбывалася ў самыя гарачыя дні супрацьстаяння — 18–20 лютага?

— 18 лютага, прачытаўшы навіны пра абвастрэнне сітуацыі на Майдане, я адпрасілася з працы. Пад’ехала на Інстытуцкую, пабачыла, як людзі перадаюць разабраную брукоўку, далучылася. Але раптам усе запанікавалі і кінуліся бегчы, у натоўпе мяне заціснула так, што я пачала задыхацца. Нават пры моцных атаках майданаўцы звычайна не збягаюць, не паварочваюцца спінамі да сілавікоў — «Беркут» мусіць бачыць вочы пратэстоўцаў, разумець, што людзі яго не баяцца. Але тут мітынгоўцы пабеглі за барыкады ратавацца, бо па іх пачалі страляць. Майдан паступова заціскалі з усіх бакоў. Станцыі метро спынілі працу, цэнтр горада заблакавалі. Са сцэны раз за разам пачалі паўтараць, каб дзеці і жанчыны з’язджалі з Майдана. Людзей было мала… Па шчырасці, у мяне таксама праслізнула думка з’ехаць дахаты альбо паехаць дзяжурыць пад лякарню, адкуль сілавікі выкрадалі параненых майданаўцаў. У той момант падумала, што баюся не столькі смерці, колькі таго, што гэтага не перажыве маці. Дарэчы, яна дагэтуль не ведае, што я была ў дні расстрэлаў на Майдане — сказала ёй, што дзяжурыла ў медпункце ў Міхайлаўскім саборы.

Калі пад’ехалі мае сябры, таксама беларусы, і сказалі, што будуць на Майдане да канца, я вырашыла застацца з імі. Далей было не проста жахліва, а пачалося сапраўднае пекла: «Беркут» набліжаўся, загінулых было ўсё больш. Майдан палаў агнём, у полымі гарэлі ўкраінскія сцягі, выбухалі гранаты. Памятаю, як вядучы Яўген Нішчук са сцэны ў адчаі крычаў беркутаўцам: «Зупыніцеся, вы паліце сцягі, пад якімі давалі прысягу. Вы забіваеце сваіх братоў, будзьце вы праклятыя!»

Потым сілавікі падпалілі будынак прафсаюзаў, дзе знаходзіўся штаб і медпункт. Мы стаялі і глядзелі, як з чацвертага паверха будынка па палаючых сценах лезуць два хлопца. Гэта немагчыма перадаць словамі! Майдан адціснулі амаль да сцэны. Паўсюль трупы, параненыя, людзі з адарванымі гранатамі рукамі… На сцэне ўвесь час маліліся святары. Раптам адзін з іх пачаў выкрыкваць пракляцці ў бок сілавікоў. З’явілася адчуванне, што ідзе не проста барацьба пратэстоўцаў і сілавікоў, а дабро змагаецца са злом. У іх былі вадамёты, БТР, агнястрэльная зброя, гранаты, а ў нас — толькі кавалкі брукоўкі, кактэйлі Молатава ды шчыты, якія абсалютна не ратавалі ад куль. Пад раніцу, калі пратэстоўцаў засталося ўсяго каля 5 тысяч, стала зразумела, што сітуацыя безнадзейная. З боку Міхайлаўскай прыбеглі людзі, пачалі крычаць, што ў тыл — за сцэну — ідзе ўзброены «Беркут». Я чакала страшнага канца, пачала каяцца ва ўсіх грахах, хацела тэлефанаваць маці развітвацца... Але «Беркут» не прыйшоў. Ужо пазней нам распавялі, што з Міхайлаўскага сабора, дзе ўсю ноч ішлі бесперапынныя малітвы, выбеглі святары і спынілі «беркутаўцаў». Гэта быў проста Божы цуд! Бо дагэтуль «Беркут» мала зважаў на святароў, у іх стралялі ды збівалі.

Наступныя два дні памятаю кепска, напэўна, з-за моцнага стрэсу. Прыгадваю толькі, што ўвесь час рабіла кактэйлі, але дзе, з кім, як прыязджала на Майдан, як ад’язджала — гэтыя ўсе акалічнасці з памяці зніклі. Наступны яркі ўспамін — вечар, калі да сцэны пачалі насіць труны загінулых. Спачатку кожныя 30 хвілін, а потым кожныя 10–15 хвілін…

— Вы разумелі, што ў любы момант можаце загінуць?

— Я асэнсоўвала гэта некалькі разоў падчас найбольш жорсткіх сутычак. Мяркую, былі людзі, якія шлі і думалі: «Авось, пракаціць». Але большасць, мне падаецца, разумела рызыку. Хлопцы, хто ўвесь час знаходзіўся на перадавой, былі апранутыя ў бронекамізэлькі, у нас з сяброўкай не было нават касак. Усё адно гэтая амуніцыя слаба дапамагала: па-першае, снайперы стралялі ў шыі і ў твар, па-другое, іх зброя прабівала нават шчыты і бронекамізэлькі.

— Ці паехалі б вы на Украіну, калі б ведалі, што праз некалькі месяцаў распачнецца рэвалюцыя?

— Так. Хоць Майдан стаў адным з найбольш моцных эмацыйных уражанняў у маім жыцці, і я дагэтуль псіхалагічна не аправілася, я пабачыла там праявы найлепшых чалавечых якасцяў — неверагоднага гераізму, самаахвярнасці, любові да сваёй Радзімы, адказнасці за будучыню свайго народу. Думаю, што не памылюся, калі скажу, што тыя, хто прайшоў праз Майдан, змяніліся назаўсёды. Змены гэтыя вельмі фундаментальныя і светлыя. Таму, нягледзячы на ўвесь перажыты жах, я вельмі рада, што Госпад прывёў мяне ў Кіеў, і я мела магчымасць перажыць гэтыя тры месяцы разам з цудоўнымі людзьмі.

— Як рэагавалі ўкраінцы, калі даведваліся, што вы з Беларусі?

— Вельмі кранальна. Часта пачыналі абдымаць, дзякаваць са слязамі на вачах, запытваць, ці не патрэбна дапамога з начлегам, грашыма. Аднойчы нейкі мужчына падзякаваў і прапанаваў грошы. Мы, зразумела, адмовіліся, але ён укінуў іх нам у сумку і збег. Там было 400 грыўняў (каля 420 тысяч беларускіх рублёў). Мы зрабілі на гэтыя грошы расцяжку «Беларусь з Вамі». Літаральна нядаўна на шкло машыны маёй сяброўкі, прыпаркаванай каля Майдана, прыляпілі цыдулку з надпісам «Спасибо, друзья! Мы победим. С нами Бог».

— Ці лёгка адпускалі на Майдан з працы? Як успрынялі ўдзел у Майдане сябры ды сваякі?

— Мае калегі па працы, у тым ліку кіраўніцтва, падтрымліваюць пратэсты. Нягледзячы на загружанасць, мне давалі выходныя за свой кошт, каб я магла заставацца на Майдане. Сваякі таксама ацанілі добра, хаця мама, канешне, вельмі моцна хвалявалася. Што тычыцца сяброў… Некаторыя падтрымалі, некаторыя паверылі ў байкі пра міфічных бандэраўцаў, заходніх агентаў — гэта вельмі непрыемна. Большасць жа і не падтрымала, і не асудзіла, а проста не зразумела, навошта траціць уласны час, рызыкаваць здароўем за нейкія каштоўнасці ў чужой краіне. Усе мае тлумачэнні пра неабыякавасць, апеляванні да маральных катэгорый апынуліся марнымі.

— Што цяпер адбываецца на Майдане, калі цэнтр асноўных падзей перамясціўся ў Крым?

— Цяпер на Майдане напружанасці няма, многія вярнуліся на працу, у родныя гарады, нехта паехаў у Крым. Майдан зараз з’яўляецца больш сімвалічным месцам з моцнай энергетыкай, куды людзі прыходзяць духоўна падмацавацца. Дарэчы, Кіеў стаў вельмі рэлігійным горадам — і на Майдане, і на вуліцы, і наўпрост у крамах я заўважала людзей, якія чытаюць Біблію. З вуснаў у вусны перадаецца гісторыя, як пры разборы згарэлых падчас атакі «Беркута» намётаў у адным з іх знайшлі некранутую агнём Біблію — усе рэчы ў намёце знішчаныя, вокладка кнігі крыху абгарэла, а само Пісанне абсалютна цэлае!

Мы з кіеўскімі сябрамі часта абмяркоўваем палітычную сітуацыю — усім зразумела, што Майдан павінен стаяць да канца прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Калі расійскія акупанты сыдуць з украінскай зямлі, асноўная вось супрацьстаяння зноў перамесціцца са знешнепалітычнай ва ўнутрыпалітычную вобласць. Палітыкі, якія тры месяцы выступалі са сцэны Майдана і зараз прыйшлі да ўлады, насамрэч вельмі далёкія ад выканання яго патрабаванняў. Ужо відавочна, што яны не зацікаўленыя ў поўнай змене сістэмы, а хочуць атрымаць тое ж, што было ў Януковіча, толькі з троху меншымі паўнамоцтвамі ды менш пры гэтым красці, каб было не так заўважна. Майдан жа патрабуе поўнай перазагрузкі дзяржаўнай сістэмы.

— Ці магчыма нешта падобнае ў Беларусі?

— Як хрысціянка я, канешне, заўсёды пакідаю прастор для Божага цуду. Але як палітолаг я пераканана, што Майдан менавіта ўкраінскага фармату ў Беларусі немагчымы. Па-першае, Украіна і Беларусь маюць абсалютна розныя сацыяльна-палітычныя ўмовы. Па-другое, украінцы ад пачатку выйшлі на Майдан не з-за павышэння коштаў на каўбасу, а за каштоўнасці. Для сярэднестатыстычнага беларуса, на жаль, такія каштоўнасці, як свабода, годнасць (ва Украіне Майдан празвалі Рэвалюцыяй Годнасці) з’яўляюцца нечым абстрактным. Украінцы былі гатовыя ісці на смерць за Бацькаўшчыну. Не магу сабе ўявіць, каб беларусы, прыкрываючыся аднымі драўлянымі шчытамі, ішлі пад аўтаматныя чэргі. І стаяць тры месяцы, як стаяў Майдан, ніхто тут не дасць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]