Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гісторыя Камоцкіх, расказаная імі самімі

19.03.2014 культура
Гісторыя Камоцкіх, расказаная імі самімі

Кася Камоцкая і Алесь Камоцкі ў беларускай музыцы ўжо тры дзясяткі гадоў.

І яна, і ён часта даюць сольныя канцэрты, маюць багатую дыскаграфію і нямала сваіх прыхільнікаў. Праўда таямніцы прыватнага жыцьця асабліва не распавядаюць, таму некаторыя часам гадаюць — дык Камоцкія гэта брат і сястра? Ці проста маюць адно і тое ж прозьвішча? Ці можа муж і жонка? А калі так, дык чаму іх рэдка пабачыш разам і чаму яны не даюць сумесных выступаў, хоць працуюць у адной і той жа музычнай плыні. А калі разьвяліся — зноў жа — чаму прозьвішча адно і тое ж. Праўду ведаюць толькі набліжаныя сябры Камоцкіх. А праўда ў тым, што яны сапраўды жылі разам як муж і жонка, але воляю лёсу разышліся. Упершыню Алесь і Кася пагадзіліся распавесьці на публіку сваю гісторыю.

На пачатку 80-х паміж студэнтамі БДУ Кацей і Сашам завязалася знаёмства, якое вельмі хутка перарасло ў нешта больш вялікае. Ён толькі што адслужыў у войску і паступіў на аддзяленьне філязофіі гістарычнага факультэту, а яна вучылася на гістфаку. Канкрэтнага дня знаёмства цяпер ані Кася, ані Алесь прыгадаць ня могуць.

На фота: Алесь Камоцкі пасьля службы ў войску, тут яму 21 год

«Мы неяк паралельна тусаваліся — у абшчазе, да некага дадому прыходзілі, на лесьвіцах ва ўнівэры. Я сьпяваў, і яна сьпявала, так і сышліся. Думалі разам сьпяваць, але не пайшло нешта. Але знаёмства завязалася. Ад моманту знаёмства да вясельля мусіць і год не прайшоў. Дзякуючы Каці — яна шустрая, а я цяльпо, мядляк», — згадвае Алесь Камоцкі.

Шлюбам яны пабраліся 30 красавіка 1982 году ў ЗАГСе, што на Камуністычнай. Алесь тады меў 24 гады, а Касі яшчэ не было і 19-ці. Той дзень выдатна запомніўся абодвум. Шмат у чым дзякуючы прапанове Камоцкага.

«Вясельля як такога ў нас можна сказаць і не было. Мы расьпісаліся ды практычна адразу паехалі ў аэрапорт. Абралі загадзя для вандроўкі Піцер ды ўсіх пра гэта папярэдзілі. Ня ведаю, можа трэба было Вільню, але паляцелі ў Ленінград. Тады гэта быў такі горад рок-н-ролу, дзе быў найлепшы на ўвесь Саюз рок-клюб. Мы патусаваліся ля „Сайгону“, пакаталіся на рачным трамвайчыку, тыдзень прабадзяліся там. А госьці гулялі на нашым вясельлі бяз нас, ніхто пакрыўджаны ня быў, родныя паставіліся з разуменьнем. Адзначалі на кватэры ў мяне, на Чарвякова. Сьвята ўдалося, нават унітаз пабілі», — згадвае Кася Камоцкая.

На фота: вясельле Камоцкіх, 30 красавіка 1982

Камоцкія пасяляліся ў доме па вуліцы Янкі Купалы, які насупраць цырку: там на першым паверсе рэстарацыя «Узбекістон», а іх кватэра была на самым апошнім. Дасталася яна ад Касінай бабулі, супрацоўніцы дзяржаўнага радыё. Дом быў заўжды поўны гасьцей. Гаварылі між сабой ужо тады па-беларуску.

«У 19 гадоў мець сваю хату, дзе можна было прымаць гасьцей — гэта было сапраўднае шчасьце! Да нас завітвалі Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Максім Жбанкоў, Ігар Бабкоў, Сяргей Навумчык, усіх не пералічыць. Весела было! Плённы і творчы час, тады ўсё было на ўздыме, ня тое, што цяпер», — кажа Кася.

«Беларускую мову мы любілі і шанавалі ўжо калі сустрэліся. Першыя вершы ў войску я стаў пісаць яшчэ. Песьні па-беларуску складаў ужо на першых курсах унівэру, а пацаны гаварылі: «На хера табе гэта, ты нармальна пой». А мне хацелася. Школа мову не прывівала, бацька толькі. Пасьля тыя людзі на пачатку 90-х сталі самі размаўляць па-беларуску, езьдзіць па Амэрыках усякіх, а потым адыйшла гэтая хваля — і ўсё. А я працягваю рабіць тое, што хачу», — апавядае Алесь.

На фота: Кася Камоцкая, пачатак 80-х

Спробы наладзіць сямейны дуэт скончыліся нічым. Алесь і Кася гралі паасобку. Камоцкі свой першы альбом запісаў у 1986 годзе, ён зваўся «Першы сшытак», ён таксама граў на саксафоне ў гурце Zartipo. А Кася свой першы запіс зрабіла пазьней — разам з гітарыстам Лявонам Шырыным, якога, дарэчы, параіў Алесь, яна запісала на радыё дэбютны альбом гурта «Новае неба» — «Дзеці чорнага гораду» ў 1991-м. Абедзьве працы лічацца клясыкай беларускай нацыянальнай песьні.

«Разам з Камоцкім граць было немагчыма, не прымаў ён шмат чаго. Гэта ён цяпер спакойны, а тады цяжка было зь ім. Калі спрабавалі нешта рабіць разам, казаў, што я фальшыва сьпяваю, карацей ня выйшла. Я да Алесевых песень надзвычай добра стаўлюся. Яго першы магнітальбом 1986 году пераслухоўваю і сёньня. Ён быў запісаны на бытавы магнітафон, запіс проста жахлівай якасьці, але там гучаць выдатныя песьні на Караткевіча, Жылку, Багдановіча. Хочацца, каб ён быў перазапісаны і перавыданы, бо шкада тых песень», — апавядае Кася.

Падобна на тое, Алесь зь цягам часу сваё меркаваньне пра Касю як сьпявачку зьмяніў. Сёньня ён кажа так: «Мне падабаецца, калі наогул нехта нешта робіць, а тым больш так. Улюбёных песень у Касі не назаву, бо ў мяне ў прынцыпе няма ўлюбёных песень. Уся музыка для мяне — адна вялікая песьня. Усё, што рабіла Кася, уключна з «Новым Небам», выглядала някепска. Асабліва ўжывую».

На фота: Алесь Камоцкі з дачкой Касяй, 1990 год

У 1986 годзе ў Камоцкіх нарадзілася дачка, якую назвалі Касей. Кася-старэйшая неяк згадвала ў адным з інтэрвію, што імя выбіралі вельмі доўга, зь месяц, але так і не паразумеліся канчаткова з мужам. Тады ўжо сыйшліся на кампрамісным варыянце, бо ўжо трэба было тэрмінова вызначацца.

Шлюб Камоцкіх трываў да ліпеня 1991 году. Пасля было вырашана разыйсьціся.

Кася згадвае: «Мы зразумелі, што розныя людзі. Канечне, не адразу гэта адбылося: падумалі, усталі ды пайшлі. Гэта быў доўгі працэс. Пасьля разыходу давялося жыць пэўны час жыць у адной кватэры. Былі нэрвы спачатку, складана быць адразу ў прыязных адносінах. Але цяпер гэта падаецца дробязным».

На фота: Кася Камоцкая, другая палова 80-х

Алесь кажа, што зусім не шкадуе ні пра што, а на пытаньне ці быў ён шчасьлівы ў гэтым шлюбе адказвае: «Усялякае было, вялікі кавалак наогул клясны быў. Галоўнае кроў адно аднаму ня піць. Калі не складаецца, дык лепей ня быць разам. Былі ў нас нейкія цёркі, трошкі раздражняла сытуацыя, злавала, але потым адносіны сталі нармальнымі, бяз крыўдаў. Можна іх назваць сяброўскімі. Калі трэба — я пабягу, буду дапамагаць ёй. Калі мне трэба будзе, думаю, яны прыбягуць».

«Яны» — гэта Кася і яе другі муж — рэжысэр-дакумэнталіст Віктар Корзун, зь якім рок-князёўна пабралася шлюбам у 2000 годзе. Тады яна і адкрыла для сябе, што з Камоцкім яна… не разьведзена. Зрэшты, і прозьвішча першага мужа Камоцкая (у дзявоцтве Чалей) так і не зьмяніла.

«Апынулася, што афіцыйна я працягвала лічыцца ў шлюбе з Алесем, бо ня мела на руках пасьведчаньне аб скасаваньні шлюбу. Яго ж трэба было атрымліваць асабіста. Алесь можа яго і атрымаў, а я дык не паклапацілася тады. А прозьвішча захавала сьвядома. На гэта было дзьве прычыны: па-першае, яно ўжо стала на той час пэўным брэндам. А па-другое, не хацелася пераафармляць усе паперы і дакумэнты на дзявочае прозьвішча. Мяне гэта не мучыла. Не ведаю як Алеся».

На фота: Камоцкія на гадавіну вясельля, 2002, другое фота — Віктар Корзун і Кася Камоцкая (фота svaboda.org)

Алесь аджартоўваецца на гэты конт: «Кася мне будзе вінна за такое прозвішча». Цяпер яны сапраўды сябруюць. Кася нават кажа, што Алесь больш сябруе ня зь ёй, а зь яе мужам Віктарам, яны вельмі часта стэлефаноўваюцца. Абое Камоцкіх ясна разумеюць, што яны людзі родныя. У іх агульнае мінулае, дачка, а цяпер яшчэ і ўнук Саўка.

22 сакавіка будзе гістарычная падзея. Алесь і Кася выступяць упершыню ў сумесным канцэрце. Нешта падобнае яны ўжо хацелі зрабіць раней — думалі такім чынам адзначыць гадавіну вясельля, потым юбілей Камоцкага, але ніяк не выпадала. Дуэту ня будзе, затое Кася выканае некалькі песень Алеся. Адна зь іх завецца «Як сканаю — душа застанецца», ён напісаны на музыку Камоцкага і на верш Караткевіча. У выкананьні Алеся ён увайшоў у альбом «Першы сшытак» (1986), а ў выкананні Касі прагучаў у фільме Віктара Корзуна, які так і завецца «Як сканаю — душа застанецца» (2011). Аўдыёзапіс публікуецца ўпершыню.

***

22 сакавіка. Палац культуры ім. Шарко (вул.Уральская, 3).

Рок-князёўна Кася Камоцкая і легенда аўтарскай песні Алесь Камоцкі ўпершыню ў

сумесным вясновым канцэрце.

Пачатак - 19:00. Квіткі ад 60 000 да 120 000. Кропкі продажу квіткоў: пераход Я.Коласа, каса к/з Мінск, каса ДК МТЗ і інш.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]