Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Полацкі сшытак - 14 красавіка ў Менску

12.04.2014 культура
Полацкі сшытак - 14 красавіка ў Менску

У Палацы вэтэранаў прэзэнтацыя “Полацкага сшытку” - артэфакту беларускай музычнай культуры.

Канцэрт памяці Арыны Вележ (Вячоркі).

Шмат часу мінула з 1960-х, калі вядомы беларускі навуковец Адам Мальдзіс адшукаў у сховах Ягелёнскай бібліятэкі ў Кракаве (зь вернутых немцамі рабункаў ІІ-й сусьветнай вайны) унікальны збор нотных запісаў сярэднявечча (ён быў замест кардону ўклеены ў адзін з Полацкіх кніжных фаліянтаў), а дагэтуль не згасаюць публікацыі ў навуковай і папулярнай прэсе пра яго.

Музычныя кампазыцыі гэтага збору выдаваліся на вінылавых кружэлках, кампакт-касэтах, CD ў Польшчы, Нямеччыне, Вугоршчыне, Украіне, Расеі, а ў 2012 годзе выйшаў канцэптуальны беларускі альбом, дзе сабраныя найлепшыя інтэрпрэтацыі гэтых твораў за ўсю гісторыю іх вяртаньня дамоў. 14 красавіка а 19-ай гадзіне ў менскім Палацы культуры вэтэранаў (Я.Купалы, 21) адбудзецца чарговая маштабная прэзэнтацыя гэтага праекту.

Праект нагадвае аналягічны сучасны збор твораў беларускага сярэднявечча «Легенды Вялікага Княства», але істотнае адрозьненьне акурат у гістарычнасьці самой калекцыі, якая даказвае, што ў даўнія часы беларусы мелі разьвітую ня толькі царкоўную музыку, але й сьвецкую, лірычную, танцавальную. Часам дасьледчыкі называюць «Полацкі сшытак» ажно зборам беларускіх рок-н-ролаў Сярэднявечча.

На сёлетняй прэзэнтацыі альбому «Полацкі сшытак» выступяць найлепшыя ўдзельнікі праекту, які стаў апошнім творчым здабыткам прадусара гістарычнай музыкі Арыны Вележ (Вячоркі). Ейнай памяці і прысьвечана гэтая прэзэнтацыя, бо 14 красавіка – дзень яе нараджэньня.

Удзельнічаюць ня толькі каралі сучаснай мэдыяваль-плыні («Стары Ольса», «Brevis», «Contredance», «Testamentum Terrae»), але й першыя з тых, хто дакрануўся да нашага гістарычнага шэдэўру яшчэ ў савецкі час («Кантабіле»). Натуральна, прагучаць ня толькі творы з кружэлкі «Полацкі сшытак», але й шэраг аналягічных музычных знаходак.

Даведкі праз тэлефоне (029) 649 08 88. Квіткі ад 70 000 да 130 000.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]