Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь паміж Усходам і крызісам

02.10.2009 политика
Беларусь паміж Усходам і крызісам

Эвалюцыя тутэйшага рэжыма амаль непрадказальная. Выбухі эмоцый нематываваныя.

Яшчэ зусім нядаўна ўлада баялася ўсяго, што нагадвала пра суверэнітэт і незалежнасць. Нацыянальная сымболіка выклікала прыступы шаленства. “Жыве Беларусь!” – два словы, якія даводзілі паслугачоў усіх рангаў амаль да азвярэння. Здавалася, на тым яны і сканцэнтруюцца да скону дзён.

І раптам - нешта новае. Сухая статыстыка, звычайныя лічбы таксама пачалі правакаваць шматлікія ахоўныя структуры на недарэчныя ўчынкі. Калі і надалей так пойдзе, то ў хуткім часе нявінная табліца множання будзе таксама крамолай. Лічба – вораг. Яна цяпер у нашай квітнеючай краіне страшнейшая за НАТА.

Калі гэта не так, то чым тады патлумачыць усё тое, што адбылося тут у апошні вераснёўскі дзень? Некалькі актывістаў выйшлі на вуліцы і пачалі раздаваць друкаваныя тэксты. Нічога незвычайнага. Адны распаўсюджвалі антыкрызісную праграму сваёй партыі, а іншыя – зарэгістраваную газету. Але ў тых тэкстах сустракаліся і лічбы. А яны сведчылі пра тое, як выглядае крызіс насамрэч. Выказваліся і прапановы наконт таго, дзе шукаць нам выйсце. На вуліцах і плошчах, а тым болей каля выхадаў з метро заўсёды хто-небулзь нешта раздае. Рэкламу нейкага канцэрта. Паведамленне пра зніклага сабачку. Або запрашэнне на працу. І нікога тое не хвалюе. Але гэтым разам да народа маглі дайсці іншыя паперкі. А ў іх – лічбы. Непажаданыя. Дакладней, падрыўныя. А таму ў зону небяспекі імгненна скіраваліся вартавыя рэжымнага парадку.

Здавалася б, што за небяспека ў нейкай інфармацыі пра крызіс. Даўно ўсім ужо афіцыйна патлумачылі, што ён да нас падкінуты. А ў краіне ўсё так цудоўна, што і яму тут спадабалася. Ён адчуў сябе камфортна і пакуль сыходзіць не збіраецца. Самы бесперспектыўны занятак для апазіцыі – распаўсюд адпаведнай інфармацыі. Каго тут нейкімі лічбамі здзівіш? Няўжо яшчэ хтосьці не ведае, колькі дзён на тыдзень працуе ягоны завод? Ці можа, для некага таямніца, якімі зімою будуць кошты на камунальныя паслугі? Дык самі ж камунальнікі і разнясуць паведамленні тыя па кватэрах.

А ў такім разе, чаму зноў абрынулася міліцыя на апазіцыянераў, якія раздавалі свае тэксты? Сапраўды, ніякай логікі няма. А ёсць усё тая ж інерцыя дзікунства, з якой улада не знаходзіць выйсця.

Непадалёку ад прахадной трактарнага завода схапілі Сяргея Калякіна. Жахлівае злачынства – раздаваў сваю афіцыйна зарэгістраваную газету. Адмысловым прыёмам схапіўшы за шыю, на Камароўкцы затрымалі Анатоля Лябедзьку. Той, хто камандаваў дзецюкамі ў чорным, не ведаў, што затрымліваюць не тэрарыста, а лідэра палітычнай партыі? А ў такім разе, навошта было так навязліва дэманстраваць на публіцы вар’яцкія звычаі ўлады?

Ды што там гаварыць пра ўніфармістаў у чорным. Узровень іх свядомасці дасягнуў той рысы, да якой не кожны бандзюк дазволіў бы сабе наблізіцца. І ўжо нават звычайнае чынавенства засвойвае амапаўскія звычаі. У горадзе Рагачове неверагодны здарыўся выпадак. Як паведаміў потым журналістам адзін з тамтэйшых актывістаў, ён таксама ў апошні дзень верасня выйшаў на вуліцу. І раздаваў друкаваны тэкст, у якім выказвалася думка пра тое, што старым, інвалідам ды школьнікам варта было б вярнуць іх сціплыя льготы. А міма на сваім персанальным аўто праязджала мясцовая вертыкальшчыца. Убачыўшы злоснага парушальніка ідэалагічнай цнатлівасці Рагачова, яна выклікала міліцыю. А пакуль тая імчалася на месца злачынства, прадстаўніца строгай улады уласнымі рукамі вырашыла затрымаць апазіцыянера. На дапамогу паспяшаліся іншыя кабеты – таксама гарачыя прыхільніцы правадыра. Аперацыя прайшла паспяхова. Парушальніка міліцыі здалі цёпленькім.

А ўвогуле, і ў сціплым вышэйзгаданым подзьвігу нічога новага няма. Рэжым паціху ўпаўзае ў заключную стадыю ўсіх дыктатур – у поўны маразм. А ў гэтай адмысловай стадыі ў кожнай недарэчнай улады непазбежна з’яўляецца самы ненавісны вораг – рэальнае жыццё. Яго не запалохаеш дубінкай. І нават забароны і пагрозы не дапамогуць знізіць паказчыкі катастрофы, якая набліжаецца з кожным бяздарна змарнаваным днём.

Пакуль ёсць грошы ў казне, кожнаму дыктатару здаецца, што ён самы мудры і дасведчаны. Зусім яшчэ нядаўна дзе толькі не гучалі хваласпевы на адрас таленавітага палітыка з нізоў, які так хітра балансуе паміж Усходам і Захадам, што ягоная краіна багацее і квітнее на зайздрасць усяму свету. Але ўламіўся раптам крызіс. І цынічна ўзгадаў сапраўдныя лічбы нашых поспехаў. І высветлілася раптам, што дзяржаўны доўг складае ўжо больш за семнаццаць мільярдаў даляраў. Вось і скончылася сентыментальная казачка пра геніяльнага эканаміста.

Але ён усё яшчэ спадзяецца на рэванш. Толькі што правёў самыя маштабныя манеўры. Дазволіў саюзніку палохаць заходніх суседзяў грукатам расійскага жалеза. І сам дапамагаў, чым мог. А ўжо на наступны дзень тым жа суседзям даводзіў, што будзе самым надзейным ахоўнікам усходняй мяжы Еўразвязу. Сусед усходні аддзячыў шчодра за паслугу – сынку падарыў бліскучы пісталецік. Сусед заходні пакуль вытрымлівае паўзу. А непажаданыя лічбы подла падпілоўваюць кіруючае крэсла.

І як змагацца з гэткаю крамолай? Спецназ супраць лічбы не пашлеш. І якая-небудзь з іх, нахабных, рана ці позна зробіць тое, што дазволіў сабе некалі андерсенаўскі хлопчык. Паведаміць усім, як насамрэч выглядае іх кароль.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]