Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларусам раяць абнавіць карткі перад паездкай за мяжу

26.06.2015 общество
Беларусам раяць абнавіць карткі перад паездкай за мяжу

Беларусы за мяжой могуць сутыкнуцца з адмовай у прыйманні картак з магнітнай стужкай, высокай камісіяй пры зняцці гатоўкі і курсавой розніцай.

Спіс асноўных сюрпрызаў і спосабаў іх унікнуць склаў для турыстаў сярод сэзону адпачынкаў Альфа-Банк (Беларусь).

Беларускім турыстам, якія адпраўляюцца на еўрапейскія курорты, раяць выкарыстоўваць карткі з чыпам. У краінах Еўразвязу сфэра безгатоўкавых аплат развіваецца шпаркімі крокамі, і ў шмат якіх установах, такіх як крамы, рэстарацыі ці клубы, карткі з магнітнай стужкай ужо не прымаюць. У выніку беларусы з састарэлымі карткамі рызыкуюць патрапіць у няёмкую сітуацыю, калі прадавец або кельнер папросіць іх расплаціцца гатоўкай або паказаць пашпарт.

У некаторых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі безгатоўкавыя разлікі, наадварот, карыстаюцца меншай папулярнасцю. Калі ў вялікіх гарадах або на вядомых курортах праблем з аплатай карткай узнікнуць не павінна, то за іх межамі высокія тэхналогіі могуць не даць рады - тэрміналамі забяспечаныя далёка не ўсе гандлёвыя аб'екты. «Скажам, калі беларус наважыць парыбаліць у В'етнаме або адправіцца ў глыб Індыі, то лепш за ўсё яму ўзяць з сабой гатоўку», - адзначылі ў Альфа-Банку.

Яшчэ адное вострае пытанне - сума камісіі за зняцце гатоўкі. Пры зняцці грошай за мяжой камісію спаганяюць як уладальнік банкамата, так і эмітэнт карткі. І калі памер узнагароды беларускага банка, зазвычай, знаходзіцца ў межах 2%, то ў замежнага - можа перасягаць 10%.

Калі падчас падарожжа картка апынулася ў чужых руках, трэба неадкладна заблакаваць рахунак. Зрабіць гэта можна як з дапамогай тэлефанавання ў інфацэнтр, так і з дапамогай інтэрнэту. Пры гэтым большасць банкаў устанаўляюць ліміты на зняцце гатоўкі з карткі. «Не варта спяшацца іх касаваць, бо яны служаць гарантыяй таго, што ў выпадку страты карткі з яе не спішуць вялікія грашовыя сумы», - звярнулі ўвагу ў Альфа-Банку.

Экспэрты таксама раяць пералічваць грошы на картку часткамі. «Амаль у кожным гатэлі свету ёсць выхад у інтэрнэт, таму заўсёды можна перакінуць грошы з асноўнага рахунка на карт-рахунак. Ніхто не застрахаваны ад непрыемнасцяў падчас падарожжа, таму засцерагчыся не будзе лішнім», - мяркуюць у банку.

Каб адсочваць свае выдаткі ў рэжыме рэальнага часу, яшчэ перад выправай варта прылучыць электронныя сэрвісы - мабільны ды інтэрнэт-банкінг. Такія сэрвісы альбо каштуюць нядорага, альбо даюцца бясплатна, як, напрыклад, у Альфа-Банку. Асобнай увагі заслугоўвае функцыя SMS-абвесткі, якая даволі папулярная сярод падарожнікаў.

За мяжой можна выкарыстоўваць як валютную, так і рублёвую картку. Але першы варыянт з'яўляецца больш выгадным. У еўразоне лепш расплачвацца карткай у еўрах, за яе межамі - «пластыкам» з доларавым рахункам. «Вядома, перад выправай варта вывучыць магчымыя канверсійныя страты ў той ці іншай краіне, але ў цэлым гэтае ўніверсальнае правіла працуе ў розных рэгіёнах свету», - растлумачылі ў банку.

Аперацыі з карткамі, эмітаванымі ў беларускіх рублях, зазвычай праходзяць два этапы канверсіі. Так, пры аплаце тавараў або паслуг у Егіпце альбо Турцыі сума спачатку пералічваецца ў даляры паводле курсу аплатнай сістэмы (напрыклад, Visa або MasterCard), а потым пералічваецца банкам у беларускія рублі паводле курсу продажу.

Прычым пры разліках карткай за мяжой сума блакуецца на рахунку і спісваецца толькі праз 3-7 дзён. Адпаведна, яе сума можа не супасці з чаканнямі ўладальніка рахунку. «У выніку турыст можа панесці істотныя курсавыя страты, таму за мяжой лепей выкарыстоўваць не рублёвыя, а валютныя карткі», - падкрэслілі ў Альфа-Банку.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]