Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Міліцыя ў глыбокай абароне

20.02.2010 политика
Міліцыя ў глыбокай абароне

Яшчэ ў стагоддзі мінулым вядомы расійскі рэжысэр зняў кінастужку “Шырлі–мырлі”. У тым даўнім фільме быў цікавы персанаж у выкананні Алега Табакова.

Стары хуліган і бузацёр - нехта Сухадрышчаў. Неўтаймаваны змагар за справядлівасць. Нават седзячы ў міліцыі, ён рашуча заступаўся за сваіх зняважаных крыўдзіцеляў: “Людзі!.. Нашых мянтоў б’юць!”

Хто б мог падумаць, што праз столькі год рэха таго воклічу адгукнецца далёка ад Масквы. У ціхай Беларусі б’юць усё тых жа. Фактычна ні за што. Адкрыта і прылюдна. І ніхто за іх, пакутнікаў, нават не заступіцца. Няма спагады ў народзе. Сухадрышчаў – персанаж яўна не тутэйшы.

Бяда прыйшла знянацку. Шаснаццатага лютага міліцыянт-службовец узяў тое, што ў адмыслоўцаў завецца “мацюгальнікам”, і падаўся на Кастрычніцкую плошчу. Падзяліцца з народам асабістай радасцю. З тае нагоды, што высокае начальства забараніла нарэшце піва піць на вуліцы. А да гэтага часу міліцыя не магла п’янтосам перашкодзіць. Баялася нават выпадкова парушыць правы чалавека.

Вяшчун у форме не паспеў яшчэ падзяліцца з мінакамі сваёю навіной, а на плошчы пачалося ўжо штосьці нечаканае. Хлопцы і дзяўчаты разгарнуліся раптам ў ланцужок ды пачалі дэманстраваць нейкія партрэты. Набеглі журналісты, пачалі здымаць. І нібы з-пад зямлі з’явілася адразу процьма невядомых людзей. Апранутых амаль што непрыстойна. У ідыёцкіх куртачках і ў спартова-жлобскіх трэніках. Пачалі яны скакаць перад журналістамі, закрываючы аб’ектывы тэлекамер і фотаапаратаў.

Самотны той службовец і рады быў бы ўмяшацца ў гэты вэрхал, пагнаць у каршэнь тых невядомых, што заміналі журналістам выконваць іх прафесійны абавязак. Нездарма ж на ягонай уніформе вялікімі літарамі пазначана: “Міліцыя”. Аднак тых, у спартовых трэніках, было многа. А ён такі адзін. Да таго ж з грувасткім мацюгальнікам у руках. Дык што ён мог?

І трэба ж было здарыцца, што менавіта ў той час на плошчы выпадкова апынуўся яшчэ адзін міліцыянт. Апрануты ў цывільнае. Без табельнай зброі. І нават без гумовага дручка. Ішоў сабе на спацэр. А тут на яго наляцела раптам нейкая дзяўчына з фотаапаратам ды пачала валтузіць. Ні за што. Выратавала бедалагу толькі раптоўная атака амапаўскага падраздзялення, якое таксама выпадкова ў той момант апынулася на плошчы. Ваяўнічую грамадзянку прывезлі ў пастарунак. Прыхапілі заадно і яшчэ каля двух дзесяткаў чалавек. На ўсякі выпадак. Не чапалі толькі тых, хто ўчыніў дзікунскі вэрхал перад журналістамі. Яны ж на плошчы піва не пілі. А ў такім разе, навошта іх беспадстаўна крыўдзіць?

У пастарунку высветлілася, што пацярпелы міліцыянт не абы які. Прапаршчык. На гэткіх менавіта трымаецца стабільнасць. А ваяўнічая ўладальніца фотакамеры таксама не абы хто. Журналістка. Да таго ж вядомая. Ну як у гэткай краіне міліцыі жыць?

Тут трывожна і небяспечна. На кожным кроку нечаканасці. Вось жа з’явіліся апошнім часам і гэтыя зухі, што збіваюцца ў натоўп і мітусяцца перад журналістамі. Нават найгалоўнейшы міліцэйскі начальнік іх называе абачліва і асцярожна: “неопознанные личности”. І нельга з ім не пагадзіцца. Жудасная набрыдзь. Ці не з самога пекла. Ёсць ужо нават фотаздымкі – пачварныя морды. Не ў кожнай калоніі гэткія знойдуцца. Зразумела, што да высакароднай міліцыі яны дачынення не маюць. Вось нейкае чмо з вялікім сінім носам на пытанне журналіста, чаго яно тут скача, пороста ў аб’ектыў тэлекамеры кідае злосна: “Я в демократической стране – что хочу, то и делаю!” Ніякі міліцыянт пра сваю краіну гэткага глупства ніколі не скажа. А ягонае начальства нават у няспыннай барацьбе з “карцінкай” не дазволіць такі пошлы маскарад. Інакш імгненна сатрэцца грань маміж міліцыянтам і звычайным бандзюком.

Дзіўныя падзеі часам адбываюцца ў нашай фантасмагарычнай рэчаіснасці. Злосная фотакарэспандэнтка здзейсніла напад на міліцыянта-прапаршчыка. Фактычна пахіснула асновы вертыкальнай улады. Адказнасць за гэткі учынак непазбежная. І раптам яе спакойна адпускаюць з пастарунку. Ды яшчэ вяртаюць увесь рыштунак, на які ўжо складзены афіцыйныя паперы. Гэта можна патлумачыць хіба тым, што здарэннем на Кастрычніцкай зацікавіліся за межамі краіны. Кажуць, нават Шаалінь збіраўся ўжо даслаць у наш пільны пастарунак дэлегацыю, каб высветліць усе падрабязнасці неверагоднага інцыдэнта. Гэта ж не жарты – трымаючы ў руках фотакамеру, журналістка здолела адлупцаваць здаровага мужыка. Як такое магло здарыцца, нават тэарэтыкі кунфу зразумець не могуць.

А тут яшчэ і выбары не за гарамі. Таму міліцыя разгарнула татальную зачыстку ўсёй падкантрольнай тэрыторыі. Наступ распачалі на самым небяспечным напрамку. Не, не супраць тых “неопознанных личностей”, што шалеюць перад журналістамі. А супраць саміх журналістаў. Узялі на плошчы вядомую фотакарэспандэнтку – біла міліцыянта. Уламіліся ў “Народную волю” – там журналістка ўвогуле паквапілася на самае святое. Пачала цікавіцца паляўнічымі дасягненнямі міліцэйскага начальства. І гэта толькі кветачкі перадвыбарчага абвастрэння..

Неспакой у Беларусі ўвогуле сыходзіць ад жанчын. Мужчыны тут рахманыя і залішне сарамлівыя. Толькі вочкамі лыпаюць, калі іх дзяўчат мардатыя ублюдкі б’юць галовамі аб асфальт або цягаюць па зямлі за валасы. Таму найвялікшую небяспеку міліцэйскае начальства вызначыла адразу і беспамылкова. Гэта яны, жанчыны. Журналісткі. А потым – усё астатняе.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]