Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ад «Песняроў» да Вольскага: 7 найлепшых альбомаў на вершы беларускіх паэтаў

05.06.2016 культура

Паводле колькасці асвоенай спадчыны айчынных паэтаў Зміцер Вайцюшкевіч – безумоўны лідар.

«Белсат» прыгадаў найлепшыя музычныя альбомы на тэксты беларускіх класікаў.

Зміцер Вайцюшкевіч – «Варанок», «Цацачная крама», «Паравоз кахання», «MW», «Месяц і сонца», «Танга з ружай»

Паводле колькасці асвоенай спадчыны айчынных паэтаў, Вайцюшкевіч – безумоўны лідар. Ці не кожная плытка барда – песні на вершы Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Леаніда Дранько-Майсюка, польскага паэта Рафала Ваячка, чэшскага музыкі і паэта Яраміра Ногавіцы або перакладзеная на беларускую японская паэзія.

Лявон Вольскі – «Белая яблыня грому»

«Вольскі вырашыў скласці кампанію Змітру Вайцюшкевічу ў справе прывучэння слухача да добрай беларускай паэзіі», – пісалі пра альбом 2010 году музычныя эксперты – і крытыкавалі Лявона за падабенства некаторых песняў да творчасці «NRM».

Альбом можна паставіць як на музычную паліцу, гэтак і на кніжную – побач з тамамі класікі. Падбор аўтараў разнастайны: 12 песняў напісаныя на вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Францішка Багушэвіча, Рыгора Барадуліна, Ларысы Геніюш, Яна Чачота – карацей, уся школьная праграма.

Партрэты паэтаў на вокладцы намаляваў сам Вольскі, кароткія біяграфіі напісаў Глеб Лабадзенка. Сапраўдны альтэрнатыўны падручнік па беларускай літаратуры.

«Ilo&friends» – «Кола»

Беларускамоўны гурт з Беластоку ў 2012-м выдаў «Сланечнікі» на словы Анатоля Сыса, Уладзіміра Някляева ды некалькіх польскіх паэтаў. Сёлета каманда Ілоны Карпюк (былой арганізатаркі «Басовішча») сабрала пад адною вокладкаю 10 кампазіцыяў на вершы Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса і Алеся Разанава. Тэкст адзінай польскамоўнай песні на дыску напісаў сам гурт.

Таццяна Беланогая – «Матылёк»

Свежы альбом бардэсы, якая і раней любіла творча выкарыстаць вершы беларускіх паэтак, цалкам складаецца з песняў на тэксты Яўгеніі Янішчыц. Спявачка кажа, што вершы вельмі блізкія ёй самой. Прэтэндуючы на саліднасць, альбом, акрамя 28 песняў, уключае фота з архіва паэткі, аўдыязапісы 66 вершаў у аўтарскім выкананні з калекцыі Белтэлерадыёкампаніі.

«Жыць для Беларусі. Мелодыка паэзіі Ларысы Геніюш» (серыя «Беларускі музычны архіў»)

Шмат хто з музыкаў звяртаўся да моцнай паэзіі беларускі. «Песняры» ўключылі ў альбом «Жывем» дзевяць песняў на словы Ларысы Антонаўны, а бард Алесь Лось выпусціў альбом «Спяваная паэзія Ларысы Геніюш». Складанка «Жыць для Беларусі» цікавая перш за ўсё рознастылёвасцю, у якой працуе кожны з выканаўцаў. Цяжкае гучанне гурта «ZIGZAG» (верш «Кастрычнік») суседнічае з камернасцю спеву Вальжыны Цярэшчанкі. Дыск дапоўнены аўдыёзапісамі, на якіх Ларыса Геніюш чытае свае вершы.

«Песні на вершы Уладзіміра Някляева»

Дыск выйшаў у разгар прэзідэнцкай кампаніі 2010 года – яго цяжка адасобіць ад выбарчага піяру паэта-палітыка. І разам з тым гіты, што ўвайшлі ў плытку, не дазваляюць абмінуць яе ўвагай. Песні на вершы Някляева ансамблі «Верасы», «Сябры», Анжаліка Агурбаш праспявалі яшчэ гадоў дваццаць таму, але старэйшае пакаленне, без сумневу, іх памятае і сёння. У складанцы ёсць песні, што прагучалі ў 2010-м ды сталі сімваламі тых бурлівых палітычных падзей: «Сцяг» Змітра Вайцюшкевіча, «Гавары праўду» Лявона Вольскага і гурта «Скрозь пальцы». На вокладцы – някляеўскія словы: «Каб па праўдзе жыць, трэба праўду казаць».

«Песняры» – «Гусляр»

«Песняры» даволі часта звярталіся да вершаў паэтаў. Хто не ведае песні «Алеся» на верш Аркадзя Куляшова, «Слуцкія ткачыхі» на верш Максіма Багдановіча, «Спадчына» на тэкст Янкі Купалы? «Песняры» адолелі і буйную паэтычную форму: музыку да рок-оперы «Гусляр» паводле аднайменнай паэмы класіка напісаў кампазітар Ігар Лучанок. Праз два гады альбому споўніцца 40 гадоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]