Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Люблю і разумею

15.07.2016 общество
Люблю і разумею

Нам трэба патрыётаў не мове вучыць, а мовай вучыць карыстацца.

— А што, вы ўсігда па-беларускі разгаварываеце? – чую я ў слухаўцы зьдзіўленае пытаньне.

— Канешне, як жа яшчэ размаўляць?

— Ну я нізнаю, я сама руская.

— Нічога, тут такіх рускіх як вы паўкраіны: у кагосьці дзед на Магадане «служыў», у кагосьці цётка стрыечнай бабулі з-пад Смаленску.

Першы раўнд з сэрыі #тваямаянепанімаць быў завершаны жартам, што давала надзею паразуменьня з кліентам.

— Вы ў гэтай нішы паліцы хочаце ці шафу, – задаю я першае ўдакладняючае пытаньне, прыехаўшы на замер.

— Ой, гаварыце са мной па-рускі, я нічыво ні панімаю.

Пры такой пастаноўцы пытаньня я, у залежнасьці ад абстаноўкі, ці пераходжу ў наступ, ці пераходжу на трасянку і неяк падцягваю інтэрнацыянальную лексіку, каб цягам наступных некалькіх сказаў вярнуцца на нармальную мову. Заўсёды хочацца скарыстацца першым варыянтам – самым кароткім, ды толькі часьцей за ўсё даводзіцца карыстацца другім – самым надзейным.

— Ну… што вы хацелі зрабіць тут… проста дошкі паставіць адкрытыя ці шафу?

Моўная плынь пераадольвае перашкоды, бяжыць, цячэ – гаворка працягваецца і праз хвіль пару ўсе ўжо быццам бы спакойна разумеюць мову. І наступны ступар узьнікае толькі з-за складанасьці ў выбары колераў, якіх на палітрах некалькі соцень. Гаспадыня кліча дачку – маладжавую кабету гадоў 35.

— Ну а какой цвет вы посоветуете выбрать? – запытвае тая.

— Як я магу вам нешта раіць, вы ж ведаеце прымаўку пра густ і колер, – усьміхаюся я.

— А вы по-беларускі разговаріваете?!

— Канешне, як жа яшчэ размаўляць? – зноў лыблюся.

— Ой, какой вы молодец! Я вот даже в белоруской школе учілась, но уже нічего не помню!

— Я вельмі рады, што вы хоць любіце нашу мову, – паўжартам намякаю я.

— Усе любяць, – зразумеўшы мой пасыл устаўляе рэпліку старэйшая, — проста ні все её панімают.

Пры выбары ручак падбягае старэйшая дачка кабеты – дзяўчынка гадкоў дванаццаці. І пакуль бабуля гортае каталог, я пытаю тоненькую шэравокую школьніцу:

— Паненка, а вы ў беларускамоўнай школе вучыцеся?

— Так, – радасна адказвае тая, – у нас есть беларуская мова.

— Ну, беларуская мова пакуль яшчэ ва ўсіх школах ёсьць, а вось каб як у матулі вашай: матэматыка, хімія – ды па-беларуску, во класна было б?!

— Нет, у мамкі не вся школа была белоруская, а толькі мова беларуская, какую она вельмі любіць.

— І матуля перадала вам гэтую любоў?

— Так, я таксама люблю беларускую мову, — сарамліва адказвае тоненькая, шэравокая дзяўчынка.

Разьвітваючыся я дзякую маленькай паненцы за тое, што яна разумее і так любіць родную мову. І хоць гэтым разам я абсалютна ні на што не намякаў, бабуля ў дзьвярах мне адказвае: «Усе разумеюць, але ня ўсе размаўляць могуць».

«Нічо се! – уразіўся я ў думках. – Яна за гадзіну і любіць пачала і разумець!»

І едучы да хаты я ў тысячны раз разважаў пра тое, што нам трэба патрыётаў не мове вучыць, а мовай вучыць карыстацца. Бо ў тысячны раз я пераконваюся ў тым, што 99% патрыётаў мовы карыстаюцца ёю толькі тады, калі зь імі размаўляе беларускамоўны, але як толькі такі патрыёт трапляе ў расейскамоўны этэр, ён адразу ператвараецца ў «здрасьце, ізьвініце, пажалста».

А ўсяго толькі што трэба? Трэба набрацца сьмеласьці і перайсьці на мову ва ўсіх сфэрах жыцьця! Так, ты сутыкнешся з канфліктам, але мудра пераадолеўшы яго ты ўбачыш перад сабою не таго, хто загадвае «давай-ка па-рускі», а таго, хто сам, пераадолеўшы савецкія комплексы скажа: «Люблю і разумею».

Дык будзьма мовай карыстацца штодня і паўсюль, каб любові і разуменьня станавілася вакол нас усё болей і болей, ажно пакуль гэтая любоў не зазьвініць беларускай мовай у кожным доме!

Зміцер Дашкевіч, Mfront.net

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]