Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Час кантралёраў і зайцаў

13.08.2016 общество
Час кантралёраў і зайцаў

Студэнтам і астатняму грамадзтву, якое хоча мець дастаткова грошай, каб не эканоміць на квітках, «варта зьняць акуляры і перастаць быць субтыльнымі істотамі».

Еду ў аўтобусе, назіраю карціну паляваньня на безьбілетніка. Юны студэнт-акулярык, заўважыўшы пагрозу, спрабуе апярэдзіць паляўнічых-кантралёрак, дзьвюх фэмін сярэдняга веку, якія хіжымі вачыма спрактыкавана вылічылі сваю ахвяру. Юнак дзейнічае занадта марудна й нясьмела. На прыладу для касаваньня квіткоў першай лягае шырокая кароткапалая длань адной з кантралёрак.

Фэміны загналі ў куток і прыціснулі сваімі магутнымі формамі цельца юнага студэнта. Яго жалісная ўсьмешка й просьбы аб літасьці ня маюць ніводнага шанцу на посьпех, гэта зрэшты разумее і сам субтыльны студэнт, і, пагатоў, кантралёркі.

Побач былі яшчэ два «зайцы». Адзін, «рэальны пацан» зь літровай пляшкай «Аліварыі-дзясяткі», стаяў з прычоскай пад нуль і каменным тварам, другая – мажная цётка з падмаляванымі яркай чырвонай памадай тонкімі вуснамі й маленькімі скандальнымі вачыма, маланкава сачыла за сытуацыяй. Гатовая да адпору ў любой форме.

Мяне не зьдзівіў выбар ахвяры, і рэч ня толькі ў тым, што два «зайцы», якія апынуліся па-за ўвагай кантралёрак, былі больш складаныя ў барацьбе за спагнаньне штрафу. Рэч у іншым, яны былі, як кажуць, сацыяльна блізкімі.

Такі ж «рэальны пацан» з той самай пляшкай «Аліварыі-дзясяткі» мог сядзець дома ў любой з кантралёрак у якасьці сына, а цётка зь яркімі вуснамі магла аказацца сястрой, скандальнай суседкай на лецішчы ці каляжанкай на кантралёрскай працы.

Карацей, кантралёркам было ня тое што напружана займацца гэтымі двума, але нецікава. Адсутнічаў азарт.

Са студэнтам інакш. У студэнта акуляры, айфон і самае галоўнае – пэрспэктыва на лепшае. Наперадзе ў яго цэлае жыцьцё, такое цікавае і нядасяжнае для кантралёрак. А гэта такімі кантралёркамі караецца бязьлітасна, і студэнт мусіць спазнаць на сабе ўсё іхнае раздражненьне й злосьць.

Так я разважаў, пакуль не пачуў:

– Работаць нада, тада грошы будуць, – гарланіла адна з кантралёрак на нясьмелую заўвагу студэнта пра сваё небагатае жыцьцё.

– Бегаюць, «пікімонаў» нейкіх шукаюць і крычаць, што грошай мала, – у паляўнічым ражы дадавала другая.

Я глядзеў на гэтую дзею й думаў, што народ наш на добры адсотак складаецца з такіх кантралёраў, якія абсалютна пэўныя ў тым, што яны займаюцца патрэбнай працай.

Яны могуць прымаць розныя вобразы, займаць любыя пасады, кантраляваць выбары, міністэрствы ці цэлую краіну. Іхнае ўпэўненае пабытовае й ня толькі пабытовае хамства – адмысловы стыль, які адбіваецца ў іхных рэпліках, паводзінах і нават у рысах твару.

– Ідзіце боршч варыце, – заяўляла Лідзія Ярмошына тым, хто не хацеў і ня хоча быць ні «зайцамі», ні «кантралёрамі».

– Вось прыходзіць малады трэнэр на зарплату 1,3 мільёна. Ну што парабіць, такая зарплата! Туды трэба накіроўваць тых, хто адэкватна ўспрыме гэты пэрыяд з заробкам 1,3 мільёна, – заяўляла віцэ-прэм'ер Натальля Качанава ў адказ на пытаньне пра малыя заробкі маладых спэцыялістаў. Проста, маўляў, работаць нада.

Думаю, калі памяняць месцамі Ярмошыну й Качанаву з тымі дамамі-кантралёркамі, нічога прынцыпова ня зьменіцца, кожная зь іх абсалютна будзе адпавядаць сваёй новай пасадзе.

Зрэшты, калі запытаць у тых аўтобусных кантралёрак пра іхную мару, то, думаю, можна будзе пачуць нешта падобнае да таго, што маўляў, «пасядзець з томікам Пушкіна ў парыскім кафэ».

Сёньня час кантралёраў і «зайцаў». А я згадваю часы, калі «дзікае паляваньне» было не такім прадказальным.

Памятаю выпадак з канца 1980-ых, тады калі кампостары ў аўтобусах былі зробленыя з чыгуну й працавалі з шалёным рыпеньнем і іскрамі, як заводзкі прэс.

Мой аднакурсьнік з інстытуту фізкультуры, фэхтавальшчык Сярога Нерад у тыя галодныя гады, едучы ў аўтобусе на заняткі, патрапіў у падобную гісторыю. Але, быўшы спартоўцам, рашуча пасьпеў уставіць квіток у той архаічны кампостэр і пачаў працэс касаваньня. Цётка-кантралёрка, бачачы, што прайграла студыёзусу ў хуткасьці, не знайшла нічога лепшага, як у паляўнічым азарце ўсунуць у кампостар свой таўсты, з астаткамі ляку на пазногці, палец і... квіток быў пракампаставаны разам з пальцам.

Як той казаў, на паляваньні – як на паляваньні.

Прыйшла папера з аўтобуснага парку й міліцыі, быў разбор учынку камсамольца Нерада. Усе прысутныя, ад выкладчыкаў да камсамольскіх актывістаў рагаталі ўголас і да сьлёз, калі Сярога распавядаў, як усё адбывалася.

Да чаго гэта я? Думаю, студэнтам і астатняму грамадзтву, якое ня хоча бачыць вакол сябе людзей падобнага кантралёрскага тыпажу й хоча мець дастаткова грошай, каб не эканоміць на квітках, варта зьняць акуляры і перастаць быць субтыльнымі істотамі. Варта рушыць да спартовай залі. Як кажуць, у здаровым целе – здаровы дух! Кантралёры не вытрымваюць спартовай канкурэнцыі.

Алег Дашкевіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]