Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Калі міліцыя была з Пазняком

21.09.2016 политика

На выбарах-1994 у Столінскім раёне лідар БНФ «Адраджэнне» атрымаў каля 40% галасоў.

З гэтай гісторыяй спрабуе разабрацца «Радыё Рацыя».

Пра асаблівасць беларускага Палесся пісалі і казалі задоўга да 1990-х гадоў. Край неабсяжных балот і незлічоных рэк ва ўсёй сваёй шматаблічнасці, самабытнасці і непаўторнасці ўсхавалялі амаль за сто год да ўзгаданых падзей гісторык Дзмітрый Булгакоўскі, легендарная вандроўніца Луіза Арнер Бойд, літаратар Адам Кіркор.

“Чарнобыльскі Шлях-2001” у Пінску, акцыя гарадской суполкі КХП-БНФ “Адраджэнне”

Спіс магчыма працягваць дзесяткамі выбітных постаццяў, чые меркаванне адносна краіны багнаў заслугоўвае павагі і мае аўтарытэтную вагу. Трэба заўважыць, што навукоўцы паходзяць з розных краін і іх нельга звінаваціць у так званым «палескім патрыятызме» яны канстатавалі факты, якія варта было б і зараз улічваць развіваючы рэгіён.

Канечне, сітуацыя на мяжы 1980-90-х гадоў склалася іншая. Пачуліся галасы ці то за незалежнасць, ці то за аўтаномію Палесся. У ход пайшла палітычная карта, чаго не было з боку навуковага свету. У лепшым выпадку даследчыкі ХІХ-га першай паловы ХХ-га стагоддзя падкрэслівалі магчымасць культурніцкай аўтаноміі, дзеля прывабнасці краю. Такое ёсць бадай у кожнай еўрапейскай краіне, на гэтым зарабляе турызм, ствараюцца курорты, праходзяць лакальныя этна-фальклорныя фестывалі і г.д.

Вернемся ж да часоў перабудовы. Паўстала грамадскае аб’яднанне «Полісьсе» на чале з Міколай Шэляговічам. У 1990 годзе на старонках газеты арганізацыі «Збудінне» з’явіўся праграмны артыкул «С кем идет «Полісьсе?». Гэта быў выклік, які прынялі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і зразумела чальцы БНФ.

Фронтаўцы, прынамсі мясцовыя, пераканаўча сцвярджалі, што гэта спроба Масквы ўнесці раздрай у нацыянальны рух. Нешта падобнае на Прыднястроўе, тады гэта быў самы яркі прыклад. Трэба адзначыць, што дапамогу сяброў з Масквы і рэгіянальнага партыйнага кіраўніцтва Мікола Шэляговіч не адмаўляе. Ён нават неяк у інтэрв’ю называў фундатараў аб’яднання, але запэўнівае, што ідэі пра незалежнасць або аўтаномію Палесся не існавала, называе ўсё міфам.

Калі верыць Шэляговічу, то ніякіх палітычных мэтаў «Полісьсе» не пераследвала. Але ж ён, як мінімум супярыць сам сабе, бо заяўляў: «Галоўнае не дапусціць Пазняка…».

Зянон Пазьняк падчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў Пінску, травень 1994 год.

Як бачым ад часоў перабудовы і ў першай палове 1990-х БНФ на Берасцейшчыне мела супрацьстаянне не толькі з партыйнай наменклатурай, але і вяла барацьбу з ідэйнымі ворагамі адзінства Беларусі. Постаць Зянона Пазьняка малявалася, як адпетага нацыяналіста-радыкала, які не гатовы прыняць нейкія лакальныя традыцыі і да канца знішчыць паляшуцкі лад.

«Зянон, мы ўсталюем на Шчары мяжу, на шашы пад Івацэвічамі размесцім палескую касмічную эскадрыллю ім. Пятра Клімука, якая на першым часе будзе абараняць пінскі транспарт з памідорамі і трускаўкай ад беларускіх мытнікаў. А пазней – пракапаем з Пінска метро на Камароўку і на цягніках будзем вазіць свой тавар…» – так жартаваў кіраўнік «Полісься».

У такіх умовах на Берасцейшчыне фронтаўцы рыхтаваліся да першай прэзідэнцкай кампаніі 1994 года.

Прамова Зянона Пазняка, Пінск, травень 1994 год.

Калі міліцыя была з Пазняком

У ходзе агітацыйнай кампаніі ў Пінску хапала розных нюансаў у актывістаў каманды Зянона Пазьняка, але аднойчы здарылася сур’ёзная праблема.

Рыхтавалася сустрэча лідара БНФ «Адраджэнне» з жыхарамі Піншчыны. Планавалася, што яна пройдзе ў Гарадскім доме культуры, што на цэнтральнай плошчы горада. Напярэдадні арганізатарам адмовілі ў прадстаўленні памяшкання. Тады дэпутат Пінскага гарсавета, мастак Яўген Шатохін дамовіўся правесці сустрэчу на матабольным стадыёне і звярнуўся па дапамогу ў міліцыю.

Інтэрнэта ж не было ды і мясцовае камерцыйнае тэлебачанне толькі зараджалася, як хуценька паведаміць гараджанам пра перанос мерапрыемства? Шатохін прасіў у кіраўніцтва ГАУСа даць адзін-два аўтамабілі з гукаўзмацняльнікамі. І праваахоўнікі пагадзіліся.

Па Пінску ездзілі міліцэйскія машыны з якіх гучала абвестка пра новае месца сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Зянонам Пазьняком. Нейкай рамантыкі мець не трэба, як меркаваў сам Яўген Шатохін, на такі крок праваахоўнікі пайшлі з прагматычнай мэты. Уявіце сябе, што выбаршчыкі сабраліся б каля палаца, а там забарона і мог узнікнуць выступ, наступствы якога непрадказальныя. Навошта гэта?! Каму такое трэба.

Зянон Пазьняк у Пінску. Зянон Пазьняк і Яўген Шатохін у Століне, травень 1994 год.

Руплівая праца столінскага актыва БНФ

Столінскі раён Берасцейскай вобласці – сельскі раён, дзе квітнее фермерская гаспадарка, так было нават за савецкім часам. Камуністы не давялі да канца барацьбу з хутарской сістэмай, захавалася і моцнае рэлігійнае жыццё. Тут людзі зямлі, якую так абяцалі, але не далі бальшавікі.

Магчыма гэта паўплывала на такі вынік «ЗА» Пазьняка? Але ж з упэўненасцю магчыма сказаць, што без руплівай працы каманды лідара БНФ нічога б не атрымалася. Пяць год таму, ў кастрычніку 2011 года, не стала Аляксандра Паляруша, чальца БНФ «Адраджэнне», які прыклаў шмат асабістых намаганняў, каб сустрэча Зянона Пазьняка са столінцамі адбылася на годным узроўні. Акрамя таго Аляксандр Паляруш правёў усю выбарчаю кампанію ў раёне ў рэжыме поўнай працы.

Аляксандр Паляруш са сваёй сям’ёй, Столін, 2010 год.

Раніцай рушыў на працу, а пасля на ўласны матацыкл і давай аб’яжджаць кожную вёску Століншчыны з агітацыйнымі матэрыяламі за Пазьняка. Аднойчы трапіў у сяло, дзе напярэдадні пабывалі прадстаўнікі ўлады, настроілі галасаваць за дзеючага кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча. Жыхары кепска ўспрынялі прамову Паляруша і кінуліся на яго з віламі, грамадскага актывіста выратаваў матацыкл, які вырваў з натоўпа ахвяру. Былі розныя моманты, але вынік кажа сам за сябе. Аляксандр Паляруш са сваёй сям’ёй, Столін, 2010 год. Мінае час, сыходзяць годныя асобы, але застаецца справа і яна працягваецца, а разам з ёй і іх жыццё ў нашай памяці.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]