Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Апошняе расчараваньне XX стагодзьдзя

27.11.2016 общество
Апошняе расчараваньне XX стагодзьдзя

Навіна з Кубы пра сьмерць Фідэля Кастра падвяла рысу пад дваццатым стагодзьдзем.

Насамрэч яно скончылася 25 лістапада 2016 году, калі памёр ягоны апошні герой.

Легендарны камандантэ сканаў у дзевяноста гадоў, бясконца ваюючы за ўтрыманьне сваёй перамогі, хоць дзеля гэтага загнаў краіну ў суцэльную галечу.

Эканамічная разруха, прадуктовыя карткі, закатаваныя дысыдэнты й амаль мільён уцекачоў — такі вынік утрыманае перамогі.

Што засталося ад таго харызматычнага лідара, прыгожага, усьмешлівага й мужнага чалавека, які нёс у сваім вобразе шалёны пазытыўны зарад для добрай паловы сьвету, энэргію барацьбы за свабоду, змаганьня супраць імпэрыялізму, стаўшы адным з сымбаляў другой паловы мінулага стагодзьдзя ва ўсіх сэнсах.

Нямоглы стары з хворым бляскам уваччу, які прамаўляў словы, у якія й сам ужо ня надта верыў, бо ўся хада гісторыі дваццатага стагодзьдзя сьведчыла адно пра страту шматлікіх ілюзій, якія гэтае стагодзьдзе парадзіла.

Гісторыя кубінскае рэвалюцыі ня сталася выключэньнем. Але была хіба апошняй з гэтых ілюзій.

Памятаю, як у школе ў 1970-ыя гады пасьля чарговага візыту Фідэля ў СССР, без усялякай ідэалягічнай накачкі мы пісалі на партфэлях і ў сшытках знакамітае — patria o muerte (радзіма альбо сьмерць) і малявалі кулакі, што рвуць калючы дрот.

На тле тагачаснага кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева, Фідэль Кастра Рус, чалавек у камуфляжным фрэнчы, выглядаў надзвычай яскрава.

Фідэль быў зусім не падобны да дзеячоў барацьбы за камунізм ва ўсім сьвеце, да ўсіх гэтых Эрыхаў Хонэкераў, Мао Цзэ Дунаў, Пол Потаў і іншых.

Барада, цыгары, ром, джаз, прыгожыя жанчыны, і нарэшце галоўнае — асабістая мужнасьць. Фідэль быў ваяром. Сапраўдным.

Бадай нашае пакаленьне апошняе, якое з захапленьнем глядзела на гэты вобраз камандантэ.

Палымяныя прамовы, шалёная энэргія, усьмешлівы твар, візуальная прывабнасьць.

Вобраз пераможцы, які не даваў сябе перамагчы ЗША, суперніку, што быў значна большы й дужэйшы за яго.

Усё гэта страшна кантраставала з тым, што мы бачылі ў СССР.

Куба й Фідэль захаплялі ня толькі нас, зялёных падлеткаў, якія бачылі ў Фідэлю альтэрнатыву замшэлым савецкім кіраўнікам.

Яны натхнялі вялікіх, якія самі прайшлі праз жорсткія жыцьцёвыя й грамадзкія катаклізмы, і самі, будучы вялікімі, паверылі ў тое, што Фідэль і ягоная рэвалюцыя нешта сапраўднае.

Яны бачылі ў Фідэлі самых сябе, але...

Эрнэст Хэмінгуэй, таксама быў сымбалем дваццатага стагодзьдзя. Пісьменьнік, што стаўся іконай мужнасьці й сапраўднасьці не адно ў літаратуры, але і ў жыцьці.

Яны былі падобныя: моцныя, няўрымсьлівыя, натхнёныя ідэяй.

Іх сяброўства не выглядала надуманым ці кан'юнктурным. Яны сябравалі па-сапраўднаму, хоць Хэм быў старэйшы за Фідэля на дваццаць сем гадоў.

Але вялікі творца ёсьць вялікім не адно таму, што аўтар геніяльных твораў, але й таму, што хутка разумее сэнс важных і знакавых рэчаў.

Апошнюю ілюзію дваццатага стагодзьдзя, на што іншым спатрэбіліся дзесяцігодзьдзі, Хэмінгуэй зразумеў неўзабаве.

Ягоны ад'езд з Кубы, дзе нобэлеўскі ляўрэат з ласкі свайго сябра меў усё дзеля творчасьці, быў, відаць, і для пісьменьніка апошнім расчараваньнем, якое ён быў ня ў стане перажыць.

Калі крышацца апошнія чалавечыя ілюзіі, згасаюць зоркі.

Фідэль пражыў доўга, трымаючы ў палоне сваёй ілюзіі сябе й сваіх суайчыньнікаў гвалтам.

Ці можна назваць такое жыцьцё шчасьлівым?

Наўрад ці, бо тая Куба, пры якой ён памёр, думаецца, была зусім ня той, пра якую ён марыў, штурмуючы казармы Манкада.

Кубінская рэвалюцыя зацягнулася ў часе й разбурыла сябе самую, задоўга да скону яе лідэра.

Не разумець гэтага ён ня мог.

Камандантэ ня здолеў выбрацца са сваёй вайны, але на вайне момант шчасьця — толькі момант перамогі.

Толькі момант, які немагчыма расьцягнуць на дзесяцігодзьдзі.

Алег Дашкевiч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]