Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як 5% беларусаў рыхтуюць у краіне вялікія перамены

02.01.2017 общество
Як 5% беларусаў рыхтуюць у краіне вялікія перамены

Гэтага дастаткова, каб змяніць цэлае грамадства ў той ці іншы бок.

Нам хочацца — мо не ўсім, але вось мне асабіста дакладна — быць такімі вось унікальнымі ў гістарычна-ідэалагічным ракурсе, маўляў, мы — еўрапейскі народ

(вось вам свабода прэсы і рэлігіі, статуты, аднадворныя гаспадаркі), які ў крытычны для цывілізацыі момант (калі вынайшлі паравую машыну і пачалася індустрыялізацыя, а з ёй — буржуазныя рэвалюцыі ды ўсеагульнае развіццё прыватнай ініцыятывы) быў акупаваны адсталым азіяцкім грамадствам з чацвёртым спосабам гаспадаркі (азіяцкім — Asiatische Produktionsweise — па Марксу), піша чытач «Нашай Нівы» Мардэхай В.

І беларусы апынуліся ў гэтакім лімба (буквальна, з лацінскага — на памежжы), калі мы атрымліваем дасягненні Захада так жа позна, як іншыя краіны Трэцяга свету, пры тым што бачым іх кожны дзень. Бо што нашы дзеды цягалі кантрабанду ды бегалі да дзевак праз міжваенную савецкую мяжу, што мы ездзім у Вільню, Варшаву і Берлін на ўік-энд.

Наша грамадства ў выніку спазняецца з усімі этапамі развіцця параўнальна нават з усімі іншымі братамі-славянамі (якім пашчасціла быць у іншых імперыях і саюзах), а ў нас ад гэтага кагнітыўны дысананс ды цяга да эскапізму ва ўсіх праявах — ад віртуальных танчыкаў да рэальнага жыцця на хутары. Я вось люблю выйсці ў мора ды на рыбак глядзець, асабліва акул. Душэўна.

І можна колькі заўгодна спрачацца аб тым, што там у нас у грамадстве адтуль — з эпохі легенд, а што наадварот — з Усходу, але ж эканамічна мы выглядаем як тыповая посткаланіяльная эканоміка. Экспартам і імпартам, усімі гандлёвымі ланцугамі завязаная на былую метраполію. І ўсе тырады наконт «асаблівага шляху» і антыімперыялізму застаюцца лозунгамі на транспарантах і ў радыёэфіры чарговага ідэалагічнага жанглёра, а жыць трэба сёння. Людзей карміць трэба сёння.

Адтаго, як у той французскай Афрыцы, у нас эканамічныя трэнды і падзеі вызначаюцца з расійскімі афіцыйнымі асобамі ды бізнэсоўцамі. Адтаго нейкі там расійскі спартыўны чыноўнік можа знянацку стаць акцыянерам буйнога тутэйшага холдынгу, а тамтэйшы не вельмі празрысты бізнэсовец, зрабіўшы пару падарункаў туземным адміністратарам, атрымаць актывы для таго, каб зарабляць на абарыгенах. І калі вы думаеце, што заўтра са зменаю партрэта ў кабінеце, гэта таксама зменіцца… На жаль, не.

У 90-я чамусьці пытанне выкруцілі так: альбо беларускі нацыяналізм, альбо савецкая адносная сытасць.

Альбо мы дзеля мовы і сцяга ўсе былое парвем і пойдзем па свеце з працягнутаю рукою, альбо спачатку запусцім заводы і зажывём. А там, калі небудзь, і праблема самаідэнтыфікацыі вырашыцца. Вырастуць дзеткі, а савок адамрэ. Альбо эканоміка, альбо самавызначэнне. Альбо — альбо. Enten — eller, як той казаў — няхай фанаты Кіркегора парадуюцца.

Дзеткі выраслі, савок муціраваў, але не памёр. Завязка на метраполію засталася, ды яшчэ пры гэтым-такі камусьці прыходзіцца бегаць па свеце з працягнутаю рукою. На жаль, гэтая мадэль альбо-альбо не працуе.

Эканамічнае развіццё і праблема самаідэнтыфікацыі звязаны, гэтак сама як звязаны яны з грамадскімі свабодамі і прыватнаю ініцыятываю.

Назавем гэта, каб не заблукаць у азначэннях, эканамічным, культурным і юрыдычным вымярэннем адной з'явы — нацыі.

Не былі выключэннем з гэтага правіла і Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыя самыя, які абвесцілі ўсеагульныя грамадзянскія правы, дэкларавалі свабоду і годнасць грамадзян натуральным правам.

Мы ведаем праз кіна- і відэа- прадукцыю тры легенды наконт гэтага. 1) No taxation without representation. 2) Чырвоныя мундзіры высадзіліся і ідуць забіваць патрыётаў. Хапайцеся за зброю! 3) Каралеўскія кампаніі манапалізавалі замежны гандаль і прыгняталі бедных каланістаў.

Гэта ўсё выдатны прыклад нацыяльнае міфалогіі. Бо… 1) каланіст плаціў 1 шылінг падаткаў, тады як англічанін 26 шылінгаў, у калоніях былі свае парламенты, не горшыя за нацыянальныя сходы ў васальных дзяржавах Еўропы, 2) гэта была збольшага грамадзянская вайна (усе на свеце войны за незалежнасць маюць атрыбуты і грамадзянскае, і міждзяржаўнае вайны), бо лаялісты былі суседзямі паўстанцаў. Падтрымка была 50 на 50, і толькі прыкладна 3—5% жыхароў ва ўсім гэтым удзельнічалі. Астатнім было пофігу. І большасць гісторыкаў пагаджаецца, што без еўрапейскай (па большасці французскай) інтэрвенцыі свядомыя незалежнікі прайгралі б, да таго ж, прыкладна на 80—90% яны забяспечваліся зброяй з-за мяжы, бо сваёй вытворчасці нават пораху не было 3) Вольны каланіст (памятаем, што там было рабства) жыў па сярэдніх паказчыках лепей, чым жыхары англійскіх гарадоў. Амерыканскія правінцыі гандлявалі з краінамі і калоніямі на ўсіх кантынентах. А ўзначальвалі рух за незалежнасць не нейкія там прафесійныя рэвалюцыянеры і правакатары — наадварот, інтэлектуальная і эканамічная эліта калоній, члены мясцовых парламентаў, з выдатнаю па сусветных стандартах адукацыяй і даходамі ад гандлю бавоўнай, тытунём і іншымі тагачаснымі commodities, якія забяспечвалі вольны час, каб займацца інтэлектуальнымі штудыямі не горш за найлепшых дзеячаў еўрапейскага Асветніцтва.

Карацей кажучы, нацыянальная свядомасць і яе ідэалагічнае і юрыдачнае падмацаванне раслі разам з эканамічным развіццём.

І больш за тое, узмацнялі адзін аднаго. Бо калі ты бачыш, як навігацыйныя акты зніжаюць твае прыбыткі, з чаго табе любіць таго караля? Калі палова амерыканскіх караблей (а гэта была найбуйнейшая прамысловасць калоній са складанамі ланцугамі вартасці, да 20% белых працавалі ў ёй) куплялі іншыя дзяржавы, то і на закуп амерыканец хацеў выбіраць кампаненты найлепшыя з рынку, а не толькі тое, што прапаноўвалі з Ліверпуля і Брысталя, без аніякіх там тэндараў і грамадскіх абмеркаванняў. І тут твае больш тэарэтычна падрыхтаваныя сябры раскажуць табе аб тыраніі з часоў карынфскага Кіпсэла. Аб грамадзянскіх свабодах, аб новых тэхналогіях і перспектывах перапрацоўкі кітовага тлушчу. Усё разам, паўсюль і навокал. Няма тут курыцы і яйка. Няма тут альбо-альбо. Бо інакш карона, дзяржаўныя манаполіі і каланіяльных адміністратары распільвалі б увесь пірог з каланіяльных тавараў сабе, а амерыканцам распавядалі аб брацтве народаў у адзінай дзяржаве, аб тым, якія яны робяць вялікія лагістычныя зніжкі для малодшага брата-пурытаніна параўнальна з Мадагаскарам і Зондскімі выспамі, і наогул, аб тым, як дзеды з Філіпам Разважлівым ваявалі ў адным дзіравым шынялі. А тыя не пісалі б Федералістаў, а жаліліся ў лістах адзін аднаму на крывавы рэжым Гановераў.

Працэс утварэння нацыі — працэс складаны. І сказаць, што амерыканцы паўсталі з-за таго, што ў Лондане ім не знайшлося 4—5 месцаў у парламенце ці з-за росту падаткаў на каву і чай, гэта зразумела, такая ж міфатворчасць, як і фільмы з Мэлам Гібсанам.

Чым больш у нас будзе людзей, незалежных ад посткаланіяльнай эканомікі, тым больш вакол іх будзе круціцца тых, хто хоча нешта сказаць ці напісаць.

А не па падмаскоўных тэлеканалах і рэгнумах.

Хіпстары не зробяць рэвалюцыі, але зробяць попыт на самаідэнтыфікацыю і аўтэнтычнасць.

Гісторыкі і сацыёлагі, журналісты і літаратары не зробяць рэвалюцыі, але могуць ствараць аўтэнтычны прадукт, які сцвярджае самаідэнтыфікацыю.

Фінансісты і юрысты не зробяць рэвалюцыі, але могуць забяспечыць механізмы для тых, каму патрэбны прадукт і хто яго стварае.

Кожны з нас не зробіць рэвалюцыі, нават калі спаліць сябе перад балванчыкам Ільіча на плошчы — астатнім 95% будзе пофігу. Але 5% змогуць змяняць цэлае грамадства ў той ці іншы бок.

Нельга выбіраць паміж эканамічным развіццём і ўмацаваннем нацыянальнай свядомасці. Гэтыя працэсы ўзаемазвязаныя. Так як і адсутнасць эканамічнага развіцця ў нашым посткаланіяльным грамадстве суправаджаецца слабасцю нацыянальнае самаідэнтыфікацыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]