Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларусь нарываецца на вяртаньне санкцый

30.03.2017 политика
Беларусь нарываецца на вяртаньне санкцый

Увесь сьвет пабачыў, што апошняя дыктатура Эўропы была і застаецца тым, чым была.

На мінулым тыдні Беларусь перажыла другое 19 сьнежня 2010 году: у некага наверсе ня вытрымалі нэрвы пасьля масавых пратэстаў супраць абсурднага падатку на беспрацоўе, і дрыготкая рука пацягнулася да звыклых і правераных мэтадаў узаемадзеяньня зь незадаволеным народам.

Перад гэтым беларускія дыпляматы і грамадзкія памочнікі дыктатуры кшталту БІСС некалькі гадоў клапатліва стваралі вобраз краіны, якая зьмяняецца да лепшага.

Калі вы заўважылі, рэжым апошнія гады старанна пазьбягаў паказальнага гвалту: акцыі апазыцыі разганялі людзі ў штацкім («ціхары», ці ёмістае новае слова ў беларускім лексыконе — «шуняўкі»), каб ні ў якім разе ня даць фотакарэспандэнтам яскравы матар’ял.

І вось, сьвята 25 сакавіка 2017 году беларуская дыктатура сустракае ўва ўсёй красе: полчышчы ўзброеных да зубоў ваенізаваных жандараў у чорнай форме, апакаліптычныя пустыя перакрытыя вуліцы, сцэны зьбіцьця старых і дзяўчат, сотні арыштаваных. Ці то 2010, ці то 2006 або 1996 год.

Увесь сьвет пабачыў, што апошняя дыктатура Эўропы была і застаецца тым, чым была, — тыраніяй, дзе людзей зьбіваюць і саджаюць за краты за ўдзел у мірнай дэманстрацыі, дзе людзі безабаронныя перад свавольлем дзяржавы. Лукашэнка ня робіць хатнюю працу, дэмакратызацыя і лібэралізацыя застаюцца толькі на словах.

Гэта вельмі карыснае нагадваньне Эўразьвязу аб тым, з кім ён мае справы ў асобе цяперашняй беларускай улады.

Насамрэч, гэта нагадваньне ўсім нам: ніякія вышыванкі і ніякія два апазыцыйныя дэпутаты ў парлямэнце не касуюць таго факту, што паўнавартасная дэмакратызацыя і пабудова прававой дзяржавы ў Беларусі будуць зьвязаныя выключна з адстаўкай грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта Беларусі, якую ён два дзесяцігодзьдзі займае на незаконных падставах.

Можа атрымацца, што Лукашэнка паспрабаваў як раз прадэманстраваць «барацьбу з Майданам» перад Крамлём і расейскім грамадзтвам. Але расейская грамадзкасьць гэтага амаль не заўважыла, бо на наступны дзень былі масавыя пратэсты ў самой Расеі, якія ў інфармацыйным полі перакрылі сабою беларускія разгоны.

Аднак, Крамлю патрэбныя не разагнаныя інтэлігенты (хаця з чыста эмацыйнага пункту гэта й сымпатычна), а вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі і прызнаньне анэксіі Крыму. А ў ідэале — адстаўка Лукашэнкі і ягоная загадкавая сьмерць праз пару гадоў у падмаскоўнай рэзыдэнцыі.

У 2010 годзе за такімі падзеямі, як у мінулую суботу, пасьледавалі заходнія санкцыі. Было б добра, каб пэрсанальныя санкцыі прыйшлі і цяпер, але калі іх ня будзе, дык толькі з усьведамленьня Захадам таго, што Лукашэнка нікуды не падзенецца: Расея не дапаможа, а неэфэктыўная савецкая лукашэнкаўская эканоміка развальваецца і без усялякіх санкцый.

Алесь Чайчыц, «Радыё Свабода»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]