Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Кіеве адкрылася пэрсанальная выстава ўдзельніка дуэту «Саша і Сірожа»

08.04.2017 культура
У Кіеве адкрылася пэрсанальная выстава ўдзельніка дуэту «Саша і Сірожа»

Аляксей Хацкевіч прывёз ва Ўкраіну 25 сваіх прац.

Аляксей Хацкевіч вядомы ўкраінскай публіцы дзякуючы тэлевізійнаму праекту «Саша і Сірожа» ў дуэце зь беларускім музыкантам Сяргеем Міхалком, які ад 2015 году атрымаў права на сталае пражываньне ва Ўкраіне, перадае «Свабода».

На пачатку 2000-х прыгоды двух сельскіх хлопцаў, якія пераехалі зь вёскі ў горад, з посьпехам трансьлявалі два ўкраінскія тэлеканалы — «М1» ды «Інтэр». Цяперашняя выстава, што праходзіць у кіеўскай галерэі Educatorium, адкрыла прыхільнікам і мастацкі талент Аляксея Хацкевіча.

Фото: svaboda.org

Аляксей прывёз ва Ўкраіну 25 сваіх прац. Аматары ягонай творчасьці могуць ня толькі іх паглядзець, але і набыць: вартасьць карцін вагаецца ад 175 да 2 тысяч даляраў з гакам.

Некаторыя наведнікі выставы, пераконваючы адзін аднаго ў выгаднасьці такіх укладаньняў, жартам ці ўсур’ёз казалі: «Гэтыя працы — наш шанец на забясьпечаную старасьць».

Першым «з малатка» пайшоў партрэт вядучых украінскага радыё ROX — Сяргея Кузіна і Соні Сотнік. Атрыманыя 2 тысячы грыўняў (крыху менш за 100 даляраў) будуць перададзеныя ва ўкраінскі дабрачынны фонд «Краб» на лячэньне анкахворых дзетак.

Фото: svaboda.org

Адкрыцьцё выставы «Сьціраем межы. Дорым надзею» Аляксей Хацкевіч пераўтварыў у пэрформанс — разам з музыкамі гурту «Метэор» прэзэнтаваў праект «Саша і сіроты», які ўвёў прысутных у стан дыскатэчнай радасьці. Мастацка-музычная тэрапія, якую абяцаў мастак напачатку вечарыны, удалася.

— Гэта мая першая пэрсанальная выстава ў Кіеве. Калі дуэт «Саша і Сірожа» быў на слыху ва Ўкраіне, то Сяргея Міхалка тут ведалі, а мяне — не. Я заўсёды хацеў тут зрабіць выставу, але неяк так складваліся пазлы, што не атрымлівалася. Цяпер мара зьдзейсьнілася.

Фото: svaboda.org

— А дзе Сірожа? Вы казалі, што ён пайшоў у спартовую залю ды не вярнуўся...

— Наш дуэт не распаўся. Мы проста яго прыпынілі. На той момант сказалі сваім праектам усё, што хацелі сказаць, і ўзялі паўзу, якая трывала ад 2009 году. Усё ляжала ў стале: мы зьнялі шмат кліпаў, а было толькі тры канцэрты — у Чарнігаве, Кіеве і Менску. І цяпер я вырашыў працягваць далей. Мне здаецца, што ў Сяргея Міхалка трошкі іншыя жыцьцёвыя пляны і іншае стаўленьне да творчасьці — ён стаў больш сур’ёзным. Але калі ён вернецца — ня буду супраць.

Фото: svaboda.org

Праект «Саша і Сірожа» я пачаў маляваць у выглядзе коміксаў яшчэ ў школе — гэта быў 1985 год. Тое былі кароткія гісторыі без працягу з прыдуманымі пэрсанажамі — Саша, Сірожа, іхны бацька, сябра і сабака. Ня будзе Сірожы, будзе ўведзены іншы пэрсанаж, напрыклад, Анжэла-храманожка або Барышня Саша, і ў праекту пачнецца новы жыцьцёвы пэрыяд.

Зараз мы зрабілі з музыкамі, зь якімі запісваўся альбом, праект «Саша і сіроты». Гэта як бразыльскі сэрыял — сэрыі нараджаюцца па ходу фільму: хто патрэбны, той і зьяўляецца. Мы назапашваем матэрыял, але плянуем больш надаваць увагі такім творчым акцыям, як пэрформанс — з музыкай, з тэатральнымі дзеямі. Гэта як выязная мастацка-музычная кампанія.

Фото: svaboda.org

— На якія тэмы будуць пэрформансы? Толькі нейкія сытуацыі з побытавага жыцьця ці будзеце закранаць і палітычныя аспэкты? Той жа падатак на дармаедзтва, акцыі пратэсту?

Фото: svaboda.org

— Першапачаткова, калі пачынаўся тэлевізійны праект, у нас былі такія ўнутраныя правілы: мы не жартуем на тэму вэтэранаў вайны і не кранаем палітычных тэмаў. Не таму, што баімся, а таму, што скіроўваем увагу на глябальныя рэчы, якія будуць актуальныя заўсёды. Наша задача — сьціраць межы. У людзей зьявілася больш магчымасьцяў, але яны самі пачалі сябе абмяжоўваць. І гэтыя пратэсты — таксама свайго роду абмежаваньні. На іх прыкладзе бачна, як ставяцца да людзей, ім паказалі, каб яны не будавалі сабе ілюзіяў. Мы ўсё гэта ўлічваем і празь нейкае сваё стаўленьне, праз мастацтва хочам, каб такога не было, каб людзі маглі вольна жыць там, дзе хочуць. Мы не за катухі, мы за адкрытую прастору.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]