Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Чаму з тырана Шчупака смяецца рыба спадцішка

14.05.2017 культура
Чаму з тырана Шчупака смяецца рыба спадцішка

Алесь Няўвесь напісаў фельетон пра крадзеж амаль 270 тысяч долараў з сейфа МУС Беларусі.

З сейфа ў адным з кабінетаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі зламыснік украў амаль 270 тысяч долараў, нагадвае sn-plus.com.

Здарацца сталі крадзяжы

У разнастайнай рыбнай плойме.

Ці нейкі свой,

Ці мо чужы

Зладзюга аб’явіўся ў пойме.

То чарвяка ў Язя скрадзе,

То прападуць у Плотак мошкі…

Усе, хто жыў у той вадзе,

Былі ўстрывожаныя трошкі.

— Я вас магу аберагчы! —

Сказаў, узнёсшыся на хвалі,

Шчупак. —

Каб вашыя харчы

Ніколі больш не прападалі,

Я буду суткі навылёт

Ахоўваць вашы сховы храбра.

Заткну яго паганы рот,

Схаплю нягодніка за жабры!

Ну а за тое, што ў бядзе

Я вас, няшчасных, не пакіну —

Лавіцьму злыдня, што крадзе,

Вы мне плаціцьмеце даніну…

Само сабою, Шчупаку

Пярэчыць рыбы не хацелі,

Бо ён трымаў усю раку,

Так мовіць бы, у чорным целе.

Шчупак, займеўшы новы пост,

Разжыўшыся даверам гэтым,

Увогуле распушыў хвост,

Стаў лютаваць з трайным імпэтам.

Увёў бязлітасны рэжым

І «каменданцкую гадзіну»,

Сваім давёўшы і чужым:

— Жывым, паверце, не пакіну

Таго, хто выплыве з нары,

Як час наступіць вечаровы.

Вы добра знаеце, сябры:

Я справядлівы, ды суровы.

Мяне не проймуць, як злаўлю,

Ні просьбы вашыя, ні слёзы.

І рыбы шыліся ў зямлю,

Бо могуць спраўдзіцца пагрозы.

Хоць трэба ўсё ж сказаць: было,

Што «ўзбунтавала» Краснапёрка —

Пакінула ўначы жытло.

Аб тым пашкадавала горка

У свой перадсмяротны міг…

Шчупак жа на расправу скоры.

І быў навукаю для ўсіх,

Трагічны вынік непакоры.

Ахову несучы, Шчупак

Катаўся сыр у масле нібы.

Ну і няхай сабе… Аднак

Стагналі ад даніны рыбы.

Казалі сумна Акунькі:

— Жыццё настала — жах дый годзе.

Калі ахоўнік наш такі,

Дык лепш бы краў патроху злодзей…

А ці ўдалося Шчупаку

Злавіць зламысніка, дарэчы?

(Схапіць зладзюгу за руку,

Калі казаць па-чалавечы.)

Як кажуць, воз і зараз там:

І пры ахове пільнай ножкі

Рабіў зламыснік чарвякам,

А ў Плотак прападалі мошкі.

Ніхто не выказаў папрок

І не зрабіў ніхто заяву,

Маўляў, ахоўнік — абібок,

На нас наклаўшы свой аброк,

Жыруе злыдзень на халяву.

А потым здарыўся эксцэс…

Зладзюга ў сховы Шчупаковы

Аднойчы раніцай залез,

Пакалашмаціў тыя сховы.

А там было запасаў шмат,

Улоў у злодзея багаты:

І за правіны канфіскат,

І тое, што не з’еў з «зарплаты».

Згубіла веру ў Шчупака

Рачная плойма канчаткова.

Дае, як кажуць, храпака,

Не ловіць злодзея ахова.

Хоць чарвякоў уся рака

Збірае ў якасці даніны,

Смяюцца рыбы спадцішка,

З аховы чыняць здзекі-кпіны…

* * *

Міліцыя даводзіць нам:

— Цяпер злачыннасці крывая

Імкнецца ўніз!

І слухачам

Працэнты, лічбы называе,

І аддаецца пахвальбе:

— Я вас абараняю гожа!

Ці верыць ёй, калі й сябе

Аберагчы яна не можа?..

Алесь Няўвесь

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]