Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хто будзе пераможцам выбараў?

18.09.2010 политика
Хто будзе пераможцам выбараў?

Жыць у Беларусі цікава. Хлусяць тыя, хто кажа, што тут застой і здранцвенне.

Яшчэ на мінулым тыдні шмат каму здавалася, нібыта грамадства наша па-сапраўднаму цікавіцца толькі адной праблемай. Ці будзе на дажынках у Лідзе дазволена піва. Але ўжо сёння кожнаму зразумела – зусім іншыя тут прыярытэты. Хітом сезона будуць прэзідэнцкія выбары.

Ва ўладзе і яе блізкім наваколлі пануе неверагоднае ўзрушэнне. Нібы ў паляўнічых перад выхадам на адстрэл дзічыны. Задаволена паціраюць рукі. Як лоўка прызначылі дату! Снежань – месяц чарговай элегантнай перамогі. І якія могуць быць сумневы на гэты конт?

Перамога сапраўды прадвызначана.

Адміністрацыйны рэсурс практычна неабмежаваны. Электронныя, як і ўсе іншыя, сродкі масавай інфармацыі пад кантролем. Выбарчы сцэнар апрабаваны шмат разоў. Адсоткаў трыццаць, а можа нават больш, загоняць на датэрміновае галасаванне, з вынікамі якога можна рабіць потым што заўгодна. Для старых і бедных на выбарчыя ўчасткі завязуць танныя прадукты. Працоўным падвысяць заробкі. Менавіта ў снежні пачнуцца першыя выплаты. А тут яшчэ віруе перадсвяточны гандаль. Новы год – елкі, падарункі. Якая там палітыка! Нават у студэнтаў, найбольш актыўных пратэстоўцаў, будзе іншы клопат – сесія на носе. І рэальная магчымасць з трэскам вылецець пры першым жа званку ў дэканат.

А пра апазіцыю няма чаго і гаварыць. Тры месяцы на ўсю кампанію. На рэгістрацыю ініцыятыўных груп – дзесяць дзён. Рэжым зоны.

І самае галоўнае – надзейна перакрытыя каналы сувязі кандыдатаў з выбарцамі. Спецслужбы і міліцыя валодаюць гэтым майстэрствам дасканала. Дамагчыся нейкіх змен у ганебнай практыцы за такі кароткі тэрмін нерэальна. І нарэшце – хвалёная магчымасць для кандыдата звярнуцца да народа з экрана тэлевізара. Два кароткія выступы. Для знаёмства з ім і прэзентацыі праграмы. Параўнаем гэты шчодры падарунак з шаснаццацігадовай бесперапыннай прысутнасцю іх нязменнага канкурэнта. Сапраўды, чым не роўныя магчымасці?

На першы погляд ніякага выйсця з гэтай аблогі няма. Тэхналогіяй нечаканасці не прадугледжаны. Блакада і толькі. І нічога дзіўнага ў тым, што безнадзейны песімізм, нібы шэры восеньскі туман, азмрочыў чарговы электаральны сезон. Пры такіх умовах на што яшчэ тут можна спадзявацца? А каб не было зусім ужо сорамна, асуджаныя да паразы прыдумалі суцяшальны варыянт выйсця з няпростай сітуацыі. Выбары ў снежні, зразумела, скончацца трыумфам незаменнага. Затое потым, праз год-другі, калі ўсё тут канчаткова ляснецца, электарат нарэшце ачуняе. Зразумее, хто вінаваты ва ўсіх ягоных бедах, і ўласнымі рукамі адновіць дэмакратыю. І справядлівасць заадно.

Таму цяпер не варта хвалявацца. А тым болей, хоць што-небудзь рабіць. Такая вось атрымалася сумесь кітайскай мудрасці і мясцовага ідыятызму. Сядзі сабе, як кажуць у Паднябеснай, дзе-небудзь на беразе ракі і чакай, пакуль міма праплыве ў нябыт твой канкурэнт. Ёсць і такі варыянт, калі ў запасе вечнасць. Але ў нашым краі ўсё зусім інакш.

Дэкляраваная ўладаю стабільнасць трымаецца на падмурку надзвычай хісткім. Шаснаццаць год запар кіраўнік дзяржавы прадаваў суседзям нашу незалежнасць. Меў неблагі прыбытак. Мог забяспечыць пэўны ўзровень жыцця не надта патрабавальнай часткі нашага грамадства. Аднак змянілася раптам кан’юнктура. І ён ужо гандлюе тым, што належыць іншым пакаленням. Будучыняй краіны. Бярэ ўсё новыя і новыя замежныя пазыкі. Набралі ажно 23 мільярды даляраў. Кожны беларус павінен замежным крэдыторам дзве з паловай тысячы даляраў. Беларусы – не афрыканцы. Нам ніхто даўгі не спіша. Ні цэнта не даруе. Не цяжка здагадацца, што ў хуткім часе давядзецца аддаваць. І гэткага правіцеля пакінем яшчэ на пяць гадоў?

Як бы там ні было, а выбары абвешчаны. Электаральная кампанія зрушылася з месца і імкліва набірае хуткасць. Умовы, зразумела, для ўсіх роўныя. Мы тое бачылі на мінулых выбарах. Адных будуць міліцыянты ганяць, не дазваляючы слова прамовіць. А на перамогу іншых – незаменных – будзе працаваць увесь дзяржаўны апарат. І будуць шматтысячныя мітынгі ў падтрымку, і ўсенародныя сходы, і ўсё, чаго толькі душа пажадае. Дыктатура!

Чаму ж тады так хвалюецца і мітусіцца ўлада? Чаму з абвяшчэннем даты выбараў цягнулі да апошняга і рабілі з яе ледзь не галоўную ў дзяржаве таямніцу? Ды нічога дзіўнага. Улада ведае сапраўдныя настроі ў грамадстве. Крызіс, якога тут няма і быць не можа, паціху набірае абрысы катастрофы. Казна пусцее. Толькі за жнівень здолелі паспяхова расцерушыць 800 мільёнаў даляраў. Не заробленых, а здабытых ад размяшчэння еўрабондаў. А тут яшчэ набліжаецца чарговая нафта-газавая вайна з Масквой. Далей – непазбежнае падвышэнне цэнаў, дэвальвацыя рубля і немінучая расплата за спробы заможна жыць у крэдыт. Незадаволенасць уладай расце няўмольна, і ніхто не ведае, якіх маштабаў яна дасягне ў хуткім часе.

А таму менавіта цяпер, калі, здавалася б, аніякай надзеі няма, у беларусаў ёсць рэальная магчымасць вырвацца нарэшце з гэтай калгаснай блакады. Нельга нічога адкладваць на заўтра. Яго проста можа не быць. Выбары – законная магчымасць змены ўлады. Калі мы сапраўды хочам свабоды і годнага жыцця, давядзецца дзеля гэтага хоць што-небудзь зрабіць. Не ўцякаць апантана ад тых, хто збірае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. І не скардзіцца, што пра іх нічога невядома. Паспрабаваць даведацца. І вызначыцца да галасавання. Гэта зусім не цяжка. Варта толькі крыху паварушыцца. Не дзеля тых, хто вылучаецца. Дзеля саміх сябе і сваіх дзяцей.

Апазіцыя, на якую мы ўсклалі адказнасць за ўсё, нам нічога не павінна. Мы не плацілі ёй ніколі і нічым і на дапамогу не спяшаліся. Дзякуй ёй і за тое, што яна ў гэтай запалоханай краіне яшчэ ёсць. Грамадства наша па-ранейшаму чакае перамогі, не збіраючыся дзеля яе нічым ахвяраваць.

Выбарчая кампанія – гэта процьма нялегкай і няўдзячнай працы. Кожны мог бы ўзяць на сябе хоць нейкую яе часцінку. Калі ўсе разам, шмат чаго можна дамагчыся. Усё марна, не лічаць галасы? А прымусіць дакладна падлічыць не спрабавалі?

Перамагчы можна было ўжо на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Перамагае не апазіцыя – народ. Тады сорак тысяч выйшлі на плошчу выказаць пратэст. Чакалі – прыйдуць іншыя. Не прыйшлі.

Насуперак усім зласліўцам і цынікам і ў гэтым снежні плошча будзе. Напэўна шмат якія з тых герояў, хто бараніў гонар краіны ў халодным сакавіку дзве тысячы шостага, выйдуць зноў. І будуць чакаць там кожнага з нас.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]