Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Важна ўсведамляць сябе правадніком беларушчыны»

26.08.2017 общество
«Важна ўсведамляць сябе правадніком беларушчыны»

Гаспадар крамы з нацыянымi рэчамi распавеў, чаму быць беларусам – гэта модна.

Бацька Уладзімір разам з сынам Вадзімам адкрылі кропку ў гандлёвым цэнтры «Сілуэт» (каля Камароўскага рынка) па клічу сэрца. Ім пашанцавала: адзенне ды аксэсуары з беларускай сімволікай з кожным днём карыстаюцца ўсё большым попытам, хоць на цішотках ды магнітах вялікіх грошай і не заробіш. Макей старэйшы жартуе, што ўсё ў іх добра складваецца з нагоды знакамітага прозвішча (Уладзімір — ажно поўны цёзка міністра замежных спраў), але, насамрэч, сакрэт поспеху хаваецца ў штодзённым жаданні развівацца ды ва ўласным правіле некалькіх «П»: патрыятызм, прыстойнасць, прафесіяналізм, пiша nn.by.

Уладзімір Макей

Гаспадар сустракае пакупнікоў ва ўкраінскай вышыванцы, шортах ад LSTR Adziennie ды ў красоўках з арнаментам, якія яму прывезлі з Галандыі. З дынаміка гучаць трэкі Вольскага, «Акіян Эльзы» ды «Накі». Спадар Уладзімір вітае наведвальнікаў па-беларуску, хаця не так даўно не лепшым чынам валодаў мовай, шмат гадоў працаваў ў Расіі ды мала думаў пра нацыянальнае.

На папулярныя цішоткі цяпер дзейнічаюць зніжкі

«На маё разуменне сапраўднай незалежнасці краіны моцна паўплывалі падзеі 2014 года і сын. Вадзім першым пачаў слухаць беларускамоўную музыку, я хутка падключыўся, стаў чытаць кніжкі: Мележа, Караткевіча, Купалу з Коласам. Я заўсёды адчуваў у сабе беларушчыну, але савецкае выхаванне не давала праявіцца гэтаму напоўніцу. У нейкі момант мне стала сорамна, і я проста вырашыў пачаць нейкія змяненні з сябе: стаў вывучаць гісторыю з пункту гледжання беларуса, а не паляка, рускага ці ўкраінца», — расказвае Уладзімір.

Сёння мужчына сам тлумачыць пакупнікам, што назва крамы не перакладаецца як «да, вещи», ды стараецца перадаваць людзям іншыя атрыманыя веды:

«Да нас у краму неяк зайшоў 60-гадовы, на выгляд вельмі адукаваны мужчына. І спрабаваў пераканаць, што нічога беларускага мы тут не прадаём, бо наша гісторыя пачынаецца з 1945 года ды 1994 года. Ён жыве з такім меркаваннем і так жывуць некаторыя беларусы, мяркуючы, што мы — малодшыя браты, напрыклад, а ніяк не самастойная нацыя. Я так не хачу».

Тых, хто не размаўляе па-беларуску, спадар Уладзімір з крамы, канечне, не выганяе (хоць і лічыць, што без гэтага ў беларусаў няма будучыні), але калі нехта асмеліцца абразіць мову ці гісторыю, можа лёгка выправадзіць. Гаспадар кажа, што грошы для яго маюць пах.

Адзін з самых папулярных тавараў. «Дарэчы» пачалі вырабляць яго першымі
Сумкі і заплечнікі пашытыя з лёну

Нягледзячы на тое, што прадаўцоў нацыянальных рэчаў становіцца ўсё больш, Макеі не баяцца, а толькі вітаюць канкурэнцыю: «Тыя, хто прыйшоў сюды толькі дзеля грошай, канечне, у бізнэсе не затрымаюцца. Важна яшчэ ўсведамляць сябе правадніком беларушчыны», — упэўнены Уладзімір.

Для таго, каб быць запатрабаванымі, прадпрымальнікі стараюцца ўкараняць у бізнэс новыя фішкі. Так, нядаўна ў краме запрацаваў букросінг. Бацька з сынам набываюць старыя беларускія кніжкі ў тых, каму яны сталі не патрэбныя, і прэзентуюць іх пакупнікам у якасці кампліменту.

У якасці падарунка тут можна атрымаць цікавую кнігу
Завушніцы, бранзалеты ды кулоны — усяго 10 рублёў
Сапраўдны змагарскі кубак — 25 рублёў замест 30
Цёплая яркая шапка на восень — усяго 25 рублёў
Cапраўдныя беларускія карты
Шмат хто прыходзіць за сімвалічнымі падарункамі. Магніты ды паштоўкі — лепшы выбар, каб зрабіць камусьці прыемнае

У бліжэйшых планах Макеяў, калі ўсё будзе добра, адкрыць яшчэ некалькі кропак з нацыянальнымі рэчамі як у Мінску, так і ў правінцыі.

У краме таксама набыць байкі з бараной ад «Нашай Нівы»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]