Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

100 гадоў таму нарадзіўся беларускі патрыёт Язэп Сажыч

05.09.2017 общество
100 гадоў таму нарадзіўся беларускі патрыёт Язэп Сажыч

На працягу 1982–1997 гадоў славуты ураджэнец Панямоння узначальваў Раду БНР.

5 верасьня 1917 году ў весцы Гарадзечна пад Наваградкам нарадзіўся Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

Сям’я Сажычаў паходзіла зь Нягневічаў пад Шчорсамі. Дзед Язэпа Тамаш, адслужыўшы ў войску 25 гадоў, атрымаў дзьве дзесяціны зямлі каля Наваградку. Бацька Язэпа, Сымон Сажыч, які меў 4 дзяцей, напачатку 20 ст. паехаў на заробкі ў ЗША, дзе жыў у Нью-Ёрку, развозіў піва. За заробленыя грошы накіраваў старэйшага сына ў вышэйшую народную вучэльню ў Наваградку. Даведаўшыся, што жонка памерла, вярнуўся на Беларусь, дзе, дакупіўшы зямлі, ажаніўся з маці Язэпа — Верай Дарашэвіч. Памёр у 1919 ад гішпанкі.

Дзяцінства й маладосьць

Скончыў польскую гімназію ў Наваградку, дагэтуль пэўны час навучаўся ў беларускай гімназіі. У 1938 мабілізаваны ў польскае войска, дзе быў пасланы навучацца ў школе падхаружых у Торуні, якую скончыў у званьні сяржанта.

Падчас другое сусьветнае вайны

Удзельнік нямецка-польскае вайны 1939 ад самага яе пачатку, камандзір узводу. 14 верасьня быў цяжка паранены ды трапіў у нямецкі палон. Быў пераведзены ў шпіталь у Лодзі, адкуль празь Беласток і Баранавічы вярнуўся ў Наваградак. Працаваў скарбнікам у сельпо, пасьля паступіў на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага ўнівэрсытэту. З нападам Нямеччыны на Савецкі Саюз быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але дэзэртаваў і вярнуўся ў Львоў. Супрацоўнічаў з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў, працаваў у харчовай краме.

Пазьней вярнуўся ў Наваградак, дзе ўдзельнічаў у арганізацыі беларускіх вайсковых адзінак. Служыў у Беларускай дапаможнай паліцыі. Улетку 1942 прызначаны камэндантам падаафіцэрскае школы Беларускае народнае самапомачы. У лютым 1943 на загад Франца Кушаля зарганізаваў у Лідзе Беларускі батальён чыгуначнай аховы, удзельнічаў у яго фармаваньні ў Маладэчне, Стоўпцах, Баранавічах. Ад ліпеня 1943 таксама выкладаў у афіцэрскай школе ў Менску. Пасьля таго, як напрыканцы 1943 немцы адсунулі ад кіраваньня беларускіх афіцэраў, стаў афіцэрам прапагандавага батальёну. Напачатку 1944 увайшоў у Беларускую краёвую абарону, кіраваў ротай. У чэрвені 1944 удзельнічаў у ахове Другога Ўсебеларускага кангрэсу, тады ж уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю.

Зь ліпеня 1944 — на эміграцыі. Быў перавезены на францускую мяжу, у Саарбрукен. Там атрымаў загад пры першай магчымасьці з падначаленымі перайсьці да францускіх партызанаў і ўсталяваць зь імі кантакты ад імя падпольных беларускіх уладаў. Калі пра гэта даведалася СД, быў пераведзены ў Бэрлін. Удзельнічаў у стварэньні беларускага дэсантнага батальёну Дальвіц, увайшоў у склад 1-га кадравага батальёну БКА. У Баварыі выконваў функцыі камэнданта афіцэрскае школы 30-е грэнадэрскае дывізіі Вафэн-СС (1-е беларускае). Напярэдадні заканчэньня вайны пасьпеў яшчэ прайсьці курсы ў нямецкай афіцэрскай школе ў Растоку.

На эміграцыі

Сканчэньне вайны сустрэў у Цюрынгіі, там і ажаніўся з Барбарай Мазурай. Даведаўшыся, што Цюрынгія пераходзіць у савецкую зону акупацыі, перабраўся зь сям’ёй у Гесэн. Там у яго нарадзілася дачка Алена. Вывучаў мэдыцыну ў Марбурскім унівэрсытэце, адначасова працаваў на сухотнай станцыі.

У 1950 з дыплёмам лекара выехаў у ЗША. Працаваў анэстэзіёлягам, два гады вывучаў анэстэзію. У 1961 у яго нарадзіўся сын Язэп (у будучым пратэстанцкі місіянэр). Стаў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ў штаце Мічыган, заарганізаваў там праваслаўную парафію Сьвятога Духа. У 1952 прызначаны палкоўнікам беларускага войска. З 1953 — сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртаваньня беларускіх вэтэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах вэтэранаў пра Радзе БНР. У 1982—1997 — старшыня Рады БНР. У сакавіку 1993 удзельнічаў у сьвяткаваньні 75-е гадавіны незалежнасьці Беларусі ў Менску.Памёр 19 лістапада 2007 году ў Saint Clair Shores, Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША).

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]