Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чаму беларусы шануюць вужэй

09.10.2017 общество
Чаму беларусы шануюць вужэй

Адносіны беларусаў да жывых істот усталяваліся даўным-даўно.

Асноўная ўласцівасць зямлі, якая мела ў вачах старажытнага чалавека першаснае значэнне, – гэта ўрадлівасць, пладароддзе. Нязведаная цудадзейная сіла штогод давала жыццё раслінам і збажыне, людзям – хлеб надзённы, а жывёлам – корм.

З’яўленне з мёртвай глебы жывых парасткаў было шматвяковай загадкай, паралельна з абагаўленнем шчодрай глебы сфарміраваўся і культ жывых істот, якія ў сваю чаргу лічыліся яе адлюстраваннем і сімваламі. Таму ўсе якасці зямлі прыпісваліся ў роўнай ступені і ім, пишет сайт «Бобруйский курьер».

Так і атрымлівалася, што хтанічныя (зямныя) стварэнні насуперак сваёй нязначнай ролі ў жыцці чалавека ў народнай міфалогіі набылі зусім іншае, можна сказаць цудадзейнае, значэнне.

У сілу вышэйназваных прычын вужам пакланяліся як істотам, ад якіх у некаторай ступені залежала пладароддзе зямлі. У іх бачылі пасланцоў добрых нябёс і багоў і звярталіся да іх з малітвамі аб хуткім дажджы, добрым ураджаі, а часам і аб простым чалавечым шчасці.

Акадэмік Б. Рыбакоў не без падстаў адзначае: «Вуж, які жыве ля вады і выпаўзае падчас выпадання нябеснай вільгаці, тым самым быў ужо звязаны ў свядомасці першабытнага земляроба з незразумелым механізмам з’яўлення дажджу».

Старажытныя славяне лічылі, што вужы – гэта нішто іншае, як дажджавыя струмені, якія льюцца з неба на зямлю і застаюцца на ёй назаўсёды. На гэты факт скіроўваў увагу і Б. Рыбакоў: «Жывы пачатак зямлі адлюстраваны толькі вадаплаваючымі птушкамі і змеямі-вужамі».

На тое, што вужы на зямлі з’явіліся з неба, указваюць шматлікія легенды і паданні. Праўда, патрэбна агаварыцца, што тут падразумяваецца ў асноўным «вогненны вуж», «агністая вужака», «вужака палючая» (маецца на ўвазе метэарыт). Але калі аднесці гэтую з’яву да ранняй стадыі фарміравання свядомасці старажытнага чалавека, якая папярэднічала распаду ўсеагульнага міфа на канкрэтныя жанры фальклору, то перад намі яскрава выяўляюцца сапраўдныя хтанічныя карані, якія тым не меней цесна звязаны з нябесным паходжаннем архетыпа вужа.

Што датычыцца падабенства з прадметамі, то прывядзём агульнавядомы факт: у старажытнай Русі ХІІ – ХV стст. былі ва ўжыванні двухверныя абразы-абярэгі з характэрнымі змеягаловымі формамі, за што і атрымалі назву змеявікоў.

Другі бок такіх абразкоў звычайна ўпрыгожваўся сімваламі хрысціянскай веры, часам сустракаліся надпісы-заклінанні.

Але пакуль што сімвалічны сэнс змеягаловай кампазіцыі не да канца зразумелы і растлумачаны. Даказана, што аналагічныя амулеты існавалі і ў нашых суседзяў. У антыязычніцкіх пропаведзях рускага духавенства абярэгі-змеявікі называлі «наузами смрадными», з дапамогай якіх «недуг лечат чарами», і «немощного беса, глаголемого трясею мняться прогоняющи некими ложными письмены».

Часта адлюстраванне вужа можна было сустрэць і на вільчаках сялянскіх хат. Е. Раманаў у свой час пісаў: «Мабыць, такія адносіны чалавека да гэтых жывых істот (маюцца на ўвазе буслы і вужы. – А. Н.) усталяваліся даўным-даўно і ва ўсялякім выпадку многа стагоддзяў таму назад. Аб гэтым можна меркаваць па тым арнаменце, якім насельніцтва ўпрыгожвае тут вільчакі сваіх двухсхільных дахаў: гэта нязменна ці дзве змяі, звернутыя галовамі ў процілеглыя бакі, ці дзве галавы буслоў у такім жа становішчы».

І ў цяперашні час таксама зафіксаваны выявы галоў ці перакрыжаваных вужоў на вільчаках хат, у прыватнасці ў Слуцкім, Лунінецкім і Пінскім раёнах. Пераважна гэта была забалочаная мясцовасць.

Адзначым, што тут вельмі цесна сплецены два магічныя значэнні архетыпа вужа. Па-першае, выяву перакрыжаваных галоў на вільчаках можна было тлумачыць як засцерагальны сімвал ад удару маланкі. Маланка ў вачах старадаўняга чалавека асацыіравалася са змеямі-вужамі, якія агністымі промнямі ляцелі з неба, білі ў дрэвы, хаціны, іншыя гаспадарчыя будыніны і заставаліся назаўсёды жыць на зямлі, сярод людзей.

Выява вужа на аканіцах хацін мела таксама засцерагальную функцыю, толькі лічылася, што засцерагалі вужы тут хату ўжо не ад маланак, а ад усяго таго дурнога, дрэннага, што магло чакаць гаспадароў на зямлі: ад ліхіх людзей, ад хвароб, ад спалоху, ад падгляду і г. д.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]