Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Храмы бязь веры

11.10.2017 общество
Храмы бязь веры

У 1990-я ў праваслаўнай царквы была вельмі высокая ступень даверу.

Калісьці ў 1990-х легендарная газэта «Свабода» выйшла з сэнсацыйным рэпартажам-расьсьледаваньнем пра тое, як праваслаўная царква занялася прыбытковым бізнэсам – гандлем гарэлкай і тытунём.

Выбухнуў скандал, пра гэта пачалі пісаць шматлікія залежныя й незалежныя мэдыя, скандал набыў міжнародны статус, бо паднятая тэма зацікавіла не адно беларускае грамадзтва.

Працуючы ў той час на міжнародную тэлевізійную вяшчальную сетку Internews International, я дамовіўся на інтэрвію з адным высокім чынам праваслаўнае царквы і, задаючы свае пытаньні ды слухаючы адказы, усё ніяк ня мог зразумець, як і чаму такое стала магчымым.

Спачатку суразмоўца спрабаваў перавесьці размову ў рацыянальнае рэчышча, сьцьвярджаючы, што царкве трэба тэрмінова аднаўляць і будаваць храмы, бо іх крытычна недастаткова пасьля камуністычнае ўлады. Што для гэтага трэба «хуткія грошы», якія можа даць тавар, які абарочваецца імгненна, а гэткі тавар – гарэлка й тытунь.

Але пасьля маіх эмацыйных згадак пра Хрыста й гандляроў у храме, зразумеўшы, што маё надаўменьне абсалютна шчырае, прамовіў адну сакрамэнтальную фразу:

— Ну, бес папутаў.

Пасьля мы некалькі імгненьняў глядзелі адно аднаму ў вочы, стараючыся асэнсаваць сказанае.

З тае пары мінула шмат гадоў, але «бес путае» праваслаўных божых служак, як той казаў, рэгулярна й з задавальненьнем, ня гледзячы на саны й пасады.

Памятаю, як набывалі прамысловыя маштабы асьвячэньне ўсяго, што толькі можна, і рухомага, і нерухомага, што важна, зь цьвёрдай таксай.

Памятаю, як ў тыя ж 1990-я каля царквы на Вайсковых могілках для нейкай арганізацыі асьвячалі адзін вялікагрузны аўтамабіль, а празь нейкі час каля царквы на Старажоўцы асьвячалі цэлую партыю такіх самых фур, набытых у фірмы МАN. Той першы ўжо пасьпеў быў разьбіцца недзе ў Польшчы.

Памятаю, як неяк прыйшоў на Радаўніцу на Чыжоўскія могілкі і хацеў купіць сьвечку, але грошай у кішэні толькі тры рублі было, на што прыхаджанка альбо манашка-прадаўшчыца, патупіўшы погляд, прамовіла, што, маўляў, ім сказалі менш, чым за пяць не прадаваць. Пасьміхнуўшыся і пахваліўшы прыбытковы бізнэс, я рушыў на магілы сваіх сваякоў бязь сьвечкі.

Скандалы, зьвязаныя як з вышэйшым кіраўніцтвам царквы, гэтак і зь меншымі клірыкамі, здараюцца рэгулярна.

Пра гадзіньнік, яхты й кватэры Патрыярха Кірыла казана-пераказана, але гэта там, за мяжой.

У нашых пенатах свае малітвы. Калі вышэйшаму герарху дазволеныя маленькія чалавечыя радасьці, то што можа стрымаць сьвятара меншага чыну.

У Віцебску затрымалі бацюшку зь Ленінградзкай вобласьці, які падзарабляў на арганізацыі жаночай прастытуцыі. Грашовы абарот хутчэйшы нават за тытунь з гарэлкай.

Хістаньні сьвятароў зьвязаныя не адно з залатым цяльцом. Бацюшка з Гатава атрымаў тэрмін за захаваньне ў храме зброі, прыкладам.

Разважаючы над чарговым скандалам у Віцебску, разумееш, што нічога зь нічога ня робіцца, заўжды ёсьць прычына, якая вядзе да фатальнага выніку. Рэвалюцыя ці пераварот 1917 году, як каму заўгодна, мела сярод сваіх асноўных прычын і крызіс веры, калі народ глядзеў на апісаныя ў шматлікіх дакумэнтальных і літаратурных творах падобныя паводзіны кліру сто гадоў таму, ці мог народ натхняцца на веру.

Экзарх усяе Беларусі Павел у год пяцісотгодзьдзя выданьня Скарынаўскае Бібліі найбольш запомніўся перламі пра Мікалая ІІ і Ўладзімера Леніна ў дачыненьні да новасьпечанага кінафільма «Матыльда», але не пра Скарыну й выдадзеную ім Біблію.

Але скарынаўскі чын мусіў быць адзначаны сапраўдным подзьвігам. Пратэстанцкі пастар Тараc Цялькоўскі прабег у гонар пяцісотгодзьдзя пяцьсот кілямэтраў за пяць дзён. Па сто (!) кілямэтраў на дзень. Бязь веры чалавеку такое зрабіць цяжка, калі ўвогуле магчыма.

Патрыярх сэрбскі Павел бясконца сам рамантаваў свае адзіныя чаравікі, таму што іншых ня меў, і пэўна ня думаў пра гадзіньнікі «Breguet», кватэры ды яхты.

Я пішу гэты тэкст, бо сам праваслаўны.

У 1990-я ў праваслаўнай царквы была вельмі высокая ступень даверу. Я ня ведаю, можа варта было тады ўкладаць сілы, а ня грошы, і будаваць веру, а ня храмы. Бо ў храмах, дзе няма веры, няма сэнсу.

Алег Дашкевіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]