Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Настаўнік матэматыкі з Магілёвa перакладае Высоцкага і змагаецца за беларускую мову

28.11.2017 общество
Настаўнік матэматыкі з Магілёвa перакладае Высоцкага і змагаецца за беларускую мову

Міхась Булавацкі стаў для роднага горада бадай што асветнікам-універсалам.

27 лістапада ў Гродне свае кнігі прэзентаваў Міхась Булавацкі, вядомы магілёўскі настаўнік матэматыкі, журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч, піша «Народная Воля».

Першую з іх «Пра жыццё, пра волю, пра сябе…» складаюць 45 перакладзеных вершаў Уладзіміра Высоцкага. Яе Міхась Булавацкі рыхтаваў 15 гадоў: «Высоцкі – фігура даволі прыкметная ў Савецкім Саюзе. Пісаў песні пра свабоду, жывучы ў краіне несвабоды». Менавіта з перакладаў твораў Высоцкага пачаўся шлях Міхася Булавацкага да беларускай мовы яшчэ ў часы Перабудовы: «Неяк слухаў песні Высоцкага, і некалькі радкоў вельмі добра ляглі на беларускую мову. Я падумаў, як бы ўзяць увесь твор і перакласці яго. І я зрабіў гэта… Мне спадабалася тое, што атрымалася, і захацелася перакладаць яшчэ і яшчэ. І я пачаў Высоцкага перакладаць».

Наконт асобы Уладзіміра Высоцкага перакладчык зазначае: «Можа, у чалавека пачынала прачынацца ўсвядомленасць віны за сваю краіну. За тую самую Прагу, за той самы Будапешт… Гаворка пра тое, што з таго самага Сацыялістычнага лагеру краіны імкнуліся вырвацца».

У сваёй кнізе Міхась Булавацкі падкрэслівае: «Перакладаць Высоцкага няпроста. Яго паэзія багатая на яркія вобразы, метафары, шматслойнасць радкоў і сказаў, да таго ж укладзеная ў вельмі выразныя і прыгожа аздобленыя формы з філіграннна падабранымі рыфмамі і імклівай, дынамічна зменнай рытмікай. Перанесці ўсё гэта ў іншую мову, нават вельмі блізкую, без страт немагчыма. І калі ўзнікала праблема – захаваць аўтарскае, ахвяраваўшы пэўнымі нормамі роднай мовы, ці крыху змяніць аўтара, каб радкі прыгожа ўклаліся ў родную мову, — перакладчык не заўсёды прымаў рашэнне на карысць мовы. Спадзяюся, чытач не часта будзе спатыкацца на такіх мясцінах».

Другой кнігай Міхася Булавацкага з’яўляецца «Беларус у Беларусі» – гэта сапраўдны практычны даведнік. У ёй змешчана ліставанне з прадстаўнікамі ўлады па праблемах прыгнёту беларускай мовы.

Сёння Міхась Булавацкі — адзін з найбольш запатрабаваных рэпетытараў Магілёва, свае заняткі вядзе на роднай мове. Заснавальнік «Беларускага пяціборства» — спаборніцтва для школьнікаў на якасць іх агульнай адукацыі, дзе правяраюцца веды па гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і мове, матэматыцы і прыродазнаўстве.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]