Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сялянскі хлопец, які стаў мітрапалітам

10.02.2018 общество
Сялянскі хлопец, які стаў мітрапалітам

Няпростае жыццё першаіерарха БАПЦ.

Згадваючы нядаўнія словы мітрапаліта, які з варагаў у беларусы, пра розных багоў, можна, канечне, абурацца, хоць дзівіцца гэткаму цемрашальству нібы ўжо і не пасуе дарослым людзям, піша сайт budzma.by.

А можна, наадварот, урагатацца, паспрабаваўшы ўявіць, як на гэтую ж тэму дзесьці там высока-высока спрачаліся б паміж сабой апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандр Надсан і ўладыка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Мікалай. Гэта было б аніяк немагчыма, безумоўна, з цэлага шэрагу прычынаў, але з не апошняга: пры розных канфесіях у іх быў яшчэ адзін агульны зямны бог — Беларусь. І ведаючы на дваіх болей моваў, чым было апосталаў у Хрыста, яны лёгка разумеліся, бо абодва гаварылі і думалі па-беларуску.

А яшчэ абодва спалучалі святарскую працу з кніжнаю: пісалі, перакладалі, укладалі. І калі плён айца Аляксандра ў лонданскай Скарынаўскай бібліятэцы добра вядомы, дык даробак таронцкага мітрапаліта можа быць нечаканым нават для тых, хто летась адзначаў ягонае стагоддзе.

Міхал Мацукевіч — гэтак клікалі будучага іерарха — нарадзіўся 21 траўня (3 чэрвеня) 1917 года пад Самараю, куды трапіла сям’я пад час бежанства. Але сам сябе праз усё жыццё ён уважаў маталянінам і моцна ганарыўся тым (хоць вярнуліся яны ў той Моталь адно ў 1921 г.).

«Свабода садзейнічала фармаваньню своесаблівага характару маталяніна. Найперш яго вынаходлівасьці. Ува ўсякай сытуацыі, добрай ці благой, маталянін не лямантуе, злажыўшы рукі, а шукае выхаду зь бяды. З голаду памрэ, а ў старцы-жабракі ня пойдзе. Вялікі гэта сорам, непашана», — пісаў Мацукевіч у нарысе «Мястэчка Моталь». І ва «Успамінаx» — пра сябе, шчыра і з лёгкай усмешкаю: «Жыцьцёвыя варункі выраблялі мой характар. Я ёсьць такім, якім ёсьць. Як памятаю, малым быў надта баязьлівым. Бывала, як толькі сьцямнее на двары, баяўся сам выходзіць з хаты. Нават у сенях быць баяўся. У маёй уяве ўсюды там упацёмку xадзілі чэрці, якіх моцна баяўся. Ніколі ня быў адважным у бойцы. Усякую бойку абмінаў, таму зь нікім і ня біўся. Зь нікім таксама не спрачаўся й моцна ня спорыў. Але заўсёды заставаўся пры сваім мысьленьні. Часткова й цяпер так паступаю».

Як Васіль Стома пра Лужкі, як Язэп Гладкі (Адам Варлыга; успаміны нарэшце сёлета будуць надрукаваныя ў «Запісах БІНІМ», №40) пра Міхалкавічы, так і айцец Мікалай у адмысловым нарысе і ва «Успамінах» апісваў свой Моталь. З гэтага мястэчка выйшла нямала знакамітых габрэяў, найвядомейшы з якіх — першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Аднак згадваючы асобаў, важных у гісторыі, аўтар часам выходзіў і за ваколіцы роднага мястэчка:

«Хачу засяродзіць крыху больш увагі на Скірмунтах. Род Скірмунтаў, зь якіх паходзіў Раман, быў старым беларускім родам яшчэ зь вялікалітоўскіх часоў (герб «Дуб»). Ёсьць думка, што Скірмунты былі нашчадкамі яцьвягаў. Роду Скірмунтаў належала некалі амаль уся Піншына. […]

Фота: Лявон Юрэвіч

Падчас польскае акупацыі Заходняй Беларусі Раман Скірмунт гаспадарыў у сваім маёнтку ў Парэччы. Магчыма, што апрача Парэчча ён меў і іншыя маёнткі. З сваёй абслугай і сялянамі Раман гутарыў па-беларуску. Сяляне нават казалі: «Ён — наш пан, нават па-нашаму гаворыць». […]

Ніхто са Скірмунтаў ня быў у шлюбе. Раман Скірмунт жыў са сваёю сястрою Марыяй у маёнтку Парэчча. Рака Ясельда праходзіла праз Скірмунтавы ўладаньні. Сама забудова маёнтку над ракой і палі знаходзіліся на правым беразе Ясельды, а лясы — на левым. Пан Раман сябраваў з парэцкім селянінам Раманам Баранчуком. Яны бывалі адзін у аднаго й разам гулялі ў карты. Пра гэтае сяброўства двух Раманаў ведалі ўсе людзі ў ваколіцы.

У верасьнёўскую суматоху Раман Скірмунт хаваўся ў Рамана Банарчука ў вёсцы Парэчча. Але камуністы знайшлі яго й вывелі за Ясельду ў Коранскі лес, дзе забілі й засыпалі цела зямлёй. Каб супакоіць народ, дзеля вока, пару чалавек, што бралі ўдзел у забойстве Рамана Скірмунта, энкавэдысты арыштавалі й вывезьлі ў Сібір.

Вясной 1940 году пастухі, якія пасьвілі кароў у Коранскім лесе, знайшлі цела Рамана Скірмунта. Каровы пачалі бадаць адна адну й раўсьці каля месца, дзе цела было прысыпана зямлёй. Пастухі паведамілі ўладам пра знаходку. Раман Баранчук зьбіў з дошак труну свайму былому прыяцелю. Калі цела Рамана Скірмунта везьлі празь вёску Парэчча, сяляне высыпалі на вуліцу, каб аддаць апошнюю пашану свайму пану. Энкавэдысты, вярхом на конях, праводзілі цела й тайна пахавалі Рамана Скірмунта ў ягоным родным маёнтку Парэчча».

Успаміны, не надта вялікія памерам, тым не менш здольныя зацікавіць і гісторыкаў нацыянальнага руху, і даследчыкаў беларускіх мястэчак, і знаўцаў народнага побыту. Сакавітыя, бы ўзятыя з старонак Коласавай прозы, сцэны сямейнага выхавання: «Аднаго разу, перад абедам, бацька насварыўся на мяне. А я думаў, што несправядліва. Як заселі за стол, пачалі есьці, а я — сяджу. Бацька пытаецца, чаму ня ем. Адказваю яму, што не хачу. Бацька як трымаў лыжку, так і прылажыў мне да лба ды крыкнуў: «Вон з-за стала!». І так прагнаў мяне. Ніхто ня зьмілаваўся нада мною. Так я мусіў чакаць да вечара, каб паесьці. Гэта быў першы і апошні выяў майго незадавальненьня перад бацькам».

Ва ўспамінах Мацукевіча Беларусь паўстае краінай самабытнай, патрыярхальнай, па якой, ніколі не бачыўшы, настальгуеш, марыш, прагнеш; нават у дэталях: «Цяжка, вельмі цяжка мне было з расейскай мовай. Паволі навучыўся казаць «как», «как то», «как это», «как ты» і г. д. Па нейкім часе і я пачаў па-расейску «какаць». Аднак у мяне не выходзіла так, як «какаюць» расейцы. У мяне наагул з моваю было слаба. А тады дык зусім вельмі дрэнна».

Не была ідэальнай тая краіна, але пытанні, хоць бы і канфесійныя, паміж сваімі і вырашаліся па-свойму. Вось як пісаў у сваіх успамінах «Праз навальніцы і нягоды» грэка-каталіцкі святар айцец Леў Гарошка: «У нашай ваколіцы ў часе майго юнацтва было яшчэ шмат жывых традыцыяй аб «Еднасьці» — так называў Вунію мой дзед. Ня раз падчас Вялікага посту, калі здараліся прыкрыя інцыдэнты з платаю за споведзь і за картачкі, усе старэйшыя людзі з жалем гаварылі: «Калісь за часоў Еднасьці гэтага ніколі ня было». Дзед Пракоп мне некалькі разоў расказваў зь вялікім узрушэньнем, як аднойчы падчас паломніцтва ў Жыровічы стрэнуў каля сьвіцязянскіх лясоў старога вуніяцкага сьвятара, які хаваўся недзе каля Сьвіцязі. А дзед Васіль вельмі рэдка хадзіў у праваслаўную царкву — ён у нядзелю маліўся даўжэй удома і меў вялікую пашану да «ўпорствуючых»».

Фота: Лявон Юрэвіч

А гэта ўжо згадвае будучы праваслаўны іерарх Мацукевіч: «Тараканы — гэта былы вуніяцкі манастыр з ладным куском зямлі. Вёска, што знаходзілася побач з манастыром, называлася Імяніны. У ёй было пару вуніятаў. У манастырскіх будынках пры школе жыў вуніяцкі сьвятар. Багаслужбы ён служыў у кожную нядзелю й сьвяты. Службы адбываліся ў былым рыма-каталіцкім касьцёле па ўсходняму абраду. У храме быў пастаўлены іканастас і праваслаўны прастол. Гэта была лавушка для праваслаўных».

Намагаліся абыходзіцца паміж сабой без абразаў і гвалту.

А потым была вайна. Раненне (Мацукевіч служыў у польскім войску), вяртанне дахаты, нямецкая турма і вываз у Нямеччыну, вызваленне амерыканцамі, польскае войска, праца на фермах у Шатландыі, пераезд у Лондан, дзе нарэшце Міхал Мацукевіч знайшоў беларускую грамаду і нават быў прызначаны гаспадаром Беларускага Дому.

А ў 1951 годзе ён, вырабіўшы належныя дакументы, выехаў у Канаду, таксама да сваіх, беларусаў:

«Мы былі беднымі, але ахвярнымі. У нас не было цяжкасьцей сабраць грошы на грамадзкія патрэбы. Мы складаліся між сабою ды пакрывалі расходы прэзыдэнта Абрамчыка і ўладыкі Васіля. Яны самі жылі ў матар’яльным недастатку, таму і ад нас многа не вымагалі. Мы былі маладымі ды хацелі быць вартымі свайго беларускага. Адарваныя ад родных ніў і народу, ня ведаючы сваёй будучыні, мы прагна цягнуліся да ўсяго беларускага, бо яно выклікала ў нас чуцьцё самазахаваньня й папіхала нас да лучнасьці, да свайго».

Тут, у Канадзе, ва ўкраінскай Калегіі Св. Андрэя ў Вініпегу адбылося тое, да чаго, здаецца, Міхал Мацукевіч ішоў цягам усяго свайго жыцця: праз тры гады навучання, у траўні 1954 года ён быў рукапакладзены ў святары.

Жыццё набыло сэнс і мэту, але ніяк не палегчала. Як напісала адна з парафіянак на першую гадавіну смерці мітрапаліта: «Агульна прынята, што сьвятара ўтрымлівае парафія. Але наш айцец Міхал у нядзелі й сьвяты служыць у царкве, а на працягу тыдня працуе на фабрыцы, каб зарабіць на пражыцьцё. І гэтак працаваў ён на фабрыцы праз пятнаццаць гадоў аж да таго часу, калі ў 1969-м годзе стаўся япіскапам. Тады грамадзтва сказала, што япіскап ня можа працаваць на фабрыцы».

Беларускі святар — заўсёды больш, чым проста святар. Даводзіцца служыць не толькі ў Таронта, але і ездзіць у Манрэаль, Атаву, Садбуры; усё бярэ час і сілы: Канада, што ні кажы, — краіна большая за Беларусь. І гэта на фоне царкоўнага расколу, які забірае сілы, нервы, адно ліставанне з мітрапалітам Андрэем чаго вартае!

І нічога гатовага, паднесенага на талерачцы; даводзіцца збіраць ахвяраванні на набыццё Беларускага Дому і царквы, самому набываць неабходнае для багаслужбаў. Але ж нават за грошы ўсяго не купіш! І айцец пачынае займацца ўкладаннем «Праваслаўнага малітоўніка» і «Службоўніка».

У лісце ад лютага 1985 года ён піша сябрам у ЗША: «Гэтта залучаю крыху дабавачнага вельмі важнага матарыялу да Службоўніка для перагляду сп. праф. А. Адамовічу. Залучаю восем нядзельных кандакоў на восем сьпеваў.

Ня ведаю, як даўга яшчэ возьме праф. А. Адамовічу праверыць пераклад Службоўніка.

Ня ведаю здароўе й сілы сп. праф. А. Адамовіча і ня ведаю, колькі ён можа пасьвяціць часу для Службоўніка. Дзеля гэтага не адважваюся дакучаць яму, каб ён як мага прыскорыў перагляд і карэкту надасланага матарыялу.

Мяне ахоплівае страх і баязьлівасьць, што я ня ўбачу выхаду Службоўніка. А прызначаная сума на друк пойдзе Бог ведае куды. А вельмі хочацца, яшчэ перад адыходам, убачыць яго надрукаваным.

На вялікі жаль, я ня маю асобы, якой я мог-бы даручыць дагляд за выданьнем Службоўніка.

Цяпер другая праблема, што прызначаныя грошы на друк і хаваныя пад падушкай могуць быць украдзены бяз весткі, хто іх забраў. Я жыву ў доме для старых, і іншыя людзі маюць ключы да майго пакою. У выпадку чаго-небудзь яны першыя перавярнуць дагары нагамі ўсё ў маім пакоі.

Я ня ведаю, колькі прызначана мне жыць. Але канец можа настаць сёньня, заўтра, за месяц, за год ці два. Я ня чуюся надта моцным».

Працуе над беларускай рэлігійнай тэрміналогіяй, ужо сам наважваецца турбаваць Адамовіча: «Ці будзе гэта непрадбачальны праступак, калі я застануся пры «дабраславёны»? Калі ўзяць «блаславі», тады пагэтаму самаму правілу трэба-б было пісаць «Блавешчаньне», а не «Дабравешчаньне». Мітрапаліт Андрэй — «Багаславёны», што ніяк не адказвае запраўднасьці ці праўдзівасьці.

Фота з сайта budzma.by

Мы толькі што пачынаем перакладаньне багаслужбовае мовы на беларускую і ня маючы ўсталяванай (вырабленай) беларускай царкоўнай тэрміналёгіі, надалей будзем натыкацца на наватворы ды ламаць галаву. Але ці трэба баяцца? Наватворы з часам выгладзяцца ды здабудуць беларускае мовы грамадзянства. А некаторыя новатворы зусім зьнікнуць».

З гэтых пошукаў і знаходак быў складзены выдрукаваны ў 1992 годзе «Кароткі беларускі тэрміналагічны царкоўны слоўнік». «Ці былі спробы раней, — пісаў у прадмове складальнікархіяпіскап Мікалай, — дзеля апрацоўкі беларускага царкоўнага слоўніка, мы ня ведаем і мы ня хочам забіраць пяршынства, ня маючы на гэта вестак, але нам думаецца, што гэты зьяўляецца першым у нашай гісторыі».

Захоплены ўласнай працаю над гісторыяй Моталя, праседжваючы гадзінамі ў чытальнай зале Нью-ёркскай публічнай бібліятэкі, ён складае і выдае ў тым самым годзе яшчэ адзін слоўнік — «Слоўнік сваяцтва»: «Можна пачуць сярод беларусаў на чужыне вельмі чужыя налёты на нашую мову, як «кузынаў», «пляменьнікаў» ды яшчэ горш, што нявестка мужыковага бацьку называе ня сьвёкрам, але цесьцям, а маці цешчай, а мужыковага брата — ня дзеверам, а шваграм». А цяпер было лёгка спраўдзіць, не выбіраючыся ў вялікія бібліятэкі, хто такая асыпальніца, нябожа, хто такія прыбраныя бацькі і прымак, стрый і ятроўка.

Намаганнямі ж уладыкі Мікалая было выдадзена ў 1988 годзе ў Таронта «Напрастольнае сьвятое Эвангельле», «Парэміі», але найвышэйшым дасягненнем — і як святара, і як грамадскага дзеяча, і як беларуса — сталася выданне ў 1995 годзе ў Мінску ў перакладзе Васіля Сёмухі «Новага Запавету. Псалтыра», на адвароце тытульнай старонкі якога назаўсёды застанецца: «З дабраславеньня Найпачасьнейшага Мікалая, Архіепіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы».

Мітрапаліт Мікалай памёр 20 чэрвеня 2002 года, праз некалькі дзён пасля ўрачыстага адзначэння ў царкве Св. Кірылы Тураўскага у Таронта, ягонай царкве, 85-х угодкаў ад дня нараджэння. Як было сказана ў некралогу ў газеце «Беларус», «Энтуязыстычныя галасы сьпявалі «многая лета». Яму, хто нахтняў без матэрыяльнай узнагароды, служыў, маліўся, выхоўваў, верыў у дабрыню суродзічаў, цягнуў грэшнікаў у сьвет любові, пакаяньня, дабрачыннасьці, сьціпласьці й міласэрнасьці дый бязьмежнай любові да чужынцамі паняволенай Радзімы, да аднаўленьня сьвятыняў».

Зроблена, здзейснена — ды ў якіх умовах! — бы не за адно жыццё. Шмат яшчэ даведаемся, як будзе напісаная першая гісторыя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на эміграцыі. Вось толькі ўжо не дазнаемся, пра што думаў мітрапаліт, выводзячы ў сваім маленькім пакоі на старонках уласных «Успамінаў»:

«Як і ў далёкім дзяцінстве, так і цяпер перажываю самотнасьць. Адчуваю, што нешта недзе страціў у сваім жыцьці беспаваротна. Толькі не магу здагадацца — што?».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]