Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларус пройдзе на лыжах праз усю Ісьляндыю зь нацыянальным сьцягам

01.03.2018 общество
Беларус пройдзе на лыжах праз усю Ісьляндыю зь нацыянальным сьцягам

Завяршыць вандроўку Кірыл Якімовіч зьбіраецца ў Скоўгары на поўдні выспы.

Беларус Кірыл Якімовіч пачаў свой самотны маратон па замерзлай лаве ў Ісьляндыі. Ён рушыў у шлях зь мясцовасьці Блёндуос на ўзьбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяну. Завяршыць вандроўку Якімовіч зьбіраецца ў Скоўгары на поўдні выспы. Ідзе адзін, зь бел-чырвона-белым сьцягам, які пашыла жонка.

Кірыл Якімовіч жыве ў Празе. Ён горны гід, які якраз цяпер рыхтуецца атрымаць міжнародную кваліфікацыю UIMLA. Перад тым, як надзець лыжы, ён адказаў на пытаньні «Свабоды».

— Кірыл, адкрыйце таямніцу, што трэба зрабіць чалавеку, каб прымусіць яго аднаго ісьці 400 км на лыжах у краіне на канцы сьвету?

— Я толькі пачынаю, і ня факт, што ўсё ўдасца. Вельмі цяжкая тэрыторыя, вельмі цяжкія ўмовы. Як толькі нешта пойдзе ня так, у мяне ёсьць магчымасьць сысьці на палове маршруту і вярнуцца. Але я маю дастаткова досьведу для таго, каб лічыць, што ўсё атрымаецца. У Рэйк’явіку ўчора было +7 і ўсе хадзілі бяз шапак, а за 20 км ад сталіцы ляжыць сьнег. Гэта новая выспа, і некаторыя рэльефы маладзейшыя за чалавека на 10 тысяч гадоў. Лававыя палі, мікрарэльефы, рэкі. Гэта даволі цяжка, і з сабою не пацягнеш усяго таго, што людзі бяруць у звычайныя сьнежныя паходы, з санкамі-валакушамі. Я рыхтаўваўся два гады.

— За колькі плянуеце прайсьці трасу?

— Усё залежыць ад умоваў. Сам я даволі хуткі, у мяне досьвед ўльтрамаратонаў, я неблагі лыжнік і маю няшмат рэчаў. Плянаваў, што ўвесь адцінак, плюс-мінус 400 кілямэтраў, прайду за 10-12 дзён. Усё залежыць ад надвор’я і становішча рэк. Бо іх даводзіцца абыходзіць або пераходзіць.

— Кірыл, чаму вы ідзяце адзін?

— Для мяне гэта прасьцей. Ісьці аднаму і разьлічваць толькі на сябе. Са сваім тэмпам. Я даволі шмат вадзіў групы ў гарах апошнія гады, і таму для мяне гэта будзе адпачынак.

— Ісьляндыя — гэта не цэнтральная Эўропа, дзе хоць недзе параскіданыя вёскі, гарады. Ваш маршрут — гэта суцэльная пустэльня. Як у вас прадумана пытаньне бясьпекі?

— Зімой на гэтай трасе нікога няма. Улетку там так званыя F-трасы, па якіх езьдзяць здаровыя джыпы зь вялізнымі коламі. Яны пераяжджаюць некаторыя рэкі ўброд. Там ёсьць тэрмальныя крыніцы, людзі купаюцца. Але лета тут — гэта ліпень і жнівень. І сьнег там то ляжыць, то растае, што яшчэ горш. А цяпер самы адпаведны для мяне час. Сьнег яшчэ ёсьць, дні ўжо доўгія, як і ў нас. Надвор’е вельмі жорсткае. Моцнага мінусу тэмпэратуры быць не павінна, але вятры будуць жорсткія. Пры тэмпэратуры +5 можа дзьмуць вецер 100 км/г і валіць з ног.

— А дзе вы будзеце начаваць?

— У мяне цудоўны намёт, у ім і буду. Ён вытрымае і моцны вецер.

— А дзе вы будзеце цягам двух тыдняў здабываць ежу?

— Я ўсё маю з сабою. На дзень — 500 грамаў ежы. Усё вельмі смачна і збалянсавана. Мая вячэра — 140 грамаў залітыя 500 грамамі вады. Любы смак, нават ялавічына з бульбай.

— Нядаўна вы выстаўлялі ў сацыяльных сетках адмарожаныя ў гарах Аўстрыі пальцы. А што калі нешта здарыцца і патрэбная будзе пільная дапамога? Там жа няма нават мабільнай сувязі.

— У Ісьляндыі ёсьць адмысловая праграма, я зьмясьціў туды свой маршрут. То бок яны будуць мець са мною кантакт. Яны даюць у арэнду датчык PLB (Personal Location Beacon). Я маю свой уласны, спадарожнікавы. Калі нешта здараецца, то ты проста націскаеш кнопку, па цябе прылятаюць і забіраюць. Ёсьць такая кнопка, якая высылае інфармацыю маёй жонцы пра маё месцазнаходжаньне. Яна зможа пабачыць, дзе я на Google Maps з дакладнасьцю да 10 мэтраў. Іншая кнопка дашле ёй інфармацыю, што я знайшоў добрае месца для начлегу.

— Ісьляндыя пакрытая леднікамі. Гэта вельмі небясьпечныя мясьціны, дзе пад ільдом хаваецца пастка ў выглядзе вялізных ямаў.

— Там, дзе леднікі, ні ў якім разе нельга хадзіць аднаму. Я іду акурат паміж двума леднікамі. Там проста выключаная пагроза правалу пад сьнег. Цяжкая сама паверхня. Лававыя палі часам нагадваюць заараную глебу. Зааралі палетак, але яшчэ не прабаранавалі. І навокал камякі застылай лавы, па якой амаль немагчыма ісьці. Часам трэба ісьці пару гадзін адзін кілямэтар, скакаць з каменя на камень. Узімку нават прасьцей, бо гэта засыпана сьнегам. Працуючы гідам, я ведаю, што трэба мець запасны маршрут, і я яго маю. Калі ўдасца, ён можа стаць камэрцыйным. Бо ўзімку па іх ня ходзяць.

— А колькі грузу вы будзеце несьці на плячах?

— 20 кг. Я чытаў пра памылкі, якія рабіліся да мяне. Некаторыя цягнулі па 40 кг і з гэтай прычыны за дзень праходзілі ўсяго па 10 км. Гэтая вага іх спыняла.

— А навошта было ляцець ажно ў Ісьляндыю, каб прайсьці 400 км? У Беларусі няма замерзлай лавы, але можна сабе прыдумаць таксама нялёгкі маршрут.

— Гэта чароўнае месца. Тры гады таму я быў тут з жонкай, і мы аб’ехалі выспу на машыне. Мы выходзілі на пару гадзін ад машыны і бачылі, наколькі гэта бязьлюднае, вельмі агрэсіўнае і абсалютна не прыстасаванае для жыцьця чалавека месца. Ісьляндыя — каралева мікрарэльефу. У Альпах гадзінамі ўваходзіш на гару і столькі ж спускаесься. А тут усё маленькае, мініятурнае. І гэта цікава. Дый даляцець у Ісьляндыю цяпер нескладана.

— Кірыл, а навошта такое рабіць? Гэта і некамфортна, і небясьпечна. Які ў гэтым сэнс?

— Бывае, што нешта западае ў галаву і не адпускае. Я жыў гэтай ідэяй два гады. Я шмат чытаў, даведваўся. Я ўзважваў амаль кожны элемэнт свайго рыштунку на кухонных вагах і ведаю, колькі важыць нож, лыжка і боты. Хадзіў па холадзе і адчуваў, што куртка слабая, што ў Ісьляндыю патрэбная лепшая. Жонка пашыла наш сьцяг, і я іду.

— А што трэба для таго, каб прайсьці такую трасу?

— Пакуль ня ведаю, бо яшчэ не прайшоў. Але я спадзяюся, бо маю запас энэргіі. Я трэніраваўся, ведаю сябе і думаю, што за дзень змагу праходзіць 30 ці больш кілямэтраў. Я таксама бегаю і ведаю, колькі сілы на гэта пойдзе. Паем, за ноч адпачну і далей. Калі ты заўсёды ў холадзе, калі адзіны прамень цяпла — гэта ты сам, гэта цікавы досьвед. Калі ты адкладзеш у ваду бутэльку з вадой — яна замярзае, і яе больш няма. Калі ты пакладзеш шакалядку ў заплечнік, то ты яе не зьясі. Яе трэба спачатку пакласьці ў кішэню, трохі пагрэць, а пасьля зьесьці. Гэта будзе для мяне нязвыклы досьвед, бо я чалавек сацыяльны, а Ісьляндыя — гэта ўсё ж адзінота. І гэта будзе для мяне самае вялікае выпрабаваньне — прабыць гэты час у адзіноце. Калі ты сьпіш на лаве, а над галавою паўночнае зьзяньне, гэта цяжка псыхалягічна. Гэта цяжка, але і цікава. Ты можаш разьлічваць толькі на сябе. Ідзеш у тэмпе ў якім хочаш. Свабода.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]