Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

ВКЛ і БНР прыгадваліся ў праекце першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі

15.03.2018 общество
ВКЛ і БНР прыгадваліся ў праекце першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі

Невядомыя факты пра асноўны закон нашай краіны.

15 сакавіка 1994 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Аднак гэты, канчатковы тэкст, істотна адрозьніваўся ад першапачатковых варыянтаў, якія былі падрыхтаваныя Канстытуцыйнай камісіяй і прымаліся Вярхоўным Саветам як праекты.

Пра тое, што ў праекце Канстытуцыі спачатку не было разьдзела пра прэзыдэнцтва, што гэты разьдзел прымаўся з парушэньнем Рэглямэнту Вярхоўнага Савета, шляхам патаемнага галасаваньня бюлетэнямі, і дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія былі супраць прэзыдэнцтва, ня ўдзельнічалі ў галасаваньні — пісалася неаднойчы.

Але значна менш вядома, што яшчэ ў 1993 годзе Канстытуцыя пачыналася з узгадак у тым ліку і пра ВКЛ і БНР.

Мне давялося быць членам Канстытуцыйнай камісіі, і ў маім архіве захаваўся праект Асноўнага закону па стану на 11 сакавіка 1993 года (між іншым, роўна за два тыдні да сьвяткаваньня 75-х угодкаў незалежнасьці БНР).

Паводле гэтага праекту, Канстытуцыя пачыналася наступным чынам:

«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі)...»

У дужках звычайна пазначаліся варыянты, у гэтым выпадку — варыянт новага назову краіны. Некаторыя дэпутаты (у тым ліку і я) лічылі, што назва «Рэспубліка Беларусь», прынятая ў верасьні 1991 году, з’яўляецца рудымэнтам і стварае ў сьвядомасьці ўспрыманьне краіны як часткі нейкай большай дзяржавы (напрыклад, доўгі час яшчэ паводле савецкай традыцыі казалі «рэспубліканская прэса» (гэта значыць беларуская) і «цэнтральная» — маскоўская). Як вядома, у канчатковым варыянце засталася цяперашняя назва.

Цалкам жа прэамбула Канстытуцыі гучала так:

«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі),

зыходзячы з адказнасьці за сучаснае і будучае Беларусі,

усьведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусьветнага супольніцтва і пацьвярджаючы сваю прыхільнасьць да агульначалавечых каштоўнасьцей,

грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэньне,

абапіраючыся на шматвяковую гісторыю разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці,

аддаючы належнае пошукам справядлівага грамадзкага ладу на старажытнай зямлі Беларусі, якія знайшлі адлюстраваньне ў Статутах Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, Статутных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, Канстытуцыях Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а таксама ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь,

імкнучыся зацьвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забясьпечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўлядзьдзя і прававой дзяржавы,

прымаем гэтую Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь».

Як бачыць чытач, у прэамбуле ўзгадваліся і ВКЛ, і БНР, і БССР. Прычым, у адрозьненьні ад назвы краіны, дзе дапускаліся варыянты — тут ужо была канчатковая згода членаў Канстытуцыйнай камісіі.

Праект першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі, 1993 год

Найбольш гістарычна значныя рашэньні Вярхоўным Саветам прымаліся альбо пад ціскам (як абвяшчэньне незалежнасьці 25 жніўня 1991, калі намаганьні дэпутатаў Апазыцыі БНФ падтрымлівала Плошча), альбо ў выніку перамоваў і кампрамісаў (як прыняцьце «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў 19 верасьня 1991).

Вышэйцытаваныя радкі былі вынікам кампрамісу. У Канстытуцыйную камісію ўваходзілі як камуністы, былыя кіруючыя партыйныя работнікі, артадаксальныя вэтэраны, генэралы ў адстаўцы і дзейныя генэралы КДБ, гэтак і дэпутаты Апазыцыі БНФ. Спрэчкі па шмат якіх пазыцыях ішлі жорсткія. І ўсё ж, у гэтым выпадку ўдалося ўнесьці ў праект і згадкі пра ВКЛ і БНР — камуністы пагадзіліся на гэта, ну а мы пагадзіліся ўзгадаць БССР. Прыгадваньне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прынятай у 1990 годзе ў тым ліку і членамі Канстытуцыйнай камісіі асаблівых пярэчаньняў не выклікала.

Каб правесьці ў Канстытуцыю, не хапіла галасоў

Такім чынам, 75-годзьдзе незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі мы адзначылі з праектам Канстытуцыі, у якім БНР была зафіксаваная як этап дзяржаўнасьці.

Аднак ужо праз некалькі тыдняў, у красавіку 93-га, большасьць Вярхоўнага Савета прагаласавала за ўваходжаньне Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД, якая фактычна кантралявалася расейскім Генштабам (ініцыятарам уключэньня пытаньня ў парадак дня сэсіі быў дэпутат Лукашэнка). Адбыліся і іншыя падзеі, якія не пайшлі на карысьць умацаваньню незалежнасьці, пра якія пішу ў новай кнізе «Дзевяноста трэці».

У выніку, абзац з узгадваньнем этапаў беларускай дзяржаўнасьці быў цалкам выкрасьлены з праекту Канстытуцыі — нам проста не хапіла галасоў, каб яго правесьці ў Канстытуцыю.

Аднак мне чамусьці падаецца, што ў новым парлямэнце будучай дэмакратычнай Беларусі галасоў дэпутатаў, якія з павагай паставяцца да гісторыі Беларусі, будзе больш чым дастаткова.

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]