Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Абдзіралаўка

01.04.2018 политика
Абдзіралаўка

Найбольш крыўдна, калі грошы, якія «па капейцы» збіраліся на працягу доўгага часу, крадзе ўлада.

Выраз «збіраць грошы на смерць», відаць, бытуе толькі на постсавецкай тэрыторыі. Ва ўсякім выпадку ў заходніх краінах, дзе быў, такога не чуў. Там у грамадзяніна ёсць банкаўскія рахункі, з якіх ён здымае сумы на жыццёвыя патрэбы, адтуль радня бярэ сродкі і на правядзенне жалобнага рытуалу.

У маленстве, калі думкі пра жыццё і смерць яшчэ не даймалі розум, давялося ўбачыць бабульчын хатулёчак, у які яна склала неабходнае для пахавання адзенне і абутак. Здарылася гэта выпадкова, бо бабуля Вольга вымала яго з далёкага кутка шафы нячаста і патаемна. Тым не менш, калі ўпершыню заспеў яе за разглядам сумнага скарбу, яна не адмахнулася ад мяне, а з усмешкаю прытуліла да сябе, пацалавала, расказала што да чаго. Успомніла, як сама чула тлумачэнні сваіх бабулек. Прытым у яе голасе не было сумных, слязлівых нотак, аповяд пра чалавечы адыход гучаў проста і светла…

Звычай рыхтавацца да смерці жыве спакон веку. Кожны чалавек разумее і рэалізуе яго па-рознаму. А некаму такія думкі наогул не прыходзяць у галаву. Вяду гаворку не пра духоўны стан людзей, складаныя філасофскія развагі і душэўныя перажыванні, а закранаю толькі звычайны побытавы аспект. Пра даволі распаўсюджаны выпадак некалі я расказаў у вершы «Дзед»:

«Саб’ю труну — і на гару,

Змайструю, нібы цацку,

Каб пахавалі, як памру,

Не абы-як. Па-царску!»

І, папляваўшы на далонь,

Дзед браўся за сякеру.

Зноў расчыняла ўсё сяло

Прад майстрам насцеж дзверы.

Каму — шчыльней падціснуць столь,

Каму паставіць рамы.

Пастукваў дзятлам малаток

І ўвечары, і ўранні.

І зрубы, як грыбы, раслі,

На дол паўзлі габлюшкі…

У хаце хтось дачку туліў,

А нехта сына гушкаў.

А ён падковай гнуў спіну

І ўсё зрабіў як быццам…

Суседзі ладзілі труну

Дзед пра яе забыўся.

У мінулым падрыхтоўка да адыходу на вечны спачын магла абмяжоўвацца выбраным месцам на могілках, сабраным жалобным хатулёчкам або загадзя змайстраванай дамавінай. З цягам часу працэдура пахавання чалавека значна ўскладнілася, выдаткі выраслі, і таму старыя людзі сталі «збіраць грошы на смерць». З працэсам назапашвання сродкаў, захоўваннем іх дома звязаны тысячы крымінальных гісторый.

Маральная дэградацыя ў грамадстве, п’янства і наркаманія, парушаныя сувязі паміж родзічамі, калі сын можа падняць руку на маці або бацьку, унук — на бабулю або дзядулю, прывялі да таго, што часта прычынай забойстваў сталі якраз «грошы на смерць». Але самыя распаўсюджаныя віноўнікі драматычных і нават трагічных падзей — гэта банальныя кватэрныя злодзеі і грабежнікі. Шмат такіх гісторый чуў як у вёсцы, так і ў горадзе. Быў і ў маёй сям’і выпадак, калі зламыснікі абрабавалі кватэру. Асабліва шкада было разгубленую, спалатнелую абліччам цешчу, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, якая па старой завядзёнцы хавала адкладзеныя з пенсіі «святыя грошы» ў шафе.

Але для людзей, якія нагараваліся за жыццё, чарговая побытавая бяда не становіцца «канцом свету». Цераз яе можна пераступіць. Найбольш крыўдна, калі грошы, якія «па капейцы» збіраліся на працягу доўгага часу, крадзе ўлада. Так здарылася пасля распаду СССР, бо ўсе рахункі ў ашчадных касах «згарэлі».

Мала таго, што грамадзянам нічога не вернута, дык яшчэ ў незалежных краінах, дзе ўладу захапілі дыктатары і аўтакраты, пануе «абдзіралаўка» насельніцтва. «Грошы на смерць» збірае сам кіруючы клан. Розніца толькі ў тым, што чалавек назапашаныя сродкі беражэ да свайго апошняга ўздыху, а ўлада выдаткоўвае іх на ракеты, самалёты, танкі, гарматы, стралковую зброю, боепрыпасы, розныя тэхнічныя прыборы і прылады, амуніцыю. Цяжка аспрэчыць праўдзівае меркаванне, што, нягледзячы на «абарончую» дэмагогію палітычных «ястрабаў», сродкі на любыя ваенныя патрэбы прадугледжваюць масавую смерць людзей.

Я разумею, што міру на Зямлі ніколі не будзе, што кожнай краіне трэба абараняць свае межы. Але абарона павінна ў кожным канкрэтным выпадку грунтавацца на разумным падыходзе да праблемы, мець здаровы сэнс, а не станавіцца проста тупым нарошчваннем сілы, маштабным марнатраўствам агульнанародных фінансаў. У Беларусі і Расіі няма грошай на жыццё, пра што сведчыць нізкі дабрабыт большасці насельніцтва, затое іх хапае на смерць, бо бюджэтныя выдаткі на армію ніколі не выклікаюць пытанняў.

У дакументальным фільме «Микропорядок—2018» У. Пуцін прызнаўся, што не сумняваўся ў негатыўнай рэакцыі міжнароднай грамадскасці на далучэнне паўвострава Крым да Расіі, але «был готов положить на чашу весов отношения со многими странами мира». Ён сцвярджае, што «некие силы сознательно подвели Москву к такой черте, оказавшись на которой она должна была действовать». А самі дзеянні прэзідэнт назваў «неожиданными, быстрыми, решительными и дерзкими».

Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што, як заявіў Пуцін, «все это было игрой на длительную перспективу». Фанабэрыстыя словы гучаць злавесна для ўсіх зямлян, а тым больш для нашай краіны, якая знаходзіцца ў эканамічнай, фінансавай і вайсковай залежнасці ад усходняй суседкі. Нашую хісткую сітуацыю абвастрае яшчэ і неаднаразовая заява А. Лукашэнкі пра тое, што «Беларусь — основной форпост России на западном направлении». Атрымліваецца, што без ніякай на гэта згоды тутэйшы люд становіцца «гарматным мясам», заганяецца ў акопы і траншэі.

Па колькасці чыноўнікаў і сілавікоў на душу насельніцтва мы лідзіруем у Еўропе. Але даўно стала зразумелым, што як для эфектыўнага кіравання гаспадаркай, так і для абароны Беларусі столькі службоўцаў не патрэбна. Па-першае, НАТА нападаць на нас не збіраецца, па-другое, моц беларускай арміі ў параўнанні з ваеннымі магчымасцямі развітых краін — мізэрная. Увогуле, сёння стаўка робіцца на розум, на інтэлектуальныя і навуковыя дасягненні, бо прымусовая і ваенная сіла не могуць вырашыць задач, якія стаяць у ХХІ стагоддзі прад кожнай краінай свету.

Пры пачварнай амбіцыйнасці, псіхічнай неўраўнаважанасці дыктатараў і аўтакратаў, іхняй мінімальнай здольнасці прыслухоўвацца да думкі іншых, ісці на кампраміс і дамаўляцца верагоднасць трэцяй сусветнай вайны вельмі вялікая. Чарговыя расійскія «неожиданные, быстрые, решительные и дерзкие» дзеянні, якія не застануцца без адказу, здольныя прывесці да глабальнай катастрофы. Але хто і каго будзе абараняць пасля яе?

Разгул «халоднай вайны», што з кожным днём нарастае, дыктуе жыхарам планеты суровы падыход да дыктатараў і аўтакратаў, якія размахваюць «ядзернай дубінай». Даступнымі спосабамі, у тым ліку жорсткімі санкцыямі і адхіленнем ад пасады, неабходна нейтралізаваць агрэсіўныя памкненні…

Глядзіш, слухаеш і думаеш: якой толькі зброі не нарыхтавалі палітычныя «ястрабы» на галовы мірных людзей за іхнія ж крэўныя грошы! Ударная сіла яе такая, што дзясяткі разоў можна знішчыць чалавецтва, а сама планета пры двухбаковым масіраваным запуску ракет з атамнымі боегалоўкамі хрусне, нібы грэцкі арэх пад шчыпцамі…

Сёння сэрца не напаўняецца гонарам за мілітарысцкія дасягненні Расіі і Беларусі, злучаных аўтакратамі ў гэтак званую саюзную дзяржаву. Яно шчыміць і спачувае сагнутым бязлітасным часам і цяжкай працай людзям, у якіх украдзены нават «грошы на смерць».

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]