Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Мы іх памятаем

01.04.2018 политика
Мы іх памятаем

Перакананы, што не пашкодзіць яшчэ раз падзяліцца ўражаннямі ад святкавання беларусамі стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Шмат пра гэта пісалі, гаварылі, прамаўлялі ў выступах, фатаграфавалі і абмяркоўвалі сфатаграфаванае, аналізавалі што зрабілі, што напісалі і што сказалі… Але ўвесь час здаецца, што трэба штосьці яшчэ. Трэба прыпомніць усё. Трэба нічога не ўпусціць. Асабліва важнага.

А 25-га сакавіка 2018-га году ва ўсіх кутках нашай планеты дзе толькі ёсць беларусы прайшлі святочныя ўрачыстасці. Беларусы славілі сваіх прашчураў, якія ажыццявілі мару лепшых сыноў і дочак беларускай нацыі на аднаўленне сваёй дзяржаўнасці. За гэтую мару змагаліся, рызыкавалі свабодай і жыццём, але не зракаліся яе.Таму што гэта натуральнае і лагічнае пачуццё для кожнай нацыі – мець сваю вольную, незалежную і справядлівую дзяржаву.

І мы, як нацыя, выпакутавалі гэта права. І таму ў соты Дзень Волі гучалі выступы, гралі музыкі, спявалі артысты, весяліліся ўдзельнікі, грымелі салюты, луналі сцягі… Наша планета ў гэты дзень стала бел-чырвона-белай. А юбілейны год толькі пачаўся. І на працягу цэлага году грамадзяне Беларусі, як і нашы славутыя продкі сто год таму, будуць заяўляць усяму свету, што ёсць зямля, на якой жывуць беларусы. Што яны тут былі здаўна і будуць заўсёды. Што 100 год таму на палітычнай мапе свету ўзнікла краіна з назвай Беларусь, і з гэтай рэчаіснасцю трэба лічыцца. Лічыцца ўсім і заўсёды.

100 год таму ворагі беларускай ідэі не зразумелі гэтага. Яны прыклалі ўсе намаганні і не далі ажыццявіць яе да канца тады. Але беларуская ідэя перажыла іх. Перажыве і тых, хто з ёй змагаецца сёння. Савецкі Саюз разваліўся. Камуністычны блок знік. Злачынствы таго рэжыму, які намагаўся знішчыць беларускую ідэю, раскрываюцца ўсё больш.

А беларуская ідэя жыве і шырыцца, нягледзячы на тыя шматлікія выпрабаванні, якія выпалі на яе долю, і таму даказала сваю праўдзівасць і сваю жыццяздольнасць. Даказала ўсяму свету. А сама галоўнае, пацвердзіла сваім носьбітам, беларусам, што яны не памыляліся ні наконт яе, ні на конт сябе.

У гэты год беларусы яшчэ неаднойчы ўзгадаюць свой юбілей. Бо за гэты год трэба прыгадаць не толькі ўсё, што было за тыя сто гадоў, але і тое, што прывяло да стварэння БНР. Уславіць і перыяд Ефрасінні Полацкай, і перыяд Льва Сапегі, узгадаць і князёў, і сялян, не забыцца ні магнатаў, ні касінераў, абмеркаваць подзвігі ды жыццё і Хадкевіча, і Каліноўскага…

Колькі іх! Хопіць не толькі на гэты юбілейны год. Безліч славутых перыядаў і славутых Імёнаў, якія ёсць самым трывалым падмуркам беларускай дзяржаўнасці, і самым моцным гарантам яе будучага існавання. Бітва пад Воршай, Слуцкі збройны чын, чарговае аднаўленне дзяржаўнасці…

Гэта ўсё слава і гонар нацыі. Гэта вялікая гісторыя, якая робіць шлях да беларускасці незваротным. Не ведаю, якія ідэалы ў тых, хто змагаўся і нават зараз змагаецца з імклівым і непазбежным адраджэннем беларускасці. Не хачу пра іх пісаць у гэтым артыкуле. Не хачу і намагацца спазнаць іх думкі. А нам ёсць што ўспомніць у гэтыя дні. І не толькі герояў мінуўшчыны, якія праславілі наш род, такіх як генерал Булак-Балаховіч ці Іван Серада…

Мы ў гэты юбілейны год мусім уславіць імёны і тых змагароў за беларускасць, якія былі побач з намі, але ўжо адышлі ў лепшы свет. Якія на нашых вачах падымалі першымі бел-чырвона-белы штандар, першымі ішлі ў шэрагах змагання за адраджэнне беларускасці, і сваім жыццём паказалі прыклад цвёрдасці і адданасці беларускай ідэі і нашым сучаснікам, і будучым пакаленням беларускіх патрыётаў. Дзякуючы ім, гэтыя будучыя пакаленні змогуць ганарыцца не толькі былымі славутымі подзвігамі, але і часам у якім жывём мы.

Вечная ім памяць! І слава героям! Іх мары збываюцца, бо былі не толькі вялікімі, але і чыстымі. І мы гэты юбілейны год мусім выкарыстаць не толькі для таго, каб наведаць месцы іх пахавання або змагання, але і ўвекавечыць памяць пра іх, каб і наступныя пакаленні ведалі і іх Імёны таксама, як і Імёны даўнейшых змагароў. І як і мы, каб памяталі пра іх.

Жыве Беларусь!!!

Віктар Сазонаў, «Радыё Рацыя»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]