Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Мы ўжо перамагаем у бітве за гісторыю

14.05.2018 политика
Мы ўжо перамагаем у бітве за гісторыю

У Драздах набраліся страху пасьля Ўкраіны ды нядаўняй Армэніі.

12 траўня на адкрыцьці помніка Андрэю Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне, здаецца, перажываю дэжавю. Нібы перанёсься на чвэрць стагодзьдзя назад, у 1992 ці мо 1993 год, калі адкрывалі помнікі Адаму Міцкевічу ў Наваградку і Францішку Скарыну ў Лідзе (пісаў пра іх рэпартажы для ЛіМа).

Шмат народу, няма загарадак і мэталашукальнікаў, міліцыянты не ў баявым рыштунку, а ў параднай форме, і не варожыя, а ветлівыя. Прадстаўнікі ўлады кажуць прамовы па-беларуску на фоне бел-чырвона-белых сьцягоў. Амаль забытае салодка-камфортнае адчуваньне сябе ў беларускай дзяржаве!

Але тут жа халодны розум пачынае шукаць і знаходзіць розьніцу паміж беларускімі сьвятамі першых гадоў незалежнасьці і цяперашнімі — позьнелукашэнкавага пэрыяду. Тады пра акцыю ў Лідзе я пісаў, што гэта сьвята, зладжанае дзяржавай для людзей, але яшчэ ня сьвята самых беларусаў, якія заставаліся адно пасіўнымі гледачамі. Цяпер, у Мерачоўшчыне, наадварот, было сьвята, зробленае беларусамі, да якога далучылася дзяржаўная ўлада, як ёй тое і належыць.

Тады мы былі таксама не задаволеныя ўладай — лічылі яе недастаткова беларускай, цяпер жа прэм’ер Кебіч у параўнаньні з Лукашэнкам выглядае амаль нацыяналістам. Тады мы жылі эўфарыяй свабоды і захапляльнымі пэрспэктывамі краіны, якая займела «пачэсны пасад між народамі». Цяпер не магу перажываць эйфарыю, пэўна, як з прычыны ўзросту, так і досьведу незалежнасьці, нажытага ўсёй краінай за чвэрць стагодзьдзя. Досьведу суворага, часам страшнага, які не пакінуў месца ілюзіям кшталту «мудрага народу», «гістарычнай заканамернасьці надыходу дэмакратыі» ці «Эўропа прынясе нам свабоду».

Хто мог падумаць тады, у пачатку 90-х, што ў фармальна незалежнай нацыянальнай дзяржаве можна праводзіць такую жорсткую антынацыянальную палітыку? Што будзе зьнішчаная беларускамоўная адукацыя, радыё і тэлебачаньне, што школьнікі ня будуць разумець беларускае мовы, што будзе ашальмаваны Быкаў і ўсе народныя паэты — гонар нацыянальнай культуры? Што па нашых вуліцах будуць хадзіць расейскія казакі?! Ды многа чаго яшчэ проста немагчыма было ўявіць. Ніхто б і не паверыў, як не паверылі мудраму Пазьняку зь ягонымі артыкуламі пра імпэрскія амбіцыі Расеі.

Беларусь — адзіная постсавецкая краіна, у якой за гады незалежнасьці нацыянальная мова не ўзмацніла сваіх пазыцыяў, а, наадварот, саступіла расейскай. Але мы шмат чаму навучыліся за гады лукашысцка-расейскага дыктату. Навучыліся ня проста выжываць у варожым атачэньні, але ствараць і перамагаць. Ва ўмовах жорсткай дыскрымінацыі выжывае і ня думае паміраць беларускамоўная прэса, жыве беларуская літаратура, якую ўлады як могуць адсякаюць ад масаў, беларуская музыка і мастацтва.

Мы пераможам у бітве за гісторыю. Вялікае Княства Літоўскае заняло належнае месца ў гістарычнай памяці нацыі. Беларускія гісторыкі, нібыта адасоблена, стыхійна, але дамагліся прыняцьця афіцыёзам нацыянальнага гістарычнага наратыву (напрыклад, герб «Пагоня» ў афіцыйным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў) і нават правялі яго ў школьныя падручнікі. Адсюль і сьвята стагодзьдзя БНР стала сапраўднай падзеяй. Вось яшчэ і адкрыцьцё помніка Касьцюшку на яго радзіме... Моладзь падрасла! Аляксандар Сапега ды Глеб Лабадзенка — адныя вартыя цэлых інстытутаў.

Пасьля сьвятаў юбілею БНР і адкрыцьця помніка Касьцюшку — пытаньне: гэта прарыў беларускасьці ці мэандры ўнутранай палітыкі рэжыму, які ў сваёй сутнасьці застаецца антыбеларускім? Для мяне несумненна другое, проста ў Драздах набраліся страху пасьля Ўкраіны ды нядаўняй Армэніі. Але пры жаданьні і патрэбе знойдуць магчымасьці лёгка усіх нас «закрыць».

Тым ня менш пасьля гадоў, праведзеных у шэрагах пэсымістаў, прашу залічыць мяне ў таварыства стрыманых аптымістаў.

Алесь Краўцэвіч, «Радыё Свабода»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]