Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Адзіны беларус у НХЛ Міхаіл Грабоўскі: Нашу мову трэба захаваць

04.06.2018 спорт
Адзіны беларус у НХЛ Міхаіл Грабоўскі: Нашу мову трэба захаваць

Міхаіл Грабоўскі расказаў пра кар’ерныя пэрспэктывы і акрэсьліў стаўленьне да грамадзкіх працэсаў.

Адзіны беларускі прадстаўнік у паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ) Міхаіл Грабоўскі ў эксклюзыўным інтэрвію Радыё Свабода расказаў пра кар’ерныя пэрспэктывы і акрэсьліў стаўленьне да грамадзкіх працэсаў.

Міхаіл Грабоўскі на стадыёне комплексу «Алімпійскі»

Самы выніковы беларус за акіянам

У выходныя Беларусь далучылася да Міжнароднага алімпійскага дня — спартовага сьвята, арыентаванага найперш на дзяцей. Адным з тых, хто даваў майстар-клясы на імправізаваных пляцоўках менскага спарткомплексу «Алімпійскі», быў хакеіст нацыянальнай зборнай Беларусі і клюбаў НХЛ Міхаіл Грабоўскі.

Міхаіл Грабоўскі чатыры разы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі — у 2009, 2011, 2013 і 2014 гадах. Ад 2002-га выступае за галоўную каманду краіны, удзельнік васьмі чэмпіянатаў сьвету, быў капітанам зборнай. Grabo, як для зручнасьці скарачаюць яго прозьвішча за акіянам, самы выніковы беларускі хакеіст у НХЛ: больш як у паўтысячы матчаў (534) — амаль 300 закінутых шайбаў і выніковых перадач (125+171).

Майстар-кляса ад энхаэлаўца на Алімпійскім дні ў Менску

Цяпер 34-гадовы спартовец у вымушаным прастоі: на пачатку 2016-га, гуляючы за каманду New York Islanders, ён атрымаў цяжкае страсеньне мозгу. Спробы вярнуцца на лёд аказаліся няўдалымі, ён дагэтуль на кантролі мэдыкаў. З прычыны супрацьпаказаньняў у нагрузках давялося прапусьціць два сэзоны, хоць тэарэтычна мог змагацца за самы ганаровы хакейны клюбны тытул у сьвеце — Кубак Стэнлі.

Напярэдадні сэзону падчас так званага «драфту пашырэньня» правы на беларускага форварда былі перададзеныя дэбютанту лігі Vegas Golden Knights. Насуперак прагнозам, каманда-навічок ня толькі не капітулявала перад аўтарытэтамі, а дайшла да фіналу і ў гэтыя дні гуляе сэрыю да чатырох перамог з Washington Capitals.

Аўтографы прыхільнікам

Замахнуцца на жаданую ўсімі энхаэлаўцамі перамогу па-ранейшаму не дазваляе здароўе. Рэабілітацыю на радзіме Міхаіл сумяшчае з будаўніцтвам дома пад Менскам — дапамагае бацька Юры Аляксандравіч, які зрабіў усё, каб з сына атрымаўся хакеіст сусьветнага ўзроўню (мама Вольга памерла ў 2004 годзе). Разам уся вялікая сям’я — канадзкая жонка Кейт, а таксама трое дзяцей: пагодкі Лілі і Джагер (7 і 6 гадоў) і шасьцімесячны Чарльз-Аляксандар.

Беларуская адаптацыя шматдзетнай сям’і

У дзень нараджэньня бацькі, 31 студзеня 2018-га

— Міхаіл, ці надоўга беларускія вакацыі?

— Плянуем застацца яшчэ на два месяцы, а 1 жніўня — на Амэрыку. Пакуль усе тут, са мной, — жонка, дзеці. Наогул прыехалі досыць даўно, у красавіку, старэйшыя пасьпелі пахадзіць у школу. Джагер паралельна займаўся хакеем, футболам, Лілі засяродзілася на фігурным катаньні. Школа закончылася, але ў сэкцыі працягваем вадзіць, ім падабаецца.

— У такога кшталту інтэрнацыянальных сем’ях досыць складана скласьці аб’ектыўную карціну паходжаньня. Сябе, дзяцей як ідэнтыфікуеце?

— Як кажуць у такіх выпадках, напэўна, ужо больш чалавек сьвету (сьмяецца). Фактычна ад 20 зь невялікім гадоў я не жыву ў Беларусі. Хоць правільней будзе — чалавек сьвету зь беларускім характарам. Беларускасьць жа зь мяне нікуды ня зьнікла: радзіма — яна тут. Таму і прыяжджаю сюды. Што тычыцца дзяцей, то яны народжаныя ў Канадзе, пашпарты і грамадзянства канадзкае. Датычнасьць да Беларусі толькі празь мяне.

З дачкой Лілі

— Ну і ўсё ж тут дзед, прадзед... Як адаптуюцца да беларускіх рэаліяў?

— Адаптуюцца выдатна, сын наогул без праблемаў, стаў сапраўдным беларускім хуліганам (сьмяецца). Натуральна, і мне, і бацьку хацелася б, каб дзеці заўсёды ўспрымалі Беларусь сваім другім домам, другой радзімай. Мяркуючы па ўсім, яны так да гэтага і ставяцца: ім насамрэч тут падабаецца, абсалютна камфортна. У захапленьні ад мясцовага марозіва, пірожных. Дзеці ёсьць дзеці, хіба малодшаму яшчэ ўсё роўна...

З сынам Джагерам (у гонар лідэра «Ролінг Стоўнз» Міка Джагера)

— На якой мове кантактуеце дома?

— Мы з Кацяй (так у сям’і Міхаіл называе Кейт. — РС) размаўляем па-ангельску, але яна вучыць расейскую. Я зь дзецьмі пераважна па-расейску, а паміж сабой яны па-ангельску. Калі пераходзяць на расейскую, то з акцэнтам — больш Лілі, у Джагера амаль не адчуваецца. Адзінае, слоўнікавы запас можа ня самы вялікі, часам даводзіцца падбіраць, удакладняць, ці правільны сэнс.

— А беларуская?

— Хіба на мінімальным узроўні, бо ў пачатковай школе, калі яна расейскамоўная, няма такіх патрабаваньняў — як у выпадку з прадметамі па мове ці літаратуры ў старшых клясах. Думаю, ім было б цяжка штосьці зразумець, калі нават з расейскай часам тармозяць.

Моўнае пытаньне хакейнага інтэрнацыяналу

— У клюбах НХЛ, як і ў іншых «глябалісцкіх» відах спорту, выступаюць гульцы з розных куткоў сьвету. Землякі па-за гульнёй звыкла кантактуюць на родных мовах. У беларускіх легіянэраў «працоўнай» мовай зносінаў, як правіла, расейская. Чаго бракуе: сьвядомасьці, патрыятызму, элемэнтарнай культуры?

— Я нарадзіўся яшчэ за часамі СССР і, шчыра кажучы, для мяне постсавецкія краіны нікуды моцна не аддаліліся. Дый у апошнія паўтара дзясятка гадоў такой праблемы як бы і не існуе: я гатовы размаўляць на той мове, на якой да мяне зьвяртаюцца іншыя людзі. Так склалася, што ў Беларусі на першых ролях расейская. Але калі мяне не зразумеюць па-расейску і папросяць гаварыць па-беларуску, я буду старацца. Для мяне гэтая мова такая ж важная, як і расейская.

— Вы хоць і ня так часта бываеце на радзіме, але ж мусіце адчуць: у штодзённым жыцьці яе няшмат. Прынамсі ня столькі, як магло быць…

— Перакананы, што сваю мову трэба захоўваць, шанаваць, яна абавязана быць важнай складовай часткай нашай краіны, нашага народу. Шмат людзей гаворыць па-беларуску, я такую пазыцыю паважаю — хоць, зноў жа, у маім выпадку расейская ў кантактах, безумоўна, асноўная. Тым ня меней лічу, што захоўваць родную мову неабходна, як і падтрымліваць яе на ўсіх узроўнях.

Сярод беларускіх заўзятараў

— Рэгулярных чэмпіянатаў за акіянам наўрад ці тычыцца, але падчас сусьветных пяршынстваў беларускія заўзятары падтрымліваюць каманду ня толькі дзяржаўнымі сьцягамі, але і гістарычнымі бел-чырвона-белымі, «Пагоняй» на майках. Спартовых функцыянэраў тое напружвае, а вас?

— Хочуць, дык нічога супраць ня маю. Для гульца на пляцоўцы ня сьцяг і герб важны, а ўласна падтрымка на трыбунах. Могуць надзець хоць энхаэлаўскія майкі, але калі адчуваю, што сапраўды падтрымліваюць мяне, каманду, гэта дае сілы. У любым разе скандуюць «Беларусь», пад якімі б сьцягамі не прыйшлі. І гэта яднае. Мы ж не называемся неяк інакш, калі размахваем адным ці другім, правільна? Шчыра кажучы, мне наогул паралельна, які сьцяг, гэта не галоўнае. Проста сымболіка на тым ці іншым этапе. Найважнейшае — пачуцьцё патрыятызму, каб людзі рэальна адчувалі: Беларусь — дзяржава, якая мае сваю даўнюю гісторыю, самабытную культуру, мову, пра што ўжо гаварылі. Гэта павінна быць у крыві.

Грабоўскі пасьля забітай шайбы ў складзе зборнай Беларусі на чэмпіянаце сьвету-2014

Напружыцца і падняць беларускі хакей са «дна»

— Што да патрыятызму ў спорце. Не такая і рэдкасьць, калі вядомыя спартоўцы — ня толькі ў хакеі, а і ў футболе, гандболе, баскетболе, тэнісе і гэтак далей — шукаюць розныя прычыны, каб ня ехаць у зборную, бо гэта толькі адцягвае ад асноўнага заробку ў клюбах. Былі калі-небудзь думкі — маўляў, і безь мяне абыдуцца…

— Ды не. Для мяне гульня за зборную — гэта заўсёды высокі гонар. І я гуляю ня толькі за краіну, а і за сваю сям’ю, за сваякоў, сяброў. Калі мне давяраюць, значыць, я магу прынесьці карысьць для разьвіцьця хакею, спорту наогул у Беларусі. То бок, пагуляўшы ў наймацнейшай лізе сьвету, падзяліцца атрыманым досьведам у нацыянальнай камандзе. Таму ніколі не адмаўляўся, заўсёды з радасьцю прыяжджаў і гуляў.

У складзе New York Islanders

— У 2004-м, яшчэ зусім маладым, пасьля вылету беларускай зборнай з хакейнай эліты вы дапамагалі ёй узьняцца са «дна». Праз 15 гадоў чарговае дэжавю. Калі да наступнага чэмпіянату сьвету ў дывізіёне 1А застаняцеся ў спорце, ці гатовыя паўтарыць подзьвіг?

— Я заўсёды гатовы дапамагаць — незалежна ад таго, гулец я ці хтосьці яшчэ. Нават ня ставіцца пад сумнеў. Тое, што гэта ніжэйшы дывізыён, нічога не мяняе: у свой час Руслан Салей, выступаючы ў НХЛ, прыяжджаў «выцягваць» Беларусь у сусьветную эліту. Хапае прыкладаў, калі хакеісты высокага ўзроўню гулялі за свае зборныя пасьля паніжэньня ў клясе. Для мяне ня важна, што за група, бо я ведаю адно: месца нашай каманды сярод мацнейшых, трэба вяртацца ў топ-16 зь першай жа спробы. Пакуль, на жаль, маем тое, што маем.

— Паводле інсайдэрскай інфармацыі, Міхаіл Грабоўскі неўзабаве мае афіцыйна абвесьціць пра завяршэньне кар’еры. Ці ўсё ж спадзеяцеся, што траўма адпусьціць?

— Складанае пытаньне, пакуль ня стаў бы загадваць. Час на роздум яшчэ ёсьць. На гэты момант я належу клюбу Vegas Golden Knights. Вось кантракт скончыцца, тады пачну думаць, як працягваць кар’еру...

Міхаіл Грабоўскі (справа) падчас выступу ў НХЛ

— Ну і колькі часу на роздум?

— Усё жыцьцё (сьмяецца)... А калі пра кантракт зь «Вегасам», то чэрвень уключна. Яшчэ амаль месяц. Тады і будзе відаць...

— Ведаю, што ёсьць прапановы наконт заснаваньня дзіцячай школы імя Грабоўскага. Наогул у выпадку «адстаўкі» вы бачыце сябе ў спорце ці, можа, хацелі б заняцца чымсьці іншым, напрыклад, бізнэсам?

— Шмат нюансаў, той выпадак, калі ня толькі ад мяне залежыць. Таму можа павярнуцца ўсяляк...

Зь нямецкага лёду да энхаэлаўскай асновы

Міхаіл Грабоўскі нарадзіўся 31 студзеня 1984 году ў Фюрстэнбэргу, хоць штамп у пасьведчаньне пастаўлены ў Патсдаме — у тагачаснай ГДР бацькі працавалі па кантракце. Там жа бацька паставіў сына на канькі. Па вяртаньні ў Беларусь малога Мішу аддалі ў дзіцячую сэкцыю менскага «Юнацтва», за якое ён у 17-гадовым узросьце дэбютаваў. Потым гуляў за расейскія каманды «Нафтахімік» і маскоўскае «Дынама». У 2004 годзе памерла мама Вольга, так і не дачакаўшыся энхаэлаўскага ўзьлёту сына.

З бацькам Юрыем Аляксандравічам

Шлях у Паўночную Амэрыку для Міхаіла пачаўся ў 2006-м, з другой па сіле прафэсійнай лігі American Hockey League. Ён быў задрафтаваны канадзкім Hamilton Bulldogs, фарм-клюбам Montreal Canadiens. Тады ж трапіў у аснову.

Montreal Canadiens

Выступаў у 2006-2008 гадах. Гэта быў дэбют Міхаіла Грабоўскага ў НХЛ, дзе галоўная задача — вытрымаць жорсткую канкурэнцыю. За «Манрэаль» гуляў разам з двума іншымі беларусамі — братамі Сяргеем і Андрэем Касьціцынымі з Наваполацку.

Toronto Maple Leafs

У ліпеня 2008-га перайшоў у іншы канадзкі клюб з Таронта ў абмен на выбар у другім раўндзе драфту 2010 году. Летам 2013-га зноў выстаўлены на драфт адмоваў з наступным выкупам кантракту.

Washington Capitals

22 жніўня 2013 году падпісаў аднагадовы кантракт на 3 мільёны даляраў са сталічным клюбам. Ужо ў дэбютным матчы аформіў першы хет-трык у заакіянскай кар’еры.

New York Islanders

У 2014 годзе аформіў чатырохгадовы кантракт на 20 мільёнаў даляраў — па 5 мільёнаў штогод. Аднак праз страсеньне мозгу, атрыманае пасьля сілавога прыёму сапернікам, цалкам прапусьціў сэзон 2016/2017.

Vegas Golden Knights

У 2016 годзе рада кіраўнікоў прыняла ў НХЛ клюб з Лас-Вэгасу — 31-ю каманду чэмпіянату. Летась у чэрвені для дэбютанта прайшоў драфт пашырэньня, сярод іншых быў выбраны і беларус Міхаіл Грабоўскі. Заяўлялася, што ягоны заробак у сэзоне-2017/2018 складзе 6 мільёнаў даляраў.

Дэ-факта гульнявая кар’ера Міхаіла Грабоўскага завяршылася 15 сакавіка 2016 году гульнёй New York Islanders і Pittsburgh Penguins — гэта была спроба вярнуцца пасьля страсеньня мозгу, дыягнаставанага за месяц да таго ў матчы зь New Jersey Devils. Беларускі легіянэр мусіў прызнаць, што так і не аднавіў форму — ад празьмерных фізычных нагрузак пачынаў «плыць».

Сёлета хакеіст разьлічваў, што далучыцца да нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце сьвету, нават паехаў у Данію. Аднак лекары і мэнэджары «Вэгаса» настаялі, каб ён ад такой ідэі ўстрымаўся. Працяг кар’еры ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, куды пасьля выступаў за акіянам вярнуўся Руслан Салей, але загінуў у авіякатастрофе, не згуляўшы ніводнага матчу, Міхаіл Грабоўскі не разглядае.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]