Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Як мужык з панам цягаецца»

17.06.2018 культура
«Як мужык з панам цягаецца»

Незвычайная гісторыя адной карціны Язэпа Драздовіча.

З 1 чэрвеня па 30 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбываецца выстава Язэпа Драздовіча, прысьвечаная 130-годдзю з дня нараджэння выбітнага мастака.

Пра гісторыю аднаго з самых вядомых твораў выбітнага мастака на сваёй старонцы ў Facebook напісала грамадская актывістка Алена Гушча.

«Палатно «Як мужык з панам цягаецца» Язэпа Драздовіча – першая ўдалая знаходка Алеся Марачкіна з творчага скарбу Вечнага Вандроўніка.

Адцемлю, што мастак Мара ўпершыню пачуў пра дзядзьку Язэпа ад Яўгена Куліка. Той часта заходзіў да сябра ў майстэрню, якая месьцілася ў школе па вул. Суворава. Пабачыўшы зімовы пейзаж сярод іншых твораў, Яўген Кулік усклікнуў: «Дык гэта ж як у Язэпа Драздовіча!» Потым пра таленавітага творцу распавялі Арсень Ліс і Зянон Пазьняк. Гэта адбывалася ў канцы 70-х.

Аднойчы, калі быў на радзіме жонкі Ірыны Сяргееўны, пазнаёміўся на кірмашы зь мясцовым доктарам. Марачкін пацікавіўся гісторыяй краю.

Суразмоўца стаў гаварыць: «Ты ведаеш, мастача, што гэтымі сьцежкамі хадзіў Язэп Драздовіч? Ён маляваў тут, і людзі яго памятаюць». Мастака нібы токам ударыла!.. І падштурхнула на пошукі.

У той жа дзень асядлаў ровар і паімчаў у Верацеі, за тры кіламетры ад Лужак. Забег у адну хату, другую… Пытаўся пра Язэпа Драздовіча.

Адна кабета пацьвердзіла: быў такі дзівак-чалавек, можна сказаць, гарапашнік. Ня меў ні хаткі ні лапаткі. Хадзіў па вёсках, маляваў за хлеб і прытулак. І ў яе ночыў. Унук гаспадыні прыцягнуў з гарышча запыленае палатно «Як мужык з панам цягаецца». Марачкін ледзь не самлеў, так уразіўся карцінай. На ёй дужаецца хударлявы мужык з тоўстым панам, які трымае вялізны гаманец. На тле панскага дома. Сатырычны твор.

Жанчына апавяла цікавую гісторыю. Калі выстаўляла, войт, які зайшоў у хату, загадаў зьняць.

У 39-м прыйшлі саветы. Яна павесіла карціну. Але бальшавікам таксама палатно не спадабалася. Маўляў, мужык з панам цягаецца на тле палаца Плятэраў. А яго забралі камуністы і стварылі кантору. Там засядала начальства. Нібыта карыкатура на начальства і кантору. Кабета зьняла карціну ад граха падалей...

Калі вайна пачалася, жанчына зноў дастала палатно. Вось немцам – спадабалася. Пасьмяяліся, пагергеталі, сказалі, што карціна – гут. Не забаранялі карціну. Так яна і правісела на сьцяне ўсю нямецкую акупацыю...

Гэту работу Марачкін прыдбаў. А пасьля яе купіў мастацкі фонд. Грошы пайшлі на помнік Язэпу Драздовічу.

Сёньня карціна знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Полацкай карціннай галерэі».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]