Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Праект «Беларускія ўікэнды» трапіў у кнігу рэкордаў

22.06.2018 культура
Праект «Беларускія ўікэнды» трапіў у кнігу рэкордаў

У чацвер кінатэатры «Масква» агульнымі намаганьнямі ўсіх прысутных было сабрана 560 рыбак-арыгамі.

На прэм’еры анімацыйнага мультфільма Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё» ў агучцы праекту «Беларускія ўікэнды» быў пастаўлены рэкорд. 21 чэрвеня ў кінатэатры «Масква» агульнымі намаганьнямі ўсіх прысутных было сабрана 560 рыбак-арыгамі, перадае «Радыё Свабода».

Ініцыятыва незвычайнага рэкорду сыходзіла ад партнэра праекту «Беларускія ўікэнды» — кампаніі velcom. За вельмі абмежаваны час — тры хвіліны — усім, хто прысутнічаў на прэм’еры, трэба было скласьці як мага больш папяровых рыбак. У выніку 506 чалавек сабралі 560 фігурак і ўпісалі новую старонку ў Кнігу рэкордаў краін Балтыі і СНД «Дзіва», дзе гэта дасягненьне было зафіксавана афіцыйна.

І фігурка рыбкі, і мастацтва арыгамі былі абраныя невыпадкова: галоўная гераіня новага фільму — рыбка. А арыгамі, як і анімэ, — адзін з самых вядомых сымбаляў і традыцыйнай, і сучаснай Японіі.

Амбасадар Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Хірокі Такунага (у цэнтры)

Амбасадар Японіі ў Беларусi Хірокі Такунага таксама прысутнічаў на імпрэзе і стаў актыўным удзельнікам рэкорду.

«Прагляды фільмаў праекту «Беларускія ўікэнды» заўсёды зьбіраюць вялікую глядацкую аўдыторыю. І ў нас атрымалася ўпісаць яшчэ адну беларускую старонку ў міжнародную кнігу рэкордаў «Дзіва», — сказаў кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

Мікалай Брэдзелеў

Усіх сабраных рыбак перададуць у падарунак выхаванцам Дзіцячага дома-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

«Усяго адбудзецца 50 сэансаў. Героі „Рыбкі Поньё“, створаныя выдатным рэжысэрам Хаяо Міядзакі, будуць размаўляць па-беларуску. Такая вялікая колькасьць сэансаў за такі кароткі прамежак часу — таксама адзін з рэкордаў праекту „Беларускія ўікэнды“. Для нас гэта найлепшае сьведчаньне яго пасьпяховага разьвіцьця і запатрабаванасьці», — сказаў кіраўнік «Беларускіх уікэндаў» Андрэй Кім.

Андрэй Кім

Агучылі мульцік беларускія акторы Сьвятлана Цімохіна, Сьвятлана Анікей, Натальля Кот, Павал Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядоўца Яўген Перлін.

«Рыбка Поньё» — дзясяты па ліку поўнамэтражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка ганаровай прэміі «Оскар», аўтара «Зьнесеных прывідамі» і «Хадзячага замку». Стужка ў 2008 годзе была намінаваная на «Залатога ільва» — галоўны прыз Вэнэцыянскага кінафэстывалю — і была ўганараваная дзьвюма спэцыяльнымі ўзнагародамі, а годам пазьней стала лепшым анімацыйным фільмам паводле Японскай акадэміі.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]