Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларуска пра свой фільм у Карлавых Варах: Кіно ёсьць, каб паказаць, што перамены магчымыя

01.07.2018 культура
Беларуска пра свой фільм у Карлавых Варах: Кіно ёсьць, каб паказаць, што перамены магчымыя

На кінафэстывалі ў Карлавых Варах у Чэхіі паказалі фільм «Крышталь» беларускі Дар’і Жук.

Першая поўнамэтражная стужка рэжысэркі, якая жыве ў Нью-Ёрку, адкрыла конкурсную сэкцыю «На Ўсход ад Захаду», перадае «Радыё Свабода».

Здымкі адбываліся ў Беларусі, у вытворчасьці фільму ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала узнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі.

Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША, каб працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, ёй даводзіцца паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.

Пасьля паказу Дар’я Жук расказала «Радыё Свабода», як рабіўся фільм, пра свой прыход у кіно і пра дыджэйскае мінулае.

— Гэта фільм пра беларускія 90-я. Ідэя сцэнару была мая, і мы доўга абмяркоўвалі са сцэнарысткай, як яно было ў Беларусі, чым гэта было інакшае, напрыклад, ад Украіны, ад Расеі. І ўся мая каманда вельмі ўважліва ставілася да дэталяў.

Гісторыя фільму не магла адбывацца нідзе болей, яна менавіта пра нас. Гэта відаць нават у выбары колераў, у выбары самой мізансцэны, у тэкстуры.

Я маю сяброў у кінаіндустрыі, якія паспрабавалі аднойчы зьняць у Беларусі нешта пра постсавецкі развал у Расеі. Прыехаў рэжысэр, паглядзеў на нашыя дарогі, на вуліцы і сказаў: «Я не магу тут здымаць — тут занадта чыста, занадта прыбрана».

Так, у нас у фільме крышталь прадаюць проста на дарозе, але пры гэтым стаяць кветачкі на падваконьні, вісяць фіранкі, ёсьць адчуваньне маленькай краіны. У нас няма такога «пусьці-павалюся», ёсьць нейкая сабранасьць.

Летась я паўгоду жыла ў Менску і нават мантаж рабіла ў Менску, бо мне здавалася, што гэты фільм немагчыма было вывезьці і адарваць ад каранёў.

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі ўнівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 г.

— «Сапраўдная амэрыканка» — гэта вельмі аўтабіяграфічная стужка. Там пэрсанаж з падобнай гісторыяй. Яна прыяжджае ў Амэрыку па праграме абмену і жыве з амэрыканскай сям’ёй. Гісторыя «Крышталю» не аўтабіяграфічная, але я імкнулася паказаць дух таго часу, і галоўная гераіня, Вэля, мне вельмі блізкая. Хоць я б, пэўна, не змагла зрабіць тыя рэчы, якія робіць яна. Мне не хапіла б сьмеласьці. Яна крыху вар’ятка.

Можна сказаць, што «Крышталь» — гэта гісторыя амэрыканскага пэрсанажа, які апынуўся на беларускай зямлі. І ўсе яе крытыкуюць. Вэля мае бясконцы аптымізм, хоць у ёй ёсьць і наіўнасьць. Ад амэрыканскага яна яшчэ мае веру ў магчымасьць пераменаў, у магчымасьць дасягнуць сваёй мэты.

У мяне былі і ёсьць такія сяброўкі — некаторыя зь іх цяпер жывуць у Эўропе ці Амэрыцы, але шмат хто зь іх жыве ў Менску. Мне здаецца, што людзі, якім я напісала гэты поўны любові ліст, пазнаюць сябе. Мы рэдка глядзімся ў люстэрка, і я хацела даць гэтую магчымасьць людзям, зь якімі я расла ў Менску ў 90-я. Але нам трэба яшчэ 10 фільмаў, каб можна было казаць пра нейкі партрэт пакаленьня. Я магу толькі зрабіць першы крок.

Пра адносіны паміж жанчынамі і мужчынамі

— Гэта для мяне важная тэма — я часта абмяркоўваю гэта са сваімі сябрамі і сваякамі. Я позна выйшла замуж і добра адчула культурную розьніцу ў стаўленьні да інстытуту шлюбу. У Беларусі, калі ты ня замужам да 25, дык гэта ўжо нейкая страшная трагедыя. Я вельмі перажываю, калі мне мае менскія сяброўкі кажуць: «Ну, мне ж ужо 35, я ўжо мушу сядзець дома». А я кажу: «Ты што, усё ж толькі пачынаецца».

У Амэрыцы свае стэрэатыпы — у прафэсійнай сфэры. Там неверагодна нізкі працэнт жанчын-рэжысэраў. На постсавецкай прасторы ў гэтым сэнсе агромністая перавага.

Гэты фільм здымаўся да скандалу з Гарві Вайнштэйнам і хвалі #metoo. Вельмі часта ў нас абвінавачваюць ахвяраў гвалту. Я на гэта рэагую вельмі хваравіта. Спробы апраўдаць Вайнштэйна для мяне нонсэнс. Мы маем такую колькасьць фактаў, што таго, хто яго апраўдвае, я буду лічыць хутчэй не антыфэміністам, а антыгуманістам.

Стаўленьне да слова «фэмінізм» у нас дваістае: часам ад жанчын, якія лічаць сябе фэміністкамі, чакаюць нейкіх агрэсіўных паводзінаў. Але гэта ня так: гэта проста кожны чалавек, які верыць, што правы мужчын і жанчын павінны быць аднолькавыя.

Мне здаецца, я заўсёды была фэміністкай. Яшчэ гадоў у 15 мы сядзелі зь сябрам на плошчы Якуба Коласа і спрачаліся ажно да сьлёз. Ён мне казаў: «Ты ж будзеш сядзець дома, а я буду зарабляць». І гэта мяне моцна зьневажала, я не магла з гэтым зьмірыцца.

Мяне захапляюць беларускія жанчыны, якія займаюцца бізнэсам, культурнымі праектамі. Я бачу ў іх сілу і натхненьне.

Пра свабоду ў Беларусі

— Мне здаецца, што за апошнія гады стала больш асабістай свабоды. Калі б я цяпер у Менску надзела блакітны парык, дык ня думаю, што нейкія людзі сьмяяліся б і паказвалі пальцамі.

Цёмны бок майго фільму — гэта пэрсанаж Сьцяпана, які сам траўмаваны чалавек. І мне здаецца, што гэтая траўма савецкага мінулага крыху сышла ад нас.

Так, я бачыла нядаўнія жахлівыя навіны пра тое, што адбывалася ў беларускім войску. Магчыма, што рэч у чалавечых якасьцях, і гэта немагчыма сьпісаць на гістарычныя абставіны. Мне здаецца, што гэта праблема злоўжываньня ўладай.

Кіно для таго і існуе, каб паказаць, што перамены магчымыя. Якраз пэрсанаж Косьці, Сьцяпанавага брата, для мяне ўвасабляе магчымасьць пераменаў.

Пра музыку

— Я вельмі люблю электронную танцавальную музыку, ведаю і люблю беларускіх дыджэяў. Калі я вучылася ў Гарвардзе, у мяне атрымоўвалася крыху дыджэіць у клюбе ў Бостане на выходныя. Магла купіць сабе кавалак хлеба за гэтыя грошы. Я вельмі люблю гэтую субкультуру. Для нас яна была адказам на савецкае мінулае. На той момант, у 90-я, яна дапамагала нам знайсьці ўласнае месца.

Пра культурныя адрозьненьні

— Памятаю, як мне ў Амэрыцы казалі, што я недастаткова ўсьміхаюся. А калі некалькі гадоў таму я прыехала працаваць у Маскву, я ўжо ўсьміхалася паводле амэрыканскай звычкі, і ўсё пыталіся: «Нешта сьмешнае адбылося?» Бо гэта можа ўспрымацца хутчэй як знак адсутнасьці інтэлекту, чым знак добразычлівасьці.

Пра свой прыход у кіно

— Я атрымала дыплём у эканоміцы ўжо ад безвыходнасьці, бо доўга была адвучылася і не магла хутка памяняць прафэсію. Але ўжо ў Гарвардзе я займалася кіно зь некалькімі рэжысэрамі — спачатку з дакумэнталістамі, а потым з рэжысэрам, які займаецца мастацкім кіно.

Гэта быў нейкі голас унутры, які не дае табе праспаць, рухае цябе да мэты. Мне здавалася, я маю што сказаць. І было адчуваньне, што гэта трэба зрабіць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]