Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тут вам ня цырк!

25.07.2018 общество
Тут вам ня цырк!

Як кандуктарка і таксіст вярнулі журналістку «з нябёсаў на зямлю».

Пяць дзён хапіла мне, каб расьпесьціцца ў адной з эўрапейскіх краінаў. Цьфу. Цяпер сорамна за сябе. Лепш бы сядзела дома! Усе гэтыя іхныя ветлівасьці, прыязнасьці, жарты, усьмешкі, нязмушаныя размовы без панылых скаргаў, нараканьняў — да чаго яны даводзяць?

Цукровы нейкі робісься, мякенькі і лёгенькі, ходзіш, усьміхаесься ўсім, нібы дурань. І яны зубы сушаць. Усё жартачкі нейкія. Пабыла б яшчэ, ня дай Бог, зусім бы блазнам зрабілася. Хадзіла б і ўсьміхалася, як ненармальная. Што людзі падумалі б? Добра, што нядоўга там была, — раз.

Выдатна, што землякі паклапаціліся пра маё выхаваньне: як толькі ступіла на родную зямельку — вокамгненна вярнулі мяне ў натуральны стан суровасьці і пільнасьці, — два.

«Ня стойце, не сядайце, не падыходзьце, не адыходзьце, не пераскоквайце, не пералазьце, не давярайце рэчы незнаёмым грамадзянам, не расьпівайце зь імі алькагольныя напоі, не мяняйце валюты, захоўвайце маёмасную бясьпеку!» — знаёмы голас з рэпрадуктара хоць і гучаў недзе зь неба, але вяртаў на зямлю, прымушаў моцна учапіцца пальцамі ног праз падэшвы туфляў у пэрон і трывожна азірацца ў пошуках тых, хто паквапіцца на твае клункі, грошы, тэлефон, валюту і алькаголь з Duty Free.

У вагоне пэрыядычна нагадвалі пра патэнцыйных рабаўнікоў і нягоднікаў, якіх трэба асьцерагацца, бо «могуць прапанаваць расьпіць сьпіртныя напоі». Гэтым разам не абрабавалі. Пашэнціла. Дабраліся да пункту прызначэньня, дбайна захоўваючы «правілы маёмаснай бясьпекі».

Адскочылі яшчэ ў вёску — пачысьцілі сваяцкія агароды, паклапаціліся пра сваю харчовую бясьпеку. Абвешаныя торбамі з садавіной і гароднінай, заваліліся ў гарадзкі аўтобус. Падышла сіне-зялёная кандуктарка.

«Што ў вас?» — буркнула, як канвойны пры ператрусе камэры ў пошуках схаванай заточкі.

«У нас агуркі, абрыкосы, парэчкі і чарніцы!» — з задавальненьнем і ўсьмешкай, якую ў нас часта прымаюць чамусьці за зьдзек, пералічыла я.

«Не разумнічайце тут мне! Знайшліся! Каму трэба ваш гумар, прычым не да месца?! Тут ня той аншляг!» — закрычала кандуктарка.

«Ды мы жартуем, жартуем, не крычыце, во вам 50 капеек за праезд», — спрабавалі супакоіць яе.

Я азірнулася на пасажыраў. Іх сымпатыі, перададзеныя моцна падціснутымі вуснамі, яўна былі на баку кандуктаркі. Бач ты, жартаўнікі знайшліся.

«Тут вам ня цырк!» — віснула кандуктарка.

«А там — цырк!», — засьмяяліся мы, тыцкаючы пальцам за вакно, бо якраз праяжджалі паўз адпаведную ўстанову культурнага адпачынку мірных грамадзян.

Гэта заўвага канчаткова разьюшыла яе.

«Вам ня сорамна?! Людзі едуць у аўтобусе са сваімі праблемамі, у некага, можа, гора! У некага, можа, нехта памёр, а вы жартуеце!» — накінулася яна.

«Тыя, у каго нехта памёр, абазначаюць сябе чорнымі хусткамі, мы ж нікога ў чорных хустках тут не чапалі», — пачала агрызацца я.

Выскачылі за два прыпынкі да дому — у аўтобусе было надта душна. Ці бяздушна.

...Але ўрок суровай мужнасьці не дайшоў да мяне зь першага разу, бо ўвечары рызыкнула зноў выйсьці ў людзі. Гэтым разам паехалі на таксі.

Доўга спрабавала адчыніць заднія дзьверцы. Ніяк не паддаваліся. Таксіст сядзеў, як муха ў бурштыне. Я паказвала яму знакамі — маўляў, націсьні ты што з таго боку, добры чалавек! Мой спадарожнік ужо сядзеў на пярэднім месцы і таксама пачаў прасіць таксіста ўпусьціць мяне ўрэшце, ехаць жа трэба! Той падціснуў вусны і зь яўнай неахвотай, нават дэманстратыўнай, адчыніў дзьверы. Назірала за ім у люстэрка. Нешта яму муляла. Урэшце ня вытрымаў. Пачаў прафіляктычную гутарку, скрозь зубы.

«Як будзеце выходзіць, дык гучней дзьвярамі стукніце», — нібыта параіў, а нібыта засьцярог ад нечага ён.

«Не зьбіраюся я бразгаць вашымі дзьвярыма», — амаль прашаптала я.

«Не зьбіраецеся? Ніхто не зьбіраецца, а бразгаюць! Ехалі ўжо такія. На фіксатар націсьніце, калі будзеце выходзіць, — хай потым такія, як вы, дзьверы выдзіраюць. Хай дзяруць!» — злаваўся таксіст.

«Ды я і ня ведаю, дзе той ваш фіксатар. Ня буду нічога чапаць», — спрабавала яго ўтаймаваць. Добра, што ехаць было недалёка. Той язды дзесяць хвілін — а пасьпеў у гэты прамежак уціснуць прафіляктычную гутарку аб правілах паводзінаў пасажыраў.

Не, няма маралі, няма абагульненьняў. Проста гэта быў знак — заняцца нарэшце здаровым ладам жыцьця, ня езьдзіць грамадзкім транспартам, пачаць бегаць, скакаць — у даўжыню, шырыню і ўбок. Не старацца пераскочыць праз галаву. І час ужо завяршыць гэтыя спробы ўсьміхацца ды жартаваць.

У людзей праблемы, у некаторых — гора, у іншых нехта памёр. Ня варта блазнаваць. Тут ня той аншляг, як тая казала. Тут ня цырк!

Алена Германовіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]