Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

14 фактаў пра Уладзiмiра Караткевіча, якiх вы ніколі не чулі

25.07.2018 общество
14 фактаў пра Уладзiмiра Караткевіча, якiх вы ніколі не чулі

Cёння - дзень памяцi вялiкага беларускага пiсьменнiка.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, як кажуць, запісаны залатымі літарамі ў пантэон беларускіх пісьменнікаў. Караткевіч мае ні на каго не падобны стыль і аўтэнтыку. Адметнымі можна назваць не толькі ягоныя творы, але і факты біяграфіі. Сёння, 25 ліпеня, трыццаць чатыры гады, як Уладзімір Сямёнавіч памёр у даволі прадуктыўным для пісьменніка ўзросце – яму было толькi 53 гады. KYKY друкуе 14 фактаў, пра якія вы наўрад ці чулі.

Мог загінуць студэнтам, калі б не выпадковасць

Аднойчы ў Кіеве, дзе Караткевіч пэўны час вучыўся, ён вырашыў пад’ехаць на трамваі пару прыпынкаў без квітка. Але жанчына-кантралёр з ганьбай выставіла Караткевіча, зсадзіла з трамвая. Ці то ён спяшаўся, ці проста ад крыўды, але букет непрыемных пачуццяў проста перепаўняў Валодзю ў той момант – ён кляў кантралёршу на чым свет, ідучы пешшу.

А трамвай даехаў да скрыжавання, павярнуў налева і схаваўся за дамамі. Якраз у той момант адбылася аварыя. Трамвай сыйшоў з рэек – было шмат параненых і загінуўшых. Чыясці нябачная рука «зняла» Караткевіча з гэтага трамвая, каб ён напісаў для нас з вамі шмат добрых і значных твораў.

Нявеста Караткевіча загінула напярэдадні вяселля

Яны ведалі адно аднаго з дзцінства, потым доўга ня бачыліся, а сустрэўшыся, закахаліся і вырашілі ажаніцца. Такі сумны і кінематаграфічны эпізод ёсць у адной паэме Караткевіча і рамане «Леаніды не вернуцца да зямлі» («Нельга забыць»). Але, як шмат што іншае ў творах, гэты момант для Караткевіча аўтабіяграфічны. Пра гэта ён прызнаецца ў сваіх лістах.

Ажаніўся только ў 41 год

Халасцяцкае жыццё пісьменніка доўжылася даволі працяглы час, хаця, жанчын побач было шмат: у сэнсе кахання, а не ў ложку – хаця хто ведае, ды гэта і не асабліва значна. Як мінімум двойчы да шлюбу Караткевіч збіраўся жаніцца. Адзін выпадак з аўтакатастрофай апісаны вышэй, а другі – з дзяўчынай, з якой былі закаханыя і вырашылі пра шлюб, але праз тыдзень з’явілася навіна пра, што яна распісалася з іншым.

У нейкім сэнсе гэта поздняя жаніцьба Караткевіча з усімі перашкодамі мае пэўны таемны сэнс. Большасць даследчыкаў сыходзяцца на тым, што самы моцны творчы перыяд у пісьменніка якраз да шлюбу.

Быў безнадзейна закаханы ў рускую, якая нават не чытала яго раман

На літаратурных курсах у Маскве Караткевіч закахаўся ў сваю выкладчыцу. Ёй было 30, яму 28. Што ж ім перашкаджала? Па-першае, яе муж. Увогуле незразумела, ці кахала яна Караткевіча – хутчэй, не. Зараз ёй за 80 гадоў, яна яшчэ нешта піша ў Маскве, але прачытаўшы яе адказы на пытанні пра Караткевіча, хочацца, не зважаючы на ўзрост, трошкі «пнуць» яе ў гэтым тэксце. Чаму так?

Яна кажа, что яны з Караткевічам ніколі не абмяркоўвалі свае зносіны і не гаварылі пра такое. Але ж зараз у новай кнізе 25-томнага збору твораў Караткевіча апублікуюць яго лісты да яе – прычытаеце толькі некалькі ўрыўкаў, і ўсе пытанні знікнуць.

Па-другое, яна кажа, што Караткевіч быў вельмі несфарміраваны, але пад яе ўплывам «рабіўся глыбай». Яна нават лічыла, што «ён любіў Сталіна і вельмі спяшаўся, каб развітацца на пахаванні з ім». Насамрэч Караткевіч тлумачыў, чаму ён так хацеў пабачыць на свае вочы пахаванне той адыёзнай фігуры. Ніякага жалю па ім не было, гэта проста значны гістарычны момант, пачатак новага часу. Караткевіч з сябрамі нават дапамагалі насіць трупы пасля жудаснай ціскатні на пахаванні.

Карацей кажучы, настаўніца увагай да Караткевіча пахваліцца не магла. А вы пачытайце, як ён піша пра яе ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Гэта проста песня, сапраўднае каханне як яно ёсць, чыстае і моцнае. Але яна не чытала раман «пра сябе», хаця кожны другі суразмоўца казаў ёй, што Караткевіч там фактычна прызнаецца ёй ў каханні.

«Я не знаю беларуского, поэтому не читала этот роман». Пераклад на рускую шукаць яна не стала. Ці ўсе вартыя, каб іх кахалі? Не ведаю. Але ад неўзаемнага кахання нараджаюцца хоць і ня дзеці, але ж выдатныя творы.

Невядомыя скралі другую частку рамана «Каласы пад сярпом тваім»

У пачатку 80-х кватэру Караткевічаў абрабавалі. Ёсць версія, што акрамя розных цацак і грошай (а на той час пісьменнік быў даволі забяспечаны –прэміі, ганарары і г.д.) з кватэры знік рукапіс другой часткі «Каласоў», аднаго з найбольш значных твораў пісьменніка – вельмі, як бы сказалі гэбісты, нацыянальна арыентаваны. Пра раман Караткевіч наўпрост не казаў, толькі ўскосна, але ж такія звесткі ёсць. Дарэчы, гэта магла быць і справа спецслужбаў, ўзяўшых астатняе барахло дзеля адводу вачэй. Гэта выключна мая здагадка, але наступным пунктам кажу тое, што было навідавоку.

Амаль усё жыццё за ім сачыла КДБ

Ну як жа без гэтай структуры! За ўсімі пісьменнікамі сачылі. Але нехта быў «благанадзейны» – што за ім пільнаваць, толькі вычытаць рукапіс перад друкам, з гэтым рэдактура добра спраўлялася. А вось такія кадры, як Васіль Быкаў ці Караткевіч выклікалі пільную цікавасць у спецслужбы. Адно, што пісалі па-беларуску, што ўжо была так сабе рэкамендацыя.

Дарэчы, Быкаў, які адкрываў непрыемную праўду пра вайну, пры ўсёй павазе (гэта мой любімы пісьменнік), быў куды меней небяспечны для ідэалогіі і рэжыму, чым Караткевіч, які выкопваў малавядомыя рэчы накшталт ВКЛ, беларускай магутнасці і дзяржаўнасці. А тут ужо недалёка было да нацыяналізму і сепаратызму – так разважалі людзі з пагонамі. Дарэчы, Быкава акрамя ўсяго іншага тэрору, спрабавалі забіць. І ёсць меркаванне, што ў 2003-м таксама дапамаглі (але пра гэта – у наступным тэксце).

Калі думка пра ліквідацыю і не ўзнікала наконт Караткевіча (а не факт), то камітэтчыкі намагаліся максімальна напаскудзіць яму у творчым жыцці: не выдаць, адкарэктаваць так, што будзе нешта непадобнае на першакрыніцу і г.д.

Упершыню на вока каміцетчыкам Караткевіч трапіў у далёкіх 50-х, калі напісаў водгук на нейкую забароненую кніжку – пісаў, што яна добрая і няшкодная. Водгук, канешне, пайшоў не ў друк, а «куды трэба». І там адразу зрабілі высновы.

Быў вялікі фантазёр не толькі ў кнігах, але і ў жыцці

Сустракае неяк Караткевіча Быкаў, а ў таго рука зламаная. На пытанне «што здарылася?» ідзе вялікі і смачны аповяд, як Караткевіч ішоў і ўбачыў пяць хуліганаў, якія чапляліся да дзяўчыны. Надаваў ім усім «па самае не хачу», а дзяўчыну выратаваў. Вось толькі руку, халера, зламалі. Ну ды што! А дзяўчына вельмі прыгожая, дарэчы.

На наступны дзень Быкаў даведаўся, што Караткевіч проста пьяны зваліўся з лесвіцы і зламаў руку. Каму б іншаму не даравалі, а ў Караткевіча так складна выходзіла, што нават цікава было паслухаць. Гэта сам Быкаў так казаў.

Меў праблемы з алкаголем

Прычым, не ўсё было так бязкрыўдна для самога пісьменніка. Аднойчы, выходзячы з Быкавым у хол гатэлю, Караткевіч раптоўна аслупянеў, потым стаў хавацца за калону. Быкаў, трохі шакаваны такімі паводзінамі, натуральна запытаў, што за флэшмоб. На што Караткевіч спужана казаў: «Бачыш, вунь там, за калонай, бачыш, вунь ён?». Быкаў паўглядаўся, але там нікога не было. «Ды хто ж ён?». – «Вунь, цмок! Ён пільнуе мяне, сочыць!». Гэта не было жартам з боку Караткевіча, як вы разумееце. «Валодзя, ідзі паспі, адпачні, няма там ніякага цмока. Ідзі, Валодзя,» – праводзіў сябру Быкаў.

Шмат хто з таленавітых людзей пье ці неяк яшчэ сабе стымулюе. У выпадку Караткевіча гэты сыход у бутэльку быў такім жа сыходам ад рэчаіснасці, як і яго «несучасныя» раманы. Калі б Караткевіч пісаў больш проста, зразумела – пра сучасных герояў і абставіны, яго б дакладна не друкавалі, бо хлусіць ён бы не стаў. А ў гістарычнай тэматыцы можна шмат што прыхаваць, выказаць «эзопавай мовай», захіснуцца патэтыкай камуністаў пра працоўных, сялян і просты люд.

Шчыра кажучы, калі чытаешь успаміны пісьменнікаў таго часу (ды, пэўна і не толькі таго), бачыш: пілі там усе добра, за невялікім выключэннем. Гэта была абавязковая частка такога пьсменніцка-інтэллегентскага флёру, як, напрыклад, і размовы на кухні.

Не хацеў быць рамантыкам

Неаднойчы ў інтэрвью і размовах Караткевіч натуральна шалеў, калі яго называлі «рамантыкам». Папярэджваў, што «калі хочаце каб я з вамі размаўляў», не карыстаецеся гэтым словам. У адказ прыводзіў доказы – як ён пастаянна ездзіць па краінах, падарожнічае, мае стасункі з вельмі рознымі людзьмі прыгодніцкіх прафесій і сам адкрыты да прыгодаў і выпрабаванняў. Яго здымаюць пагранічнікі з крымскіх уцёсаў! А рамантык, па яго меркаванні, сядзіць сабе, гледзячы ў вакно, і мроіць пра нешта. Па-сутнасці, ён меў рацыю: Караткевіч – чалавек справы, дзеяння. Але ж, пад рамантызмам маюць на ўвазе ягоную душу, яго погляд на рэчы, прызму, праз якую ён бачыць свет. І тут ён рамантык на 200%. Ну вось, далей бы Караткевіч асабіста са мной не размаўляў. А мо, і выспятка даў бы за такое.

Не любіў размаўляць пра палітыку

Зараз вельмі папулярныя інтэрнэт-спрэчкі пра палітыку і каля яе, суцэльны хайп з нагоды і без. Дык вось, Караткевіч гэта не тое, што не ўхваляў, а наўпрост абсякаў у сваёй прысутнасці.

Аднойчы знаёмыя прывялі на застолле нейкага матэматыка, і той нападпітку ўжо напрыканцы гулянкі стаў несці небяспечную палітычную лухту, якую і так усе ведаюць, але за якую можна атрымаць праблемы. У завяршэнне кажучы пра амаль што «дзяржаўны пераварот», таварышч атрымаў ад Караткевіча кароткую лекцыю на тэму, што трэба не языком варушыць, а справу рабіць: патроху, без пантоў, а прафесыйна і па ўсіх франтах. Тады будзе плён.

Мужык гэты мог быць проста балбатуном, а мо, і правакатарам. Ён нагадвае, як зараз некаторыя зазываюць людзей на «апошнюю бойку з рэжымам», а самі акрамя шкоднай балбатні нічога не вартыя. Караткевіч быў не такі.

Дапамагаў ратаваць архітэктуру старога Менску

На Караткевіча выйшаў Зянон Пазняк і папрасіў звязацца з ЦК БССР, каб пагутарыць з ініцыятыўнай групай пра рэканструкцыю старога цэнтра Менска, якая прадугледжвала магчымасць зносу гістарычна каштоўнай часткі забудовы.

Караткевіч званіў, прасіў – сказалі, што будзе сустрэча, але потым сказалі, што не атрымліваецца. Ашалеўшы Караткевіч крычаў у трубку і паабяцаў выпісаць суразмоўцу ў кнізе такой пачварай, што яго будуць саромецца ўласныя ўнукі. Праз 15 хвілін патэлефанавалі зноў з фразай: «Пётр Міронавіч Машэраў чакае вас сёння».

Дарэчы, тое, што праводзіліся нейкія сустрэчы, слухалі бакі, нешта выпраўлялі, сведчыць якраз аб адэкватнасці Машэрава, а не аб тым, што ён «бяздумна знішчаў» гістарычны цэнтр, як кажа той жа Пазняк. Ці зараз шмат сустракаюцца па архітэктурна-палітычных пытаннях? Але гэта так, «інфармацыя да разважанняў».

Не ўсе яго творы публікавалі

Публікацыя рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)» адбылася толькі праз 22 гады пасля напісання, а апавяданне «У снягах драмае вясна» надрукавалі ўвогуле пасля смерці пісьменніка – праз 32 гады пасля напісання.

Прадбачыў, што Беларусь будзе незалежнай, калі ніхто ў гэта не верыў

Караткевіч верыў, что яго любімая, родная Беларусь, раней ці пазней, але ў недалёкай будучыні атрымае незалежнасць. Неяк у размове ў кампаніі нехта сказаў на такія прагнозы: «Ну, ты загнуў! Беларусь будзе незалежнай рэспублікай?!» А Караткевіч у адказ: «Усё ідзе да таго». У 70-я такое меркаванне было на мяжы са зместам фантастычных раманаў.

Вяртаў беларусам самаўсведамленне і гісторыю

Да Ўладзімера Караткевіча цікавыя дэтэктывы пісалі, па сутнасці, толькі замежныя аўтары. Праз гэты «лёгкі» жанр пісьменнік праводзіў вялікія думкі і ідэі беларускасці.

У тыя гады Караткевіч рабіў немагчымае. Ён мяняў адносіны да гісторыі. Аказалася, у беларусаў яна ёсць, а да таго ж, гэта ня толькі «пра лапці». Многія маладыя (і ня вельмі маладыя) зацікавіліся гісторыяй, дзякуючы Караткевічу.

Караткевіч быў не проста гісторыкам – іх ўплыў на грамадства (нават самых вядомых) даволі сціплы. Чытаючы творы Караткевіча, шмат хто пачынаў разумець, што Беларусь вартая гонару ды павагі. Сваёй творчасць ён актывізаваў працэс нацыянальнага самаўсьведамленьня – такіх людзей заўсёды мала. Па-сутнасці, толькі праз іх з сівых стагоддзяў ідзе гэтая повязь, нітачка беларускасці, якая звязвае нас з далёкімі продкамі.

Наўздагон. Спіс літаратуры

Пасля тэксту пра Купалу рэдактар папрасіла мяне пісаць спасылкі, адкуль я бяру гэтыя факты. Зразумела, гэты спіс не дзеля доказу, а для чычата: каб вы змаглі даведацца больш. Чатыры галоўныя крыніцы – гэта «Жыццё і ўзнясенне Ўладзімера Караткевіча» Адама Мальдіса, «Донжуанскі спіс Караткевіча» Дзяніса Марціновіча, «Доўгая дарога да дому» Васіля Быкава, «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» ці «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча. Чытайце з асалодай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]