Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Найвялікшы кажан Эўропы жыве на беларускім балоце

27.07.2018 общество
Найвялікшы кажан Эўропы жыве на беларускім балоце

Экспэдыцыя журналістаў на Палесьсе.

«Гіганцкая вячэрніца — адзін з найменей дасьледаваных беларускіх відаў кажаноў, бо звычайна селіцца ў цяжкадаступных месцах. Перад гэтым, усяго адзін раз вячэрніцу бачылі ў Беларусі — у 1930 годзе. Мы правялі тры дні ў намётах сярод палескіх балот, каб пабачыць рэдкага кажана», - гаворыцца ў рэпартажы «Радыё Свабода».

У Беларусі вядома адно месца, дзе жывуць гіганцкія вячэрніцы, — гэта балоты Стары Жадзен у аднайменным заказьніку. Гэта ў Лельчыцкім раёне, на мяжы Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей. Суседнія Альманскія балоты і Стары Жадзен разам утвараюць адзіны, найвялікшы ў Эўропе леса-балотны комплекс.

Каб туды дабрацца, трэба ехаць 5 гадзін на машыне зь Менску да вёскі Букчы, потым яшчэ 2 гадзіны на пазадарожніку ці грузавіку празь лясы і балоты. Трэба трапіць у найбольш дзікую — цэнтральную частку балота. Ужо чацьвёрты год запар навукоўцы разам з валянтэрамі ставяць там лягер і дасьледуюць кажаноў.

Гіганцкую вячэрніцу знайшлі ў Беларусі выпадкова. Гэта вельмі рэдкі для Эўропы від кажаноў. Найбліжэйшыя месцы, дзе яны размнажаюцца, — Вугоршчына на захадзе і Ўральскія горы на ўсходзе.

Злоўленую вялікую вячэрніцу навукоўцы трымаюць у пальчатках

Некалі вячэрніц бачылі і ў нас. Першы і апошні раз навукоўцы зарэгістравалі гэты від у 1930 годзе. Потым вячэрніц не сустракалі. Іх выключылі з Чырвонай кнігі ў 2006 годзе. Лічылася, што від зьнік зь Беларусі.

Але тры гады таму здарылася сэнсацыя. На балоце Стары Жадзен у даліне Прыпяці вылавілі дзьвюх гіганцкіх вячэрніц. Яны трапілі ў сеткі, якія расставіў Валер Дамброўскі, старшы навуковы супрацоўнік лябараторыі малекулярнай заалёгіі Навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук. У рамках праекту Rufford Small Grants ён дасьледаваў балота Стары Жадзен.

«Месца прывабнае, але ўнутры балота раней ніхто з заолягаў ня быў, — кажа Дамброўскі. — Мы абсьледавалі балота ў комплексе. Ня толькі кажаноў, але і птушак, і млекакормячых, каб здаць пад ахову ўсе рэдкія віды».

У гэтыя сеткі каля адкрытай вады ўначы трапляюць кажаны

Праз адмысловы дэтэктар навуковец папярэдне вызначыў, што на Старым Жадзене жывуць некалькі чырванакніжных відаў кажаноў. Ён расстаўляў сеткі адмыслова на іх. Нечакана сярод адлоўленых кажаноў аказалася і гіганцкая вячэрніца. З таго часу яе пачалі дасьледаваць.

«У нас вельмі мала хіраптэролягаў — дасьледчыкаў кажаноў, — кажа Дамброўскі. — І тэрыторыя Беларусі слаба абсьледаваная. Вядома, яны могуць жыць і ў іншых месцах»

Гіганцкая вячэрніца — самы вялікі від кажаноў у Эўропе. Размах крылаў — 41–46 см. Вага дасягае 76 грамаў.

Хоць гіганцкая вячэрніца — буйны кажан, гэты від застаецца адным з найменш дасьледаваных, бо жыве ў глухіх мясьцінах. Тое, што гіганцкія вячэрніцы сілкуюцца дробнымі птушкамі, вызначылі па аналізах крыві і памёту. Пабачыць, як кажаны нападаюць на птушак, не давялося. Можа таму, што палююць яны ўначы на вышыні больш за 700 мэтраў.

Дзьве гадзіны ў кузаве ГАЗ-66, і мы даяжджаем да лягера на Старым Жадзене. Тут ужо тыдзень жывуць навукоўцы з Акадэміі навук, «Аховы птушак Бацькаўшчыны» і валянтэры. Намётавы лягер разьбіты ў лесе пасярод балот. Як тлумачыць на месцы Віктар Фянчук з «АПБ», такая цяжкадаступная для людзей тэрыторыя пасуе, каб тут сяліліся кажаны.

«Гіганцкая вячэрніца наўпрост зьвязаная з натуральным станам лясоў і балот, — кажа Фянчук. — Для гэтых кажаноў важны натуральны стан прыроднай тэрыторыі, дзе ня зьменены ляндшафт, шмат старых дрэваў».

Самая важная праца пачынаецца з надыходам цемры. Кажаны ўдзень сьпяць і толькі ўвечары выпаўзаюць з дуплаў і пачынаюць паляваць, лётаюць на вадапой на балоты. Сеткі ставяцца акурат каля адкрытай вады. Па чарзе навукоўцы і валянтэры дзяжураць у лодцы да другой ці трэцяй гадзіны ночы. Як толькі кажан трапляе ў сетку, яго вымаюць і кладуць у тканы мяшэчак.

Кажаноў ловяць уначы над вадой. Для пераноскі іх кладуць у мяшэчкі

Кожнага кажана апісваюць, бяруць пробу крыла для генэтычнага аналізу і адпускаюць. Калі трапляецца гіганцкая вячэрніца, на перапонку мацуюць кальцо, а да сьпіны — радыёперадатчык. Цягам некалькіх дзён ён запісвае перамяшчэньне кажана.

Дасьледуюць кажаноў на месцы, дзе іх і злавілі

«Гэта дазваляе нам даведацца, як кажаны выкарыстоўваюць тэрыторыю, якія ўчасткі для іх найбольш цікавыя, — кажа Віктар Фянчук. — Ён перадае каардынаты і праз пэўны час адвальваецца».

Траекторыя перасоўваньня кажана, якому прымацавалі радыёперадатчык

Дзякуючы перадатчыкам навукоўцы вызначылі, што вялікая вячэрніца займае тут тэрыторыю да 30 кілямэтраў у дыямэтры. Таксама стала вядома, што для кажаноў цікавыя месцы, дзе раней былі пажары. Там яны праводзяць шмат часу на начным паляваньні.

Гіганцкія вячэрніцы — неймаверна рэдкія кажаны, і іх цяжка пабачыць зь першага разу. Віктар Фянчук кажа, што сярод птушак па рэдкасьці і важнасьці гіганцкай вячэрніцы будзе адпавядаць арол-маркут (па-расейску — беркут).

Перад самым нашым прыездам быў дождж. Ён зьбіў звычайны графік кажаноў, і ніводная гіганцкая вячэрніца ў сеткі ня трапіла. На наступны дзень спрабуем адлавіць кажаноў з дупла. Звычайна кажаны выбіраюць старыя трухлявыя дрэвы, на якія небясьпечна ўзьбірацца. Але адно дупло аказалася ў жывым дрэве. Праўда, на 10-мэтровай вышыні.

Раман Шкабара ускараскваецца на дрэва, дзе знайшлі дупло з гіганцкімі вячэрніцамі

Раман Шкабара, валянтэр АПБ, са страхоўкай узлазіць на сасну, каб замацаваць на дупле самаробную плястыкавую пастку. Па чарзе з дупла вылазяць чатыры кажаны. Тры зь іх ужо былі акальцаваныя. Агулам за чатыры гады ў ваколіцах Старога Жадзена акальцавалі 11 гіганцкіх вячэрніц.

Аляксандра Ларчанка працуе ў Акадэміі навук. Яна адна зь некалькіх прафэсійных дасьледчыкаў кажаноў у Беларусі. З кожнага яна бярэ генэтычную пробу крыла. Калі кажана замералі і апісалі, яго выпускаюць. У адрозьненьне ад птушак, кажаны не лятуць проста з рук. Яны падымаюцца па дрэве і саскокваюць ужо адтуль. «Мы саджаем кажаноў на дрэва, каб яны самі маглі забрацца на патрэбную вышыню», — тлумачыць Аляксандра.

З 2015 году ў Старым Жадзене праходзяць летнікі па дасьледаваньні кажаноў. Іх ладзіць «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падрымцы Франкфурцкага заалягічнага таварыства. Недасьледаванае і мала каму вядомае раней балота цяпер стала галоўнай у краіне пляцоўкай, каб вывучаць кажаноў.

«Для гэтай тэрыторыі гіганцкая вячэрніца — флягманскі від. Цяжка вывучаць усё, таму трэба праз асобныя віды прасоўваць пытаньні аховы прыроды», — кажа Віктар Фянчук.

Стары Жадзен - гэта лесабалотны комплекс. Ён складаецца зь верхавых і пераходных балотаў, а таксама лясоў. Аднайменны заказьнік зьяўляецца мае статус тэрыторыі важнай для птушак міжнароднай значнасьці

Цяпер Стары Жадзен мае ё тэрыторыі, важнай для птушак, бо тут гняздуецца чырванакніжны від вялікі арлец. Але створаныя тут і на Альманскіх балотах заказьнікі толькі часткова абараняюць гэтыя мясьціны ад высяканьня лесу і мэліярацыі. Якраз цяпер за 20 кілямэтраў ад мясьцін, дзе жыве гіганцкая вячэрніца, на Альманскіх балотах будуюць новыя дарогі праз балотную неруш.

З кожным годам у балоты ўсё больш прыяжджае зьбіральнікаў ягад. Жыхары Ўкраіны жывуць тут тыднямі і разьбіваюць лягеры пасярод старых лясоў.

«Рэдкія віды ня будуць жыць побач зь лягерам, — кажа Валер Дамброўскі. — Калі так будзе працягвацца, умовы для прыроды будуць толькі пагаршацца».

Каб захаваць рэдкую экасыстэму, эколягі ўжо даўно прапануюць адкрыць на гэтых тэрыторыях запаведнік, у які ўвайшлі б і Альманскія балоты, і Стары Жадзен. Гэта адзін лесабалотны комплекс, частка якога трапіла ў Берасьцейскую, а частка — у Гомельскую вобласьць.

«Цяпер нават не існуе адміністрацыі заказьніка, у яго няма аховы, — кажа Дамброўскі. — Было б правільным рашэньнем стварыць тут адзін запаведнік і разьвіваць экалягічны турызм».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]