Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Праўда  — наш хлеб

31.07.2018 политика
Праўда  — наш хлеб

Жыхары Беларусі павінны раўняцца на актывістаў грамадскіх арганізацый.

З прыходам аўтарытарызму прапаганда настойліва навязвае насельніцтву Беларусі меркаванне, што ў час перабудовы і галоснасці дэмакратычна настроенымі даследчыкамі была з празмерна крытычным ухілам перапісана гісторыя СССР. Але ці ёсць для гэтага падставы?

Праблема захавання гістарычнай праўды клапоціць кожны народ здаўна. Каму хочацца быць падманутым, перадаваць нашчадкам фальшывыя звесткі, будаваць будучыню грамадства на хлуслівым падмурку? А між тым  70 гадоў у такім стане жылі савецкія людзі. Многія народы незалежных постсавецкіх краін не выйшлі з яго і сёння.

Падтрыманню праўды ў грамадстве служаць архівы. Толькі кепска, што яны многае страчваюць у час узрушэнняў. У гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў безліч каштоўных дакументаў загінула або трапіла ў рукі захопнікаў і асела ў замежных сховах. Але былі і іншыя страты. Словы: «У горадзе паляць архівы!» —  гучалі кожны раз, калі ў СССР мянялася ўлада.

Чорны попел ад спаленых папер доўга насіў вецер у 1991 годзе. Тады  партыйныя функцыянеры і прадстаўнікі спецслужбаў з асаблівым імпэтам падчышчалі архівы, бо надыходзіў час няўтульных для іх дэмакратычных перамен.

Насуперак прапагандзе сцвярджаю, што прывядзенне да праўдзівага стану гісторыі як у суверэннай Расіі, так і ў Беларусі мела пачатак, ды засталося незакончаным. Праца перарвалася, бо аўтарытарным правіцелям, што надоўга заселі ва ўладзе, не хочацца, каб насельніцтву адкрываліся цёмныя бакі дзейнасці тронных папярэднікаў, з якіх яны бяруць прыклад.

Напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі сталі даступнымі засакрэчаныя архівы, былі апублікаваны сотні забароненых у СССР дакументальных і мемуарных кніг, тысячы сведчанняў, даследаванняў, артыкулаў, з’явіліся новыя падручнікі, наша звыклае разуменне гістарычных падзей кардынальна змянілася.

Некаторыя факты літаральна перавярнулі душы сумленных, шчырых людзей сваёй антычалавечнасцю, садызмам, подласцю і мярзотаю, што асабліва тычыцца першых гадоў пасля кастрычніцкага перавароту і эпохі праўлення І. Сталіна.

Але сітуацыя, калі любому чалавеку з дакументаў становіцца зразумела, што адказнасць за грубыя памылкі ў ходзе будаўніцтва сацыялізму і ў час Вялікай Айчыннай вайны нясе ў першую чаргу ўлада, не можа падабацца новым аўтакратам. Яны пайшлі ў наступ на праўду, зноў засакрэцілі многія архівы.

У гэтак званай саюзнай дзяржаве метадычна вядзецца апраўдванне рэпрэсій 20-х, 30-х, 40-х гадоў у СССР, дзейнасці карных органаў. Сталін у хлуслівых артыкулах, мастацкіх кнігах, кінафільмах, спектаклях паказваецца такім «белым і пушыстым», хоць да раны прыкладай, усхваляюцца яго геніяльная прадбачлівасць і талент палкаводца. А між тым у архівах ёсць дакументы, якія расказваюць пра раскручаны махавік масавых рэпрэсій, пра падзеі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.

29 лістапада 1938 года на пасяджэнні Ваеннага савета пры НКА СССР, дзе прысутнічаў Сталін, маршал К. Варашылаў з апломбам сказаў: «Польша, Румыния и всякие там Прибалтики, они уже у нас со счетов давным-давно сняты, этих господ мы в любое время при всех обстоятельствах сотрем в порошок». А пазней на партыйнай нарадзе заявіў: «Советский народ не только умеет, но и любит воевать!»

Шматлікія дакументы і карты сведчаць, што пасля вайны з Польшчай і Фінляндыяй з лета 1940 года Чырвоная армія планавала не абаронныя, а наступальныя аперацыі. У адной з іх меркавалася выйсці на лінію Львоў — Кракаў, Прага — Вена і да Кёнігсберга.

Завышаная ацэнка Сталіным і яго маршаламі ўласных сіл, настроенасць на захоп чужых тэрыторый, негатоўнасць да абароны межаў СССР і прывялі да слабога супраціву фашысцкім войскам у першыя месяцы вайны, да панікі, калі ў глыб краіны ўцякалі не толькі партыйныя, але і ваенныя начальнікі. Варта згадаць, што Пскоў быў заняты гітлераўцамі 10 ліпеня 1941 года. Да канца восені пра падзеі на фронце самі савецкія палкаводцы казалі: «Катастрофа!».

Толькі цынічны хлус можа распінацца сёння пра вераломны напад Германіі на СССР, пра геніяльнасць Сталіна. Крамлёўскі тыран назіраў падрыхтоўчыя дзеянні немцаў, ведаў ад разведкі дату пачатку вайны, але саманадзейна надаваў вялікую вагу ўласнай персоне, думаў, што запэўніваннямі ў дружбе зможа перахітрыць Гітлера. Не ўдалося, бо той выкарыстаў аслабленасць каманднага складу Чырвонай арміі пасля рэпрэсій, хаатычны стан войскаў у перыяд пераўзбраення і нанёс знішчальны ўдар.

Вайну выйграў не Сталін, а савецкі народ коштам непамерных людскіх ахвяраў і матэрыяльных стратаў, што адгукаецца нам і цяпер.

Сучасныя ўзурпатары ўлады, не маючы поспехаў у эканамічным развіцці Расіі і Беларусі, для ўласнага ўзвялічвання эксплуатуюць гераізм продкаў,  дадаюць да яго прыдумкі, а праўдзівыя дакументы ліквідуюць. У Расіі на падставе міжведамаснага загаду з 2014 года знішчаюцца карткі вязняў сталінскіх канцлагераў, пра што паведаміў дырэктар музея ГУЛАГу Р. Раманаў.

Наша памяць  —  гэта таксама архіў, дзе захоўваюцца важныя падзеі. Але і яе ўлады падчышчаюць. Злачынствы, якія адбываліся нават зусім нядаўна, замоўчваюцца або метадам фальсіфікацый і падтасовак загортваюцца ў ахоўны кокан, з якога цяжка выцягваць праўду. Маю на ўвазе забойствы і знікненне палітыкаў, журналістаў, збіты малайзійскі самалёт, захопніцкую вайну супраць Грузіі, анексію Крыма, ваенныя дзеянні ў Данбасе.

Да чаго прыводзіць хлусня, паказваюць дзікунскія выхадкі апошняга часу.

Палкоўнік паліцыі ў Маскве спакойна заяўляе: «Жаль, что сейчас не 37-й год!» У Мінску з дазволу ўлады ля месца сталінскіх расстрэлаў «Курапаты» пабудаваны рэстаран «Поедем поедим» (дарэчы, назву гаспадары сцібрылі!), у якім прадаюць спіртное ў посудзе, зробленым у выглядзе пісталетаў і патронаў.

Гэта не проста верх цынізму, а нахабны, мярзотны выклік неасталіністаў дэмакратычнай частцы грамадства. Яго не было б, калі б правіцель краіны не ўзвялічваў асобу Сталіна, а міністр унутраных спраў не расхаджваў у форме НКУС. Рыба гніе з галавы, а халуі бягуць навыперадкі за начальнікамі!

Жыхары Беларусі павінны раўняцца на актывістаў грамадскіх арганізацый, якія цяпер нясуць вахту ў Курапатах, абараняючы памяць, праўду і нашую чалавечую годнасць, быць удзячнымі ім.

Добра, што для палітычных махляроў ёсць абмежаванні заканадаўчага характару, а таму ўсе дакументы ў архівах знішчыць нельга. Але падчысціць можна. Гэта трэба ўлічваць даследчыкам.

Нягледзячы на супраціў праўдзе з боку ўлады, сумленнымі гісторыкамі апублікавана шмат каштоўных даследаванняў. Пасля сыходу аўтарытарызму іх трэба выкарыстаць пры напісанні праўдзівых школьных, універсітэцкіх падручнікаў і дапаможнікаў...

Мне выпала доля нарадзіцца ў народзе, які надзвычай ляніва засвойвае дэмакратычны вопыт, не можа пазбавіцца ад грамадзянскай абыякавасці, спажывае ману ўлады і сам можа пусціць пыл у вочы. Але апускаць рукі нельга. Уласнае стаўленне да праўды я даўно выказаў так:

Праўда  — наш хлеб, 
Святы, 
Невыводны.
Адразу лусту такую адмер,
Каб хапіла яе назаўсёдна  —
На ўсё жыццё
І на ўсю смерць.

Разумею, што стопрацэнтнай шчырасці ў людской грамадзе не будзе. Але хачу, каб мае ўнукі і праўнукі жылі ў свеце, дзе ўладарыць не хлусня, а праўда.

Сяргей Законнікаў, sn-plus

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]