Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Міхал Валовіч: Што мы ведаем пра кіраўніка паўстання на Слонімшчыне 1833 года

02.08.2018 общество
Міхал Валовіч: Што мы ведаем пра кіраўніка паўстання на Слонімшчыне 1833 года

Шляхціц лічыў, што ў вызвольным змаганні асноўнай сілай павінны быць народныя масы.

Міхал Валовіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 года ў вёсцы Парэчча (Слонімскі раён). Ведамы як філарэт, філамат, удзельнік вызвольнага руху, кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне ў 1833 годзе, піша harodniaspring.org.

Паходзіў з шляхецкага роду Валовічаў, сын Казімера, слонімскага падкаморыя. У 1822-25 гадах навучаўся ў Віленскім універсітэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябраваў з Ігнатам Дамейкам, іншымі студэнтамі.

Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні ў складзе атраду генерала А. Гелгуда. Пасля паразы паўстанцаў мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў.

Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадства. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечання сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладанне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаванне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасць. Выказваўся за абвяшчэнне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, звязанай федэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Міхал Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-1831 гадоў, якое, на яго погляд, не мела “агульначалавечай мэты”, паколькі адпавядала інтарэсам шляхты. Ён лічыў, што ў вызвольным змаганні асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народа на самастойнае развіццё.

Пад уплывам Юзафа Заліўскага Міхал Валовіч вырашыў узяць удзел у ягонай ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэння Ю. Заліўскага ўзначаліў слонімска-наваградскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імперыі і пачалі дзеіць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне.

У атрад Міхала Валовіча прыйшлі сяляне Парэчча, Вострава, Бардашоў і іншых вёсак. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Архіўныя дакументы сведчаць, што пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек.

На допыце Міхал Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засведчыў, што “хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян”.

11 чэрвеня 1833 года ў Гародні пачаўся судовы працэс. Побач з Міхалам Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян, кіраўніка атрада прысудзілі да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд, замяніўшы яго на павешанне. Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сібір – на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

2 жніўня 1833 года Міхала Валовіча павесілі ў Гародні. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не сталася б месцам таемных набажэнстваў.

Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны.

На могілках вёскі Парэчча, непадалёк берага Шчары, з ініцыятывы краязнаўца Аляксандра Талерчыка, грамадскія актывісты Слонімшчыны ў наш час ўстанавілі мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго 12 паплечнікам. Штогод у чэрвені тут адбываецца ўшанаванне герояў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]