Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Апошні дыктатар шукае аднадумцаў

05.12.2010 политика
Апошні дыктатар шукае аднадумцаў

Як ён спляжыў саміт у Астане! Каменя на камені не пакінуў ад няшчаснай АБСЕ.

Калі б яна валодала хоць нейкай рэальнай сілай, напэўна пасля гэткага рашучага нападу на ўсіх без выключэння рэакцая была б імгненнай. Але што насамрэч можа тое нехлямяжае еўрапейскае ўтварэнне? Урок рэжымнай педагогікі высокі саміт калі і не засвоіў, то моўчкі праглынуў. Нечага сказаць – заслужылі.

І сапраўды, як было не гневацца правадыру невялікай, але надзвычай гордай дыктатуры. Гэта ж да якога нахабства дайшлі тыя еўрапейцы. Яго, адзінаабранага і незаменнага, спрабуюць вучыць таму, як трэба выбары праводзіць. Вось наконт выбараў ён ім усю праўду і давёў. Проста і шчыра патлумачыў, хто ёсць хто. “ОБСЕ является порой некой дубиной в чьих-то руках в предвыборный период того или иного государства”. Занадта груба? А нічога, ведалі, каму давалі слова.

Незразумела толькі, у чыіх усё ж руках тая дубінка? Амерыка яе сціскае ў сваёй закарузлай далоні або і ўвогуле які-небудзь Кінг-Конг? Хто канкрэтна пагражае самай прагрэсіўнай у свеце краіне?

Людзі сёння надзвычай легкадумныя. Канчаткова страцілі пільнасць. На выклік часу ніяк не рэагуюць. Жывуць без належнай мабілізацыі перад непазбежнай небяспекай. І думаюць, што ўсё ў іх о’кей. Але рана ці позна прыедзе вось гэтак самы бескампрамісны чалавек на саміт у Астану. Скажа сваё важкае слова. І ўсе зразумеюць, як страшна ў гэтым свеце жыць.

Нікому ён не дазваляе бесклапотна спаць. Б’е ва ўсе званы. Наіўныя насельнікі старой Еўропы думаюць, што ўсё ў іх па-ранейшаму. “Однако сегодня ситуация гораздо хуже, чем одиннадцать лет назад. Забюрократизированные, а порой и откровенно унижающие человеческое достоинство процедуры получения виз, их несоразмерная стоимость являются существенной преградой для свободного передвижения и контактов между гражданами наших стран”.

Падумаць толькі, як яго хвалюць перашкоды ў кантактах грамадзян Еўропы! Не ўдакладніў толькі чамусьці, пра якіх канкрэтна грамадзян размова. Ды напэўна ў тым і не было патрэбы. Усім яны вядомы добра. Як гаварыў калісьці незабыўны публіцыст з Сімбірску, “узок их круг и страшно далеки они от народа”. І пакуты іх ад адсутнасці кантактаў з еўрапейцамі настолькі неадольныя, што дыктатар не змог за іх не заступіцца. І сапраўды, чаго вартыя ўсе разважанні ў Астане у параўнанні з тым, што начальніца самага прынцыповага ў свеце Цэнтрвыбаркаму не толькі Парыжу, але нават і Ніцы каторы год запар пабачыць не можа. Ды і ён сам, каб патрапіць на запаветную альпійскую лыжню, вымушаны прабівацца туды ледзь не патаемнымі сцежкамі. Вось пра гэтыя нечалавечыя пакуты ішла размова. Толькі ці зразумелі тое ўдзельнікі саміта?

Калі б ён меў на ўвазе люд паспаліты, то чаго ж прасцей – варта толькі па сканчэнні трэцяга тэрміну сабраць чамаданы і спакойна пакінуць Дразды. І развяжуцца адразу шматлікія вузлы. Не толькі з візамі. Ды і не гэтыя адыёзныя візы так усхвалявалі правіцеля. Была адна сапраўды балючая праблема, дзеля якой ён так імкнуўся да мікрафона ў Астане. Гэта – выбары. А дакладней, забеспячэнне гарантый ягонай асабістай ўлады. І ён ірвануўся з месца ў кар’ер. “Многое сказано о правах человека. Если говорить на эту тему, надо говорить серьезно. Выборная тематика всегда на виду в деятельности ОБСЕ… Стандарты выборов, о которых говорится представителями и чиновниками ОБСЕ, к сожалению, у нас отсутствуют. Но ссылки постоянно на эти стандарты”.

Кажуць, гэткага нахабства нават электронная тэхніка не вытрымала. І на ягоным выступе раптам адключылася трансляцыя. Не дзіўна. Гэта ж да якога вычварэнства трэба было дадумацца – нейкіх стандартаў яму яшчэ не хапае! А Капенгагенскія пагадненні, якія таксама падпісала і Беларусь, куды раптам падзеліся? Ды і ва ўсіх захадах Еўропы і грамадста адно і тое ж патрабаванне, простае і зразумелае. Не мухлюй. Лічы галасы. І ніхто не будзе чаплацца ні да якіх выбараў.

Лёгка сказаць! Гэтак і без пасады застацца нядоўга. А лёс адстаўнога дыктара ў Еўропе незайздросны. А таму давядзецца і надалей цярпець гэтае навязлівае АБСЕ. І ён ужо спяшаецца перавесці стрэлкі ў іншым накірунку. “Организация является организацией по безопасности и сотрудничеству. Как в таких условиях люди могут сотрудничать?”

Адным словам, адчапіцеся вы са сваімі выбарамі. Як праводзілі іх, так і будзем праводзіць. Як лічылі (ці не лічылі?) галасы, так будзем лічыць і надалей. Тут свае стандарты. Уласныя. Адмысловыя.

І дарэчы, надзвычай высокія. У розных кутках свету, дзе арыентуюцца на стандарты менавіта гэткія, выбары праходзяць надзвычай вынікова. Толькі што Гаіці, яшчэ не апамятаўшыся ад землятрусу і халеры, абірала прэзідэнта. Цяпер там на сметніках дзеткі гуляюць з бюлетэнямі, якія дзеючым уладам падчас падліку не надта і спатрэбіліся. І нашы браты па розуму з Кот д’Івуар таксама толькі што правялі электаральную кампанію. Стандарты тыя ж, даўно апрабаваныя. Тым не менш, здарылася нечаканае – перамагла раптам апазіцыя.

Зразумела, што і там дзейснаму прэзідэнту пакідаць сваю пасаду не хочацца страшэнна. І праблему вырашылі проста. Да прадстаўніка выбаркаму, які ўжо ў наўпроставым эфіры збіраўся абвесціць вынік галасавання, наблізіўся раптам хтосьці з паплечнікаў прэзідэнта дзейснага. Вырваў пратаколы з рук. І падаўся прэч. Толькі кінуў мімахадзь, што яшчэ не ўсё падлічана.

Далёкая краіна, а якое падабенства. Да ўлады прыходзяць аднойчы. А далей у абранніка павінна быць толькі чарговая бліскучая перамога. Можна сказаць, элегантная. Па тых жа стандартах, што і ў нас. І ніякая АБСЕ тутэйшым абаронцам галоўнага крэсла не ўказ. Яны яшчэ абскачуць афрыканцаў.

Хіба што аднойчы спыніць іх народ. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Ад Астаны далёкая бязмежна.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]