Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лёс дысідэнтаў

19.08.2018 политика
Лёс дысідэнтаў

У беларусаў не бракавала волатаў духу і змагароў з савецкай імперскай сістэмай.

У глухой расейскай глыбінцы на тэрыторыі сібірскага Ямала ў турэмнай калоніі згасае палітычны вязень, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў. Чалавек, які пастанавіў памерці за іншых, чым жыць у няволі. Творца, якога засудзілі паводле абсурднага абвінавачвання ажно да 20 гадоў зняволення. Па-сутнасці засудзілі толькі за тое, што ён выступіў супраць расейскай акупацыі Крыма. З 14 траўня Алег Сянцоў трымае бестэрміновую галадоўку. За сябе рэжысёр не просіць і пісаць прашэнне пра памілаванне маскоўскаму ўладару Пуціну катэгарычна адмовіўся – ён патрабуе вызваліць не сябе, а ўсіх іншых украінскіх палітычных вязняў. Такіх налічваецца ажно 64. За іх вызваленне Сянцоў ахвяруе сваім як мінімум здароўем і гатовы аддаць жыццё.

Хочацца тут прыгадаць лёс дысідэнта, змагара з савецкай несправядлівасцю і дзікунскай карнай сістэмай Анатоля Марчанку. Ён не быў ад нараджэння іншадумцам, з маладосці нейкім змагаром з сістэмай.

Марчанка яшчэ першы раз быў засуджаны абсалютна несправядліва – за бойку, у якой ён не ўдзельнічаў зусім. Здарылася гэта ўжо пасля смерці галоўнага “крамлёўскага вурдалака” Сталіна – у 1958 годзе. Нягледзячы на значную “адлігу”, савецкая сістэма правасуддзя заставалася несправядлівай і карнай, а пенітэнцыярная сістэма дзікунскай і сярэднявечнай у горшым сэнсе.

У Карагандзінскім канцлагеры Марчанка спазнаў усю яе жудасць, пасля чаго наважыўся на ўцёкі. Яны фактычна удаліся, год ён хаваўся і жыў без дакументаў, пасля чаго пастанавіў перайсці савецка-іранскую мяжу. Пры яе пераходзе Марчанку ўсё ж злавілі, пасля чаго судзілі ні больш, ні менш – па крымінальным артыкуле за “здраду радзіме” – яшчэ 6 гадоў канцлагеру. З гэтага пекла Марчанка выйшаў ужо перакананым дысідэнтам і антысаветчыкам, пасля чаго зблізіўся з маскоўскай інтэлігенцыяй.

У 1967 годзе ён напісаў кнігу “Мае паказанні”, гэта сталася сапраўдным духовым подзвігам. Анатоль Марчанка падрабязна расказаў пра ўсю сутнасць савецкай карнай і катавальнай сістэмы. Яго кніжка выходзіла самвыдатам, а потым за мяжой на розных еўрапейскіх мовах. Гэтага Марчанку саветы дараваць не маглі, да канца жыцця праваабаронцу судзілі яшчэ пяць разоў па розных крымінальных “палітычных” артыкулах. Ён не зламаўся, быў паслядоўным змагаром з антычалавечай камуністычнай сістэмай, адмовіўся ад эміграцыі і ўрэшце на алтар свабоды іншых паклаў сваё жыццё.

Ужо ў час перабудовы, у жніўні 1986 года Марчанка абвесціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх палітвязняў у СССР. Галадоўка доўжылася ажно 117 дзён, пры тым дысідэнта гвалтоўна кармілі сумессю, што было па-сутнасці цяжкім катаваннем. Пасля спробы выхаду з галадоўкі Марчанку стала кепска і неўзабаве ён памёр у веку 48 гадоў. Яго смерць падштурхнула Гарбачова і іншых крамлёўскіх кіраўнікоў пачаць вызваляць палітычных вязняў. У родным горадзе Анатоля Марчанкі Барабінску Навасібірскай вобласці дагэтуль няма вуліцы яго імя, затое ёсць вуліца крывавага Дзяржынскага і многіх іншых камуністычных “вампіраў”. А вуліцы імя Марчанкі, помнікі яму і такім як ён, павінны быць у розных гарадах Расеі, а таксама Украіны, Беларусі.

У беларусаў таксама не бракавала волатаў духу і змагароў з савецкай імперскай сістэмай. Адна Ларыса Геніюш чаго вартая. На мінулым тыдні сучасныя беларускія патрыёты па традыцыі ўшанавалі яе памяць у Зэльве. Але колькі яшчэ забытых імёнаў тых, хто ахвяраваў сваёй свабодай і жыццём.

Таксама на мінулым тыдні споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння паэта і дысідэнта Самсона Пярловіча з Наваградчыны. Гэта ён не пабаяўся кінуць выклік у твар аднаму з кіраўнікоў карнай сістэмы ў БССР Лаўрэнцію Цанаву. За антысталінскі беларускамоўны верш Пярловіча тады засудзілі да 10 гадоў савецкага канцлагера. Сваіх поглядаў ён не выракся і да канца жыцця заставаўся беларускім патрыётам і антысаветчыкам. Але вельмі прыкра і сумна, што сёння ў Наваградку ніхто не ведае нават дзе магіла гэтага выдатнага чалавека, па-сутнасці ён забыты няўдзячнымі землякамі. І такая вось “памяць” пра многіх дысідэнтаў…

Уладзімір Хільмановіч, harodniaspring.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]