Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сяргей Пятрухін: Я не збіраюся нікуды з’язджаць, мяне не запалохаць

30.08.2018 общество
Сяргей Пятрухін: Я не збіраюся нікуды з’язджаць, мяне не запалохаць

Берасцейскі блогер пасля ранішняга затрымання АМАПам вярнуўся дадому.

Фармальна, сілавікі ўварваліся ў кватэру Сяргея Пятрухiна, каб правесці ператрус у межах крымінальных справаў за „паклёп” і „абразу”, раней заведзеных на яго. Каментуе “Радыё Рацыя” сам блогер:

– Калі здараюцца такія рэчы, нягледзячы на тое, што я перажыў, што я бачыў, – я не веру, што такое можа быць. Са мной такога яшчэ не здаралася, але я ведаю, што зараз нашыя міліцыянты могуць усё. Яны маглі б і забіць мяне. І сказалі б, ён супраціў аказаў. Яны прыйшлі, грукаліся да мяне. Я не адчыняю, бо сплю. Кувалдай па дзявярах. Не кажуць, што міліцыя. Я дрыжачымі пальцамі на тэлефон. Добра, што пасьпеў уключыць жывы эфір. А так не ведаю, што было б. Мордаю ў падлогу. Кайданкі мне заціснулі спецыяльна, каб мне было балюча. Селі мне на карак. Рукі дагары.

Пасля вяртання з РАУС Ленінскага раёна Берасця, Пятрухін заўважыў зламаныя дзверы і адсутнасць сістэмнага блока кампутара, ноўтбука і тэлефона.

Па словах сведкаў падзеяў, гэтыя рэчы вынялі міліцыянты падчас вобшуку. Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Улада робіць усё, каб спыніць распаўсюд незалежнай інфармацыі. Таму што ў краіне шмат праблемаў назапашана. А такія людзі, як Пятрухін, яны якраз гэтыя праблемы высвятляюць. І агалошваюць. Тое, што адбылося, выглядае звонку як бандытызм. Каб правесці ператрус у хаце пры наяўнасці пастановы, не трэба ехаць па АМАП. Дастаткова, каб прыехала пару чалавек, якія зачытаюць пастанову, якія з панятымі правядуць ператрус. Адбылося інакш. Трэба было абудзіць чалавека зранку, выбіць молатам дзверы, паставіць яго на калені. Рабіўся не проста ператрус, а рабіўся ціск на псіхіку асобна ўзятага чалавека – Пятрухіна.

Таксама Пятрухін паведаміў, што следчы Андранік Хачатран, які вядзе яго справу, прызначыў псіхіятрычную экспертызу для блогера. У пятніцу раніцай Сяргей Пятрухін збіраецца прайсці яе. „Я не збіраюся нікуды з’язджаць, мяне не запалохаць і я лічу гэта ціскам”, – падсумоўвае блогер.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]