Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў старт новаму навучальнаму году ў Мінскім тэалагічным каледжы

02.09.2018 общество
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў старт новаму навучальнаму году ў Мінскім тэалагічным каледжы

На першы курс навучання ў каледж селета было залічана 18 навучэнцаў.

Святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, распачаўся новы навучальны год у Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля, паведамляе catholic.by.

На першы курс навучання ў каледж сёлета было залічана 18 навучэнцаў, якія набудуць у ім веды па тэалогіі, катэхетыцы і касцёльнай музыцы. Пасля паспяховага заканчэння навучальнай установы ім будзе прысвоена адпаведная кваліфікацыя.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч, звяртаючыся да выкладчыкаў і навучэнцаў, зазначыў, што гэта ўжо 9-ы навучальны год у Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля.

«Мы распачынаем гэты навучальны год у традыцыйны ў Беларусі Дзень ведаў, але з той розніцай, што мова ідзе перадусім пра рэлігійныя веды і пра духоўную фармацыю», — сказаў напачатку іерарх.

Ён дадаў, што галоўным заданнем каледжа з’яўляецца падрыхтоўка катэхетаў і іншых касцёльных спецыялістаў. За мінулыя восем гадоў у гэтай навучальнай установе было падрыхтавана нямала катэхетаў, якія паспяхова служаць у розных парафіях архідыяцэзіі, і сёння цяжка ўявіць сабе працэс катэхізацыі без іх удзелу. Па словах іерарха, практыка дзеяння каледжа і працы катэхетаў здалі жыццёвы экзамен.

Арцыбіскуп адзначыў, што катэхізацыя патрэбна не толькі дзецям, але таксама моладзі і дарослым, бо працэс духоўнай фармацыі павінен быць пастаянным, да чаго змушаюць выклікі часу.

«Асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на катэхітзацыю дзяцей і моладзі, якая загубілася ў сваім жыцці. Многія з іх былі ахрышчаны, але, на жаль, не жывуць згодна з вучэннем Хрыста і Касцёла. Такое хрысціянства нельга назваць сапраўдным — яно больш нагадвае карыкатуру веры, што не выглядае прывабна для іншых людзей», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён нагадаў, што на пачатку мінулага стагоддзя св. папа Пій X праграмай свайго пантыфікату выбраў словы: Instaurare omnia in Christo — «Аднавіць усё ў Хрысце». «Гэтыя словы актуальныя і сёння, — упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч. — У Касцёла няма іншай праграмы, як аднавіць жыццё чалавека ў Хрысце. Катэхізацыя і новая евангелізацыя ў такім аднаўленні маюць асноватворнае значэнне».

Для гэтага, як сцвердзіў іерарх, неабходна падрыхтаваць адпаведных, сфармаваных на прынцыпах Евангелля і згодна з вучэннем Касцёла, спецыялістаў, што і з’яўляецца галоўным заданнем каледжа. Яго праграма складзена такім чынам, каб даць навучэнцам веды і прывіць маральна здаровыя прынцыпы.

«Мэта ўсяго гэтага працэсу — дасканаласць навучэнцаў, дасканаласць не толькі чалавечая ці інтэлектуальная, але і боская, бо ўсе павінны быць дасканалымі, як дасканалы ёсць наш нябесны Айцец», — нагадаў заклік Збаўцы арцыбіскуп. Пры гэтым ён з горыччу зазначыў, што ў сучасных свецкіх навучальных установах усё часцей прапагандуюцца нязгодныя з вучэннем Евангелля прынцыпы, такія, як гендарная ідэалогія, якая, паводле папы Францішка, з’яўляецца «новай ідэалагічнай каланізацыяй сучаснага чалавека».

Нагадаўшы словы св. Тамаша Аквінскага, які казаў, што невялікая памылка, дапушчаная напачатку, можа прывесці да вялікай трагедыі ў будучыні, іерарх заахвоціў студэнтаў каледжа распачаць новы навучальны год з усёю сур’ёзнасцю, каб кожны дзень заняткаў быў напоўнены малітвай і набыццём ведаў.

«Заахвочваю таксама выкладчыкаў каледжа быць прыкладам хрысціянскага жыцця і выкладаць здаровае вучэнне, якое няспынна аднаўляецца», — сказаў арцыпастыр, адзначыўшы пры гэтым, што выкладчыкі каледжа павінны пастаянна ўдасканальвацца, каб быць здольнымі прадставіць навучэнцам сучаснае здаровае вучэнне Касцёла.

На заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу прысутных на тое, што апекуном каледжа з’яўлецца св. Ян Хрысціцель, які заўсёды адстойваў Божую праўду і ёй навучаў.

«Даверым новы навучальны год у Мінскім тэалагічным каледжы яго нябеснаму апекуну св. Яну Хрысціцелю. Ён павінен быць прыкладам для ўсіх нас: выкладчыкаў і навучэнцаў. Яго заданнем было падрыхтаваць дарогу Збаўцы.

Заданне каледжа — выхаваць тых, хто будзе рыхтаваць дарогу Езусу ў сэрцы новага пакалення хрысціянаў, каб яно прыкладам свайго жыцця будавала цывілізацыю жыцця і любові», — заклікаў іерарх.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]