Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Я гэта называю пашырэньнем беларускай прасторы»

23.11.2018 общество
«Я гэта называю пашырэньнем беларускай прасторы»

Першы нацыянальны герой — гэта беларуская мова.

Удзельнік падзей Плошчы-2006, стваральнік беларускай інтэрнэт-крамы Prastora.by, арганізатар творчых імпрэзаў у розных гарадах Беларусі Алесь Квіткевіч расказаў Радыё Свабода аб пратэставых настроях у мінулым і грамадзкай актыўнасьці сёньня.

Перад затрыманьнем на падыходах да Кастрычніцкай плошчы Алесь Квіткевіч пасьпеў зрабіць некалькі паходаў з тэрмасам і бутэрбродамі з дому да абаронцаў намётавага мястэчка, якое паўстала ў Менску на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 году.

«Вам зачытаюць абвінавачаньне ў парушэньні грамадзкага парадку: калі прызнаеце гэта за віну, то атрымаеце сем сутак арышту, калі не прызнаеце — атрымаеце пятнаццаць. Гэта ўсё, чым я магу вам дапамагчы, а вы самі вырашайце, колькі сутак вам сядзець». Гэткую параду Алесь Квіткевіч разам зь іншымі затрыманымі на Кастрычніцкай плошчы атрымаў ад адваката перад пачаткам судовага працэсу.

Алесь Квіткевіч нарадзіўся і вырас у самым сэрцы сталіцы — насупраць парку Горкага і за два крокі ад плошчы Перамогі ў Менску, у сям’і навукоўцаў і кіраўнікоў у галіне сельскай гаспадаркі.

У лінгвістычны ўнівэрсытэт прыйшоў беларускамоўным. «Пасеянае ў 90-я гады зерне беларушчыны прынесла свой плён», — тлумачыць Алесь.

На «Плошчу-2010» пайшоў ужо разам зь цяжарнай жонкай, зь якой пазнаёміўся ва ўнівэрсытэце.

Стаў вядомы як заснавальнік і дырэктар беларускай інтэрнэт-крамы Prastora.by, у межах дзейнасьці якой Квіткевіч з паплечнікамі перакладаюць на беларускую мову кіно і мультфільмы, друкуюць беларускія кнігі і запісваюць аўдыёкнігі, распаўсюджваюць беларускія тавары і сувэніры.

Жыве ў мястэчку Самахвалавічы, мае жонку і дачку, рэалізоўвае культурніцкія праекты.

«Суткі — добры спосаб займець шырокую базу кантактаў інтэлігентных людзей»

— Жывучы за некалькі крокаў ад плошчы Перамогі, відаць, з маленства бачылі і парады, якія ішлі праспэктам, і ўскладаньне кветак да абэліска, і каля вечнага агню малым бегалі. Як так атрымалася, што раптам трапілі да пратэставага намётавага мястэчка ў 2006-м?

— Для мяне 19-гадовага гэта быў такі юнацкі парыў: бунтарскі пратэст і абвостранае пачуцьцё справядлівасьці.

У мяне не было грамадзка-палітычных амбіцый, але людзі з майго асяродку — гэта была даволі актыўная моладзь. І мы жылі, як мне здавалася тады, «прагрэсіўнымі» ідэямі.

Я трапіў тады «на суткі» і пазнаёміўся з многімі людзьмі, зь якімі сябрую і па сёньня. Адзін зь іх нават стаў мне кумам — запрасіў мяне за хроснага для сына.

Увогуле, калі раптам трэба займець шырокую базу кантактаў інтэлігентных людзей у свой тэлефонны нататнік, то, паводле маіх назіраньняў, найлепшы спосаб і «найкарацейшы шлях» — трапіць «на суткі» ў ізалятар на Акрэсьціна. Нас тады паводле нейкай унутранай лёгікі актыўна «ператасоўвалі» з адной камэры ў іншую, і за некалькі такіх «пераездаў» ты хочаш ня хочаш знаёміўся зь вялікаю колькасьцю інтэлектуалаў — ад тэатралаў да акадэмікаў.

Да прыкладу, сядзеў з украінскім пісьменьнікам Андрэем Любкам, зь якім мы разам сьпявалі песьні гурту «Океан Ельзи», каб весялей было. Сядзеў з Вадзімам Александровічам, зь Дзімам Гурневічам — сьпіна ў сьпіну: дрыжэлі і так грэліся. З многімі з тых людзей і па сёньня сябруем і ў добрых стасунках, цяпер ужо сем’ямі.

«Нарастала ўнутранае пачуцьцё нейкай несправядлівасьці»

— Вы на той момант былі студэнтам першага курсу вельмі прэстыжнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Як да гэтых падзеяў і вашага ў іх удзелу паставіліся родныя, кіраўніцтва ВНУ?

— Калі я выйшаў пасьля «сутак», то літаральна назаўтра мне патэлефанавалі з Польшчы і сказалі: «Алесь, не хвалюйцеся, калі вас выключаць, знойдзем месца ў польскім унівэрсытэце».

Але я спакойна давучыўся тут. Нас было два хлопцы ў групе, і абодва тады трапілі на суткі — я і Раман Хадзюнь зь вёскі Маркава з-пад Маладэчна. І мы толькі потым даведаліся, што дзяўчаты з нашай групы і выкладчыкі перажывалі за нас, кудысьці хадзілі. Асабліва дбала, амаль што як пра сваіх дзяцей, куратарка нашай групы — цудоўная Алена Таболіч.

Словам, у нашай ВНУ шмат хто тады клапаціўся пра мой лёс і лёс іншых студэнтаў. Урэшце дэкан факультэту ангельскай мовы і літаратуры Ніна Андрэеўна Капачова сказала: «Ніхто вас нікуды не адлічыць». А ў іншых ВНУ ў той час выключалі студэнтаў.

Родныя таксама па-рознаму ставіліся. Старэйшыя, натуральна, менш ухвалялі. Аднак я тады іхнай мудрасьці яшчэ не разумеў і не заўжды цаніў іхны клопат, пра што цяпер шкадую. Асаблівы дзякуй хочацца сказаць дзеду, якога ўжо няма сярод жывых, за ягоны спакой і разважлівасьць.

Але я ўсё роўна ў поўным сэнсе не давучыўся ў «інязе». Мая сястра на той час жыла ў Шатляндыі, я двойчы зьезьдзіў да іх з мужам у госьці ў Эдынбург, зразумеў, што моваю, у прынцыпе, ужо валодаю настолькі, што людзей магу разумець, і яны мяне разумеюць. Жаданьня і амбіцыяў станавіцца навукоўцам-лінгвістам у мяне не было, таму зь сярэдзіны другога курсу перавёўся на завочнае аддзяленьне. І ўзяўся за культурныя беларускамоўныя праекты, якімі займаюся і па сёньня.

— Маеце на ўвазе праекты ў межах вашай кампаніі Prastora.by?

— Так, у мяне было шмат энэргіі, і штодня я ўсё больш адчуваў сябе беларусам. Адначасна нарастала такое ўнутранае пачуцьцё, што ў дачыненьні беларусаў як тытульнай нацыі адбываецца нейкая несправядлівасьць. Тое юначае абвостранае пачуцьцё справядлівасьці і вылілася ў жаданьне штосьці з гэтым рабіць. Каб выправіць або прынамсі палепшыць становішча — так, як я гэта разумеў.

Я пачаў выкарыстоўваць засвоеную мову ў практычным сэнсе: перакладаць з ангельскай на беларускую клясычную літаратуру, агучваць мастацкія і мультыплікацыйныя фільмы, выдаваць аўдыёкнігі, сувэнірную прадукцыю. Цешуся, што мы і сёньня на розных носьбітах даносім да чытачоў і слухачоў творчасьць Арлова, Някляева, шматлікіх іншых аўтараў.

Спачатку рабіў гэта разам з жонкай, якая была ў маёй «фірме» і юрыстам, і бухгальтаркай. Пасьля пачалі далучацца іншыя паплечнікі і аднадумцы.

Мы пачыналі рабіць усё вельмі проста, па-наіўнаму. Тэлефанаваў я, напрыклад, Лявону Вольскаму і казаў: «Я пераклаў на беларускую мову фільм „Піраты Карыбскага мора“. Можа, вы пагодзіцеся агучыць Джэка Вераб’я?» А ён адказваў прыблізна так: «Джоні Дэп — адзін з маіх улюбёных актораў. Чаму б не?» Шмат у чым працавалі, як сёньня б сказалі, «непрафэсійна». Але жаданьне рабіць перамагала.

Кожнаму з тых, хто адгукнуўся тады на мае юначыя парывы, я бязьмежна ўдзячны. Я не працаваў за гранты, ня меў магчымасьці плаціць ім ніякіх грошай, тым ня менш, наколькі я памятаю, не адмовіўся ніхто.

Юлія Слуцкая, якая кіравала на той час «Эўрарадыё», нават дазволіла бясплатна выкарыстоўваць студыю. Аляксандар Памідораў, Руся, Лявон, Ганна і Адэля Вольскія, Піт Паўлаў з сынам Янам-Вінцэнтам, гурт «Разьбітае сэрца пацана» ў поўным складзе, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка, Аляксандар Кулінковіч, Аляксей Хацкевіч, Ягор Маёрчык, Макс Івашын, Андрэй Плясанаў і многія-многія іншыя. Кожны з гэтых людзей быў і маім настаўнікам адначасова, я шмат чаму ў іх вучыўся.

Між тым запал мой відавочна ня быў разьлічаны, каб давесьці на той час усе справы да лягічнага завяршэньня. Таму большасьць зь фільмаў, якія мы тады зрабілі, дагэтуль, страшна сказаць, не пабачыў ніхто, акрамя вузкага кола блізкіх сяброў.

Нядаўна з намі зьвязалася кампанія Velcom, якая зацікавілася гэтымі фільмамі. Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што празь нейкі час вялікую колькасьць агучаных на беларускую мову стужак, «новых» для публікі, можна будзе пабачыць на плятформе VOKA.

Сёньня мне і самому карціць усё гэта яшчэ раз пабачыць. І зноў пачуць, напрыклад, па-беларуску Аляксандра Кулінковіча — ён цалкам агучыў ролю цыганскага барона ў фільме «Чорная котка, белы кот» Эміра Кустурыцы.

«Я гэта называю пашырэньнем беларускай прасторы»

— Наколькі запатрабаваная вашая прадукцыя і паслугі?

— На сёньня гэта тры дзясяткі беларускіх аўдыёкніг, дзясятак мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, творчыя імпрэзы, сувэніры, паштоўкі і г.д. — усе яны рэалізаваныя.

Мы падтрымліваем кантакты з многімі бізнэсоўцамі, а яны ў выніку набываюць нашую прадукцыю: хтосьці сваім сем’ям — жонкам-дзецям, хтосьці супрацоўнікам. Я гэта называю «пашырэньнем беларускай прасторы».

Масавы попыт на беларускую культуру за адзін дзень не ствараецца. Наколькі гэта запатрабавана цяпер? Падвышэньне цікавасьці назіраецца, але я не скажу, што яно грандыёзнае. Працэс паступовы і заканамерны.

Разам з тым магчымасьцяў «уваходу» ў беларускую ідэнтычнасьць, беларускі космас стала нашмат больш — гэта факт.

Моўныя курсы, кінапрагляды, вялікая колькасьць музычных канцэртаў ды іншыя падзеі. Пачуць беларускую мову стала нашмат лягчэй, нават не прыкладаючы для гэтага асаблівых намаганьняў. А яшчэ гадоў 10-15 таму ўсё было ня так.

Нават шанцаў зарабіць, займаючыся «беларускамоўным» бізнэсам, зьявілася нашмат болей. І чым болей я за ўсім гэтым назіраю, тым больш знаходжу пацьверджаньняў, што заўсёды ёсьць чым займацца. Калі напраўду хочаш штосьці зьмяніць да лепшага, магчымасьцяў процьма.

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ....

— Для мяне гэта ўнутранае адчуваньне прыналежнасьці да пэўнай культуры, пэўных каранёў і пэўнага асяродзьдзя. Што ты ня вырас на пустым месцы, што за гэтым стаяць багатая гісторыя і культура, якія ў глыбіні пакаленьняў, што ёсьць вельмі сакральным. Я магу толькі імкнуцца злучыцца і быць з гэтай беларушчынай у суладзьдзі — гэта вельмі глыбокае і моцнае, дадзенае кімсьці ці чымсьці.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Першы нацыянальны герой — гэта беларуская мова. Другі — беларуская культура ў шырокім значэньні. І трэці — гэта ўсе тыя людзі, якія спрычыняюцца да таго, каб па гэтых жылах цякла кроў — пульсавала гэтая беларушчына.

— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

— У розныя пэрыяды жыцьця гэта былі розныя кнігі. У юнацтве — «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, якая шмат што ўва мне абудзіла. Але ідуць гады — і настаўнікі мяняюцца. Магу сказаць, што кніг, як і людзей, якія на мяне паўплывалі, шмат.

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Чым далей жыву, тым больш пераконваюся, што аднаму асобна ўзятаму чалавеку грошай ня трэба шмат. І мне ў тым ліку. Увогуле ідэальна, калі грошы патрэбны не як мэта, а як сродак дасягненьня мэты. Тады іх колькасьць наўпрост залежыць ад маштабу мэты. І яшчэ ад сілы, колькі чалавек ва ўсіх сэнсах здольны пацягнуць. Калі казаць пра мяне, то я і за 200, і за 300 даляраў жыў. І няма ў гэтым ніякае праблемы. Як бачыце, цэлы.

— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

— Улада як сутнасьць нікуды не падзенецца. Але ўсё зьмяняецца, і ўлада таксама. Датычыцца гэта найболей формы — і адбываецца гэта ўжо цяпер, на нашых вачах.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]