Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Трэба самім закасваць рукавы, каваць неўміручую волю і годнае жыццё!»

04.12.2018 политика
«Трэба самім закасваць рукавы, каваць неўміручую волю і годнае жыццё!»

Аўтарытарызм правіцеля Беларусі трымаецца на дзейнасці «правінцыйных дыктатарчыкаў».

Пра хамут прымусу мне тэлефануюць і пішуць дзясяткі людзей. Ён вісіць на шыі не толькі ў рабочых, хлебаробаў, настаўнікаў, медыкаў, інжынераў, прадпрымальнікаў, ім абураюцца самі дробныя паднявольныя чыноўнікі, якім даводзіцца выконваць абсурдныя даручэнні вышэйшых начальнікаў, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus.com.

Аўтарытарызм правіцеля Беларусі якраз і трымаецца цяпер на дзейнасці «правінцыйных дыктатарчыкаў». Іх філасофія такая: мне пасаду даў не народ, а прэзідэнт, таму, як і ён у краіне, я тут — абсалютны гаспадар. Для кар’еры і само сабой для ўласнай кішэні выцісну з перададзенага ва ўладу майго «клочка земли», падначаленых людзей усё магчымае і немагчымае, паказчыкі ў мяне будуць найлепшымі.

Але здабыць патрэбныя лічбы, якіх «железно» патрабуе галоўны бос ад наменклатурных падначаленых, арганізаваць вытворчы працэс у полі, на ферме, у цэху, у канструктарскім бюро і лабараторыі не так лёгка, а заганяць працаўнікоў на суботнікі, на ратаванне ў халодную восень ураджаю, у шэрагі ідэалагічных арганізацый, здзіраць з іх грошы на «дзяржаўныя патрэбы», прымушаць выпісваць прапагандысцкую газетную непатрэбшчыну — значна прасцей.

Пры аўтарытарызме наменклатурныя пасады займаюць «надзейныя кадры», прымітыўныя выканаўцы каманд. У сталіцы або абласным цэнтры яшчэ неяк можна супраціўляцца дзяржаўнаму прымусу. Там ёсць вялікія працоўныя калектывы, арганізацыі, навучальныя ўстановы, дзе сярод нізавых кіраўнікоў маецца шмат добра адукаваных, разумных і думаючых людзей. Некаторыя з іх дурныя загады мікшыруюць або «спускаюць на тармазах». Намнога цяжэй жыць у правінцыі, бо тут усё навідавоку, а яшчэ пануе дэфіцыт разважлівых, мудрых службоўцаў.

Цяпер усюды, калі нехта з грамадзян выказаў сваю нязгоду або, барані Божа, пакрытыкаваў начальства, то ад яго ўжо не адчэпяцца, заклююць, будуць даймаць правакацыямі, падтасоўкамі, прымяняць незаконныя, подлыя спосабы, бо ўсё схоплена, існуе кругавая парука мясцовай адміністрацыі, наймальнікаў на працу, міліцыі, суда, пракуратуры. У такіх умовах скінуць хамут прымусу неверагодна цяжка. Упартыя шукальнікі справядлівасці натыкаюцца на глухую сцяну бюракратызму, іх аб’яўляюць суцяжнікамі і перастаюць разглядаць скаргі. Нахабныя паводзіны перыферыйных начальнікаў, прыкрыццё іх вышэйшымі органамі якраз і сталі прычынай масавай абуранасці насельніцтва, стыхійных мітынгаў.

Здаўна бытуе меркаванне, што эвалюцыя лепш за рэвалюцыю, бо пры ёй нібыта няма ахвяраў. Ніхто яго звычайна не аспрэчвае. Але асабіста ў мяне ёсць на гэты конт вялікае сумненне і маецца пытанне: хто палічыў, колькі страт панеслі беларусы ад «аўтарытарнай эвалюцыі» пад прымусам, якая цягнецца амаль чвэрць стагоддзя? Дэмакратычная частка грамадства не забывае і публічна згадвае зніклых і забітых палітыкаў, журналістаў, выяўляе салідарнасць са смельчакамі, што пабылі пад амапаўскімі дубінкамі, прайшлі суды і знаходзяцца ў зняволенні. Гэта высакародна і выдатна. Але хто помніць пра інсульты і інфаркты, пра смерць у выніку іх людзей, якія вялі доўгае змаганне за свае правы, загрузлі ў чыноўніцкай валакіце? Толькі родныя і блізкія памерлых.

«Аўтарытарная эвалюцыя» — гэта маштабная разбуральная дэградацыя. Ад разумення таго, што ў нас шляхам выбараў уладу змяніць немагчыма, людзей апаноўвае змрочная безнадзейнасць, якая прыводзіць да яўнага пагаршэння маральнага і фізічнага здароўя. Яны абураюцца не толькі рэпрэсіўнай уладай, іх злосць выліваецца на невінаватых родных людзей. Медыкі трывожацца, што апошнім часам павялічваецца колькасць псіхічных захворванняў.

Прапаганда з ранку да цямна трындзіць пра «еднасць народа», а ў сем’ях па-ранейшаму ідзе грамадзянская вайна: жонка не падзяляе погляды мужа і наадварот, бацька і маці не згодны з сынам ці дачкой, дзед або бабуля не разумеюць ідэалагічную зашоранасць унукаў. Новае ў гэтым змаганні тое, што цемрашаламі часта выступаюць не прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, а гадаванцы аўтарытарнай улады. Якраз рэжым сваімі валюнтарызмам і прымусам пастаянна падагравае канфлікты.

Трэба шчыра прызнацца, што ў нашым народзе малавата людзей, гатовых рашуча пастаяць за праўду і справядлівасць, за здаровы сэнс у жыцці. Насельніцтва, якое з цяжкасцю ладзіць уласны дабрабыт, не цікавяць грамадскія падзеі, яно ставіцца да іх абыякава. Ведаючы такія абставіны, аўтарытарны рэжым цынічна праводзіць двурушніцкую, шкурніцкую, антынародную палітычную лінію, сімвалам якой стала «Линия Сталина».

Прытым у дачыненні да актыўнай дэмакратычнай часткі грамадства гэта робіцца з выклікам — міністр унутраных спраў па святах расхаджвае ў форме НКУС, побач з народным мемарыялам «Курапаты», які ўшаноўвае памяць пра ахвяраў масавых сталінскіх рэпрэсій, пабудаваны рэстаран, наведвальнікі якога ганарацца тым, што іх родзічы былі крывавымі катамі.

Скандальным выглядае ўладнае ўмяшальніцтва і ў сам мемарыял. Вы супраць, не хочаце, пратэстуеце, а мы ўсё роўна паставім абстрактны знак з надпісам, з якога нельга зразумець, хто тут ляжыць: ці тыя, каго расстралялі сталінскія забойцы, ці тыя, каго знішчылі нямецка-фашысцкія захопнікі. Усё і ўсіх — у адну кучу! Заблытаем, перакруцім падзеі, хай нашчадкі вывучаюць хлуслівую, прасеяную гісторыю. Ведаць праўду ім шкодна, бо могуць зрабіць непажаданыя аўтарытарнаму рэжыму параўнанні і высновы. А там недалёка і да рэвалюцыі.

Што тычыцца заходніх палітыкаў, то многім з іх абсалютна напляваць на беларусаў, якія пакутуюць пад маральнай знявагай, пад уціскам удушлівых законаў, адміністратыўнага рэсурсу, драконаўскіх штрафаў, пад амапаўскімі дубінкамі. Яны, як і мясцовы аўтакрат, заклапочаны захаваннем «хлебных» пасадаў, а таму на пустым месцы развіваюць бурлівую дзейнасць, чамусьці зачасцілі з візітамі ў Мінск, амаль што абдымаюцца з «апошнім дыктатарам Еўропы» і задаволены «міліцэйскай стабільнасцю» ў Беларусі, што выклікае справядлівае абурэнне дэмакратычных сілаў. Сітуацыя вымалёўваецца сапраўды бязрадасная.

У 1996 годзе я напісаў невялічкі, нібыта жартоўны верш, але з сур’ёзным падтэкстам. Ён спадабаўся Васілю Быкаву, які заўважыў: «Бач ты, некалькі радкоў, а ўся тутэйшая завядзёнка вывернута наверх». Верш «Прымус» гучыць так:

З выслоўем пра гасціннасць, ласку

Знаёмы горад і сяло:

«Пілі і елі пад завязку,

Але прымусу не было».

«На волю!» —

Кажуць беларусу…

А ён не можа без прымусу.

Яно і праўда, няма каму, як пастуху, гнаць пугаю беларусаў на волю. Усе, хто залазіць на кіруючы верх, заклапочаны тым, каб надзець на народ хамут прымусу і затым у сваіх мэтах няшчадна яго эксплуатаваць. А таму, чым больш будзе ў Беларусі смелых людзей, тым хутчэй мы вырвемся на свабоду.

Чалавечае жыццё, калі разглядаць яго ў філасофскім плане, прыгожае і непаўторнае, але адначасова, на практыцы, — жорсткае і бязлітаснае. Яно глядзіць на нас і кажа: «Хочаце хадзіць з хамутом на шыі? Калі ласка! Але тады не плачце, не расказвайце пра нягеглае існаванне, не лічыце сябе ахвярамі».

Усе спадзяванні на «дабрадзея» з усходу або захаду, на шчаслівы выпадак, які дапаможа нам выкараскацца з аўтарытарнага тупіка, марныя. Трэба самім закасваць рукавы, каваць неўміручую волю і годнае жыццё!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]