Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Беларусі запускаецца першая ў гісторыі краіны дзявочая футбольная ліга для паненак

29.03.2019 спорт
У Беларусі запускаецца першая ў гісторыі краіны дзявочая футбольная ліга для паненак

У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі.

Беларуская федэрацыя футбола пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы ФІФА ўпершыню на тэрыторыі Беларусі запускае футбольную лігу для паненак, узрост якіх не перавышае 13 год.

У дэбютным сезоне ў "Футбольнай лізе дзяўчат" згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Удзел у спаборніцтвах возьмуць не толькі каманды ад ДзЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ ці фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах.

Каманды падзелены на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічвалася два фактары: каб у кожнай групе была прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і каб усе яны знаходзіліся на зручнай адлегласці адзін ад аднаго.

Сістэма наступная: каманды ў красавіку-траўні з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап і ў пачатку чэрвеня прыязджаюць у Мінск, дзе ў матчах па алімпійскай сістэме вызначаюць лепшую каманду краіны.

Важна падкрэсліць, што ліга будзе адукацыйна-арыентаванай. Кожны дывізіён будзе названы ў гонар выбітнай беларускі — Уршулі Радзівіл, Саламеі Пільштыновай і гэтак далей.

Асобна трэба адзначыць дапамогу ФІФА. Адбыліся адмысловыя трэнерскія курсы для спецыялістаў, якія працуюць з удзельніцамі новай лігі. Цягам пяці дзён эксперты міжнароднай федэрацыі павышалі кваліфікацыю трэнераў.

Таксама ўсе без выключэння каманды атрымалі па дваццаць мячоў і столькі ж камплектаў гульнявой формы Adidas: майка, шорты, гетры, буцы і шчыткі. Такому падарунку па-добраму пазайздросцяць шмат якія прафесійныя клубы.

Ліга атрымае хэштэг #WOOOOW — слоган, які не толькі тлумачыць матывацыю дзеянняў, але і яднае ўсе дывізіёны, адлюстроўвае асноўную эмоцыю ад гульні.

Акрамя таго, за кожнай тэрытарыяльнай зонай будзе замацаваны спартыўны апякун — футбалістка нацыянальнай зборнай. Прафесійныя спартсменкі будуць падтрымліваць дзяўчынак, запісваць відэазвароты і, галоўнае, нагадваць ім, што самае першаснае ў футболе — атрыманне асалоды.

Каранямі ідэя зыходзіць у 2017 год, калі ФІФА звярнулася да АБФФ з ініцыятывай аб аказанні дапамогі ў развіцці жаночага футбола ў краіне. Бо ў Беларусі на той час існавалі толькі нацыянальнае і моладзевае першынствы.

Спаборніцтвы ж для маленькіх футбалістак праводзіліся нерэгулярна і не ў буйной колькасці. Пасля дыскусій спецыялісты прыйшлі да ідэі стварэння рэспубліканскага турніра па футболе сярод дзяўчынак у катэгорыі U-13.

"Цікавасць да гульні нумар адзін з боку дзяўчат і жанчын з кожным годам узрастае. Задача АБФФ — даць магчымасць гуляць у футбол усім, хто гэтага жадае, не звяртаючы ўвагі на розныя ўмоўнасці, у тым ліку пол. Такія спаборніцтвы павінны даць штуршок для развіцця ўсяго жаночага футбола Беларусі і дазволяць яшчэ большай колькасці дзяўчынак далучыцца да цудоўнай гульні", — упэўнены Віталь Крупіца, начальнік аддзела масавага футбола.

"Футбольная ліга дзяўчат" атрымае і медыяпаслоў — жанчын з розных галін дзейнасці, якія дабіліся поспехаў у Беларусі. У кожнай з амбасадорак будзе свая зона адказнасці.

Напрыклад, Tatsiana Lavets — адна з лепшых трэнераў па фізпадрыхтоўцы ў краіне, распавядзе дзяўчынкам пра важнасць падрыхтоўкі да гульняў і навучыць правільнай размінцы.

Вольгша Цярэшка, футбольны рэферы, адна з медыяпаслоў турніра: "Цалкам падтрымліваю ідэю стварэння лігі. Гэты турнір дае шанец дзяўчынкам убачыць сябе з боку, убачыць сваіх суперніц, убачыць сэнс футбола. Акрамя саміх спаборніцтваў, гэта зносіны і перадача вопыту не толькі дзяўчынак, але і маладых трэнераў. Можа быць, менавіта з гэтай лігі пачнецца развіццё і папулярызацыя трэнерства ў жаночым футболе. Гэты турнір можа даць глыток свежага паветра жаночаму футболу нашай краіны".

"Імкнемся падкрэсліць, што беларускі футбол — павага да беларускай гісторыі, культуры, традыцый і досведу. Кожны дывізіён названы ў гонар вядомай беларускі, каб у працэсе футбольных спаборніцтваў мы маглі распавядаць пра гісторыю рэгіёна, краіны, а таксама пра тое, што важна беражліва ставіцца да тых набыткаў і гістарычнага скарбу, якім валодае Беларусь", — адзначае Юры Садоўскі, кіраўнік дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ.

2 красавіка, а 14 гадзіне, на тэрыторыі культурнай прасторы Ok16 (Мінск, вуліца Кастрычніцкая, 16) адбудзецца прэзентацыя праекта, адзначае прэсавая служба БФФ.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]