Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Мова і казуля

02.06.2019 общество
Мова і казуля

Прыпавесць старажытнага Канфуцыя для сучасных беларусаў.

З размовы з вялікім вучоным і філосафам Кітая Канфуцыем, якая адбылася дзве з паловай тысячы гадоў таму

— Што неабходна для таго, каб краіна квітнела?

— Патрэбны тры рэчы: шмат хлеба, моцнае войска і наяўнасць разумных людзей.

— Чым можна ахвяраваць у выпадку крайняй неабходнасці?

— Арміяй, нават хлебам, але ні ў якім разе не станам розуму.

Каб знішчыць беларускую мову, нашы ворагі часта кажуць, што яна непрыгожая, брыдкая, грубая. Адным словам, створаная неразумнымі людзьмі. Ці адпавядае гэта сапраўднасці?

Паспрабуем паназіраць і паразважаць.

Канец мая. Каля васьмі гадзін раніцы. Хмарны дзень. Праз невялікае балотца па наезджанай аўтамабілямі і пратаптанай людзьмі дарозе вяду веласіпед, падымаючыся на невялікі пагорачак.

Непадалёку віднеецца пафарбаваны шчыт маёй дачы. Нечакана адтуль, дзе цесна стаяць дачныя хаты, выбягае чырванавата-карычневая казуля. Высока паднімаючы пярэднія ногі ў густой высокай траве, абсыпанай дажджынкамі-расінкамі, яна скачкамі набліжаецца да мяне.

Якімі эпітэтамі можна ахарактарызаваць гэтае незвычайнае тварэнне Бога? Не палянуюся, пастараюся падабраць іх: прыгожая, стройная, грацыёзная, імклівая, дзівосная і палахлівая.

Так, так, добра ведаю, што ўсе казулі палахлівыя. Ім прыходзіцца ратавацца і ад драпежнікаў, і ад чалавека. Вельмі захацелася паразмаўляць з казуляй на роднай беларускай мове. Не толькі дзеля таго, каб упэўніцца, якая яна, мова маіх прашчураў: грубая ці ласкавая, пяшчотная, падобная на журчанне ляснога ручая, да гуку якога, несумненна, прывыкла казуля.

Яшчэ здалёку пачаў прасіць тварэнне Пана Бога: «Казуля, казулька, казулечка, не бяжы, не ўцякай, пастой, дазволь хоць хвілінку паразмаўляць з табою! Пачуй, мяне, казулька!»

Здарыўся цуд. Казуля спынілася непадалёку, метраў за пятнаццаць, і стала ўважліва глядзець на мяне.

А я вырашыў звярнуцца да яе з наступнымі словамі, якія маланкай пранесліся ў галаве:

Адыходзіць раніца,

Наступае дзень.

Не хвалюйся, козачка.

Я не авадзень.

Не варухнуўшыся, стаяла перада мною казулька. Тады вырашыў прывітацца з ёю, як звычайна вітаюцца з жаданым, доўгачаканым госцем:

Праплываюць хмаркі,

Прысылаюць цень.

Першы я вітаюся, Кажу: «Добры дзень!»

А потым захацелася паскардзіцца, сказаць, што цяжка жывецца беларускай мове ў незалежнай беларускай дзяржаве.

Мне здалося, што козачка з дакорам паківала галавою і паімчалася ўздоўж дарогі, высока паднімаючы пярэднія ногі. Якія пытанні падабраў для казулі? Вось некаторыя з іх.

— Чаму нас не чуе ўлада, калі просім, каб назвы вуліц напісалі на беларускай мове?

— Чаму нас не чуе ўлада, калі просім, каб назвы вуліц давалі не тым, хто знішчаў Беларусь, а яе сапраўдным героям?

— Чаму беларускую мову пазбаўляюць публічнасці?

Чаму?.. Чаму?.. Так, гэтыя «чаму?» засталіся ў маёй душы, але я ўсё роўна ішоў усцешаны, усміхаючыся сам сабе.

Ужо потым прыйшлі ў галаву іншыя вершаваныя радкі:

Мову нагінаюць.

Стогне, не даецца.

Вораг зубы скаліць,

Вораг з нас смяецца.

Аляксей Якімовіч, «Газета Слонімская»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]