Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сотні тысяч подпісаў, тысячы зваротаў і сотні перамог

04.08.2019 политика
Сотні тысяч подпісаў, тысячы зваротаў і сотні перамог

У беларускім грамадстве сталі выяўляцца цікавыя працэсы.

Яшчэ гадоў пяць таму зборы подпісаў шляхам стварэння электронных петыцый нават у асяроддзі прасунутых беларускіх інтэрнаўтаў выглядала дзівацтвам і безнадзейным «канапным актывізмам». Памятаю даволі гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках, лейтматывам якіх часта былі выказванні лідараў меркаванняў пра тое, што электронныя звароты – гэта пэўная форма імітацыі. Маўляў, не можаш узвесці барыкаду, складай петыцыі, на якія ўлада будзе пляваць з высокае званіцы. Сапраўды, пэўная рацыя ў такіх выказваннях была, бо ў рэаліях краіны, дзе няма публічнай палітыкі, а сябраў апазіцыйных рухаў пераследуюць рэпрэсіўныя органы, любая анлайн-актыўнасць выглядала рэнегацтвам, спробай сысці ад лабавога сутыкнення з касманаўтамі з АМАП у стылі «Марша свабоды-1999». Але паступова ў беларускім грамадстве сталі выяўляцца цікавыя працэсы, якія можна назваць рацыяналізацыяй пратэстаў, калі грамадзяне імкнуліся вырашаць бягучыя сацыяльна-палітычныя праблемы без прамога канфлікту з уладай. Гэтае нежаданне судатыкацца са светам закаснелых чыноўнікаў і праваахоўнікаў вылілася ў сапраўдны бум інтэрнэт-петыцый, калі імкненне вырашыць праблему не вядзе да кантакту з уладай, а таксама, што важна, дазваляе сэканоміць асабісты час.

Але ад усведамлення важнасці анлайн-петыцый да пісьменных дзеянняў па абароне сваіх інтарэсаў шляхам складання анлайн-зваротаў патрэбна было прайсці досыць доўгі шлях. Спачатку многія грамадзяне карысталіся платформай change.org, якая, аднак, не мае аніякай юрыдычнай сілы ў Беларусі. Адзіным плюсам таго рэсурса стала азнаямленне вялікай колькасці суайчыннікаў з мадэллю і алгарытмам ажыццяўлення анлайн-петыцый. Пазней групамі энтузіястаў былі створаныя падобныя рэсурсы ў Беларусі, якія дзейнічалі з улікам айчыннага заканадаўства, што зрабіла працу платформаў плённай і шмат у якіх выпадках паспяховай. Калі сёння бегма прааналізаваць змест электронных зваротаў, напрыклад, на рэсурсе petitions.by, то можна скласці карціну таго, чым жыве авангард беларускага грамадства ў гэты момант. Сярод мноства петыцый – заклікі вырашыць урбаністычныя праблемы, урэгуляваць гандаль у пэўнай сферы, навесці парадак у тапаніміцы, заклікі да беларусізацыі прасторы і адзінкавыя крыкі аб дапамозе ў вырашэнні жыллёвых пытанняў. Карацей, болевыя кропкі, якія заўважныя для ўдумлівых суайчыннікаў і так штодня. У пераліку петыцый, вядома, не абыходзіцца без сапраўдных шэдэўраў. Напрыклад, заклік забараніць пітную ваду расейскай вытворчасці пад брэндам «Святой Источник» на падставе таго, што бутыляваная вада насамрэч напаўняецца не са святых крыніцаў. Альбо «кейс Мукавозчыка», у якім аўтары петыцыі склалі паўжартаўлівы тэкст з заклікам забароны «інтэлектуальна слабых тэкстаў» адыёзнага аўтара выдання «Беларусь Сёння» Андрэя Мукавозчыка. Забаўна, працадаўцы Мукавозчыка, абараняючы свайго публіцыста, у адказе на петыцыю спасылаюцца на прынцыпы свабоды слова і неўмяшальніцтва ў працу журналіста, што асабліва забаўна гучыць ад афіцыёзнага СМІ, якое на сваіх старонках часта абгрунтоўвае захады дзяржавы ў абмежаванні тых ці іншых правоў грамадзян.

Зрэшты, выкарыстанне анлайн-петыцый не з’яўляецца панацэяй для вырашэння той ці іншай праблемы. Як правіла, дасягненне рэзультатц залежыць ад мноства фактараў: выбару пляцоўкі для размяшчэння звароту, актуальнасць праблемы для грамадства, уменне супрацоўнічаць са СМІ і навыкі па прасоўванні тэксту звароту, пісьменнасць пры складанні петыцыі, мова дакумента і гэтак далей. Часта анлайн-петыцыя з’яўляецца адным з этапаў грамадскай актыўнасці, які, што праўда, без гатоўнасці грамадзян абараняць свае інтарэсы ў афлайне мае ўсе шанцы пераўтварыцца ў «кіберпратэз».

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]