Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Як прадпрымальнік праводзіць дэкамунізацыю ў Віцебску

06.11.2019 общество
Як прадпрымальнік праводзіць дэкамунізацыю ў Віцебску

Новы «памешчык» прапануе перайменаваць вуліцу Савецкую.

Віцебскі прадпрымальнік Максім Жукаў набыў гістарычную сядзібу ў вёсцы Вялікія Лётцы, якая некалі належала вядомаму навукоўцу-батаніку Уладзіміру Адамаву, перадае «Радыё Рацыя».

Былы гаспадар заснаваў дэндрапарк з рэдкімі раслінамі, некаторыя з іх захаваліся і дагэтуль, але асноўную частку забралі ў Віцебск, стварыўшы гарадскі батанічны сад.

Сядзіба Адамава прыйшла ў заняпад, калі навуковец мусіў з’ехаць адсюль пасля прыходу савецкай улады. Каштоўную бібліятэку разрабавалі, а ў двухпавярховым будынку за савецкім часам мясціліся розныя ўстановы, у тым ліку школа.

Апошнія гады сядзібны будынак пуставаў і разбураўся, пакуль яго не набыў прадпрымальнік, які стварае тут культурніцкі цэнтр. Ён месціцца на вуліцы Савецкай – цэнтральнай вуліцы Вялікіх Лётцаў, і новы гаспадар лічыць гэта гістарычнай несправядлівасцю: «Сядзіба, якая належала Адамаву, знаходзіцца на вуліцы Савецкай – названай у гонар той улады, якая і забрала ў яго сядзібу і прывяла да таго, што навуковец памёр у галечы, далёка ад радзімы. Таму гэтую вуліцу трэба тэрмінова пераймяноўваць і не здзекавацца з яго памяці».

Назву «Савецкая» Максім Жукаў увогуле лічыць анахранізмам. Ён стварыў петыцыю, каб перайменаваць вуліцу Савецкую ў памяць пра самага славутага земляка, які жыў у Вялікіх Лётцах, — навукоўца Уладзіміра Адамава.

Ушанаванне імя чалавека, якога дагэтуль згадваюць у вёсцы, дзе цвіце рэдкі від вугорскага бэзу і растуць незвычайныя дрэвы, магло б быць выдатным прыкладам патрыятычнага выхавання. Ці згодны з гэтым Віцебскі райвыканкам, стане вядома з адказу на петыцыю, падпісацца пад якой можна цягам 12-ці дзён.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]