Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Старому Ольсу» споўнілася 20 год

24.11.2019 культура
«Старому Ольсу» споўнілася 20 год

Як беларускі гурт скарыў Амэрыку.

«Стары Ольса», самы прызнаны сярэднявечны гурт Беларусі, сёлета сьвяткуе 20-годзьдзе. Свабода пагутарыла з музыкамі па вяртаньні зь іхнага пятага амэрыканскага туру пра гастрольны побыт і сталеньне.

Дваццаць гадоў у музыцы, амэрыканскія туры, той самы кавэр на Metallica з 3,6 мільёна праглядаў, сярэднявечны фэстываль пасярод Атлянтычнага акіяну і фанаты ў Бразыліі.

Папулярызацыяй беларускай сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» ўжо некалькі гадоў займаецца і ў Амэрыцы — там сытуацыя з «мэдыявальнай» сцэнай, як у Беларусі два дзесяцігодзьдзі таму. Гурт нават выступае ў амэрыканскіх унівэрсытэтах, а гэта сапраўды ганаровы радок у музычным партфоліё. Падчас выступу расказваюць ня толькі пра асаблівасьці сярэднявечнай музыкі, а яшчэ і пра гісторыю Беларусі, тлумачаць зьмест песень. Але місіянэрамі сябе ня лічаць: яны, маўляў, проста звычайныя людзі, якія робяць тое, што падабаецца.

Фото: «Радыё Свабода»

«Я вось стары, але ваша старая музыка прымушае мяне рухацца!»

Папулярнасьць сярэднявечнай тэмы ў 21 стагодзьдзі музыкаў ня дзівіць. І справа ня ў росьце цікавасьці да пэўнай субкультуры. Цяпер у музыцы ёсьць больш масавая тэндэнцыя — цікаўнасьць да фальклёрнай музыкі і ўвядзеньне «жывых» інструмэнтаў у рок, джаз, папулярную музыку.

«Сучасная, кругом электронная культура нарадзіла стомленасьць вуха да правільнай ноты, — тлумачыць Зьміцер Сасноўскі, дудар і адзін з вакалістаў гурту. — Хочацца чуць іх не такімі правільнымі, іх хібы, пералівы, дзесьці трошкі фальшу пачуць».

«Мне падаецца, што такая музыка закранае нейкія інстынкты, — дадае флейтыстка Марыя Шарый. — Ты можаш гэтага нават не ўсьведамляць, не задумвацца, чаму яна табе падабаецца. Вось у Амэрыцы былі такія старыя дзядочкі, якія казалі: «Я вось стары, але вашая старая музыка прымушае мяне рухацца!».

Фото: «Радыё Свабода»

У апошнія гады беларускамоўную сярэднявечную музыку ад «Старога Ольсы» жыўцом часьцей чуваць за акіянам, чым на радзіме: гурт пасьпяхова правёў ужо пяты амэрыканскі тур і працягнуў кантракт, але зь невялікімі зьменамі.

«Мы вырашылі, што мы на галодны паёк пасадзілі публіку ў Эўропе, у Беларусі і блізкіх краінах, — прызнаецца Зьміцер Сасноўскі. — Таму бліжэйшым часам будзем болей граць тут і меней граць там».

«Гэта нашае ўласнае жаданьне, — кажа Марыя Шарый. — Ужо тэлефанавалі з Тэхасу, просяць, каб на красавік наступнага году мы прыехалі, але, шчыра кажучы, хочацца адпачыць ад амэрыканскіх тураў, больш паезьдзіць па Эўропе. Таму на вясну мы плянуем тур па Польшчы».

Фото: «Радыё Свабода»

«Амэрыканскія гастролі — гэта цяжка, доўга і можна згубіць гурт»

— гэта не пра масавага слухача. Музычным прадусарам прывозіць гурты такога стылю ня надта выгадна, таму амэрыканскі тур — дарагая прыемнасьць, якую дазволіць сабе можа далёка ня кожны замежны гурт. Музыкі мусяць ахвяраваць сям’ёй, мясцовымі справамі і іншымі каштоўнымі кантрактамі. Да таго ж такое гастрольнае жыцьцё далёкае ад кінэматаграфічнага вобразу, у рэальнасьці музыкі вымушаныя эканоміць: вандруюць у звычайным мікрааўтобусе, самі сабе кіроўцы, прамоўтары і кухары.

«Вы каштавалі амэрыканскую ежу? Гэта жудасна! — кажа Марыя. — Таму кухарым мы самі, каб ведаць, што ямо, і эканоміць час на рэстарацыі».

«У нас ёсьць людзі, адказныя за кашы, хтосьці за мяса, хтосьці за салату. Марыя ў нас адказная за адну і тую ж страву, якую гатуе геніяльна — тушаныя бурачкі!»

«Тур — цяжкая справа, можна і гурт згубіць. Калі доўгі час знаходзісься ў іншай краіне ў адной кампаніі, ёсьць напружаньне...» — прызнаецца Марыя.

«Ты нас менш любіць стала? — камічна абураецца Зьміцер і ўжо сур’ёзна дадае: — Калі супаставіць лічбы — 73 дні, за іх 113 выступаў і 14 000 міль пераездаў па Амэрыцы паміж выступамі за гэтыя 73 дні — то напружанасьць адразу тлумачыцца. Гэта цяжка фізычна. І псыхічна сьледам».

«Гэта такая паездка і такія стасункі, як быццам бы гэта ў сям’і, — падсумоўвае Марыя. — Таму што ў сям’і таксама ўсялякай драбязы хапае, і любові, і сварак».

Фото: «Радыё Свабода»

«Тры пакаленьні таму мой дзед быў беларусам, я памятаю і ганаруся!»

Калі разважаць пра розьніцу паміж амэрыканскай і беларускай публікай, ольсаўцы называюць тры адрозьненьні: амэрыканцы «тусуюцца» — выпіваюць, гамоняць — пасьля канцэрту, а беларусы — падчас; амэрыканцы могуць запляскаць нават пасярод песьні, калі, напрыклад, пачуюць удалае сола, а таксама набываюць больш мэрчу. У Амэрыцы музыкі перанялі мясцовую традыцыю размаўляць са слухачамі пасьля канцэрту, бо амэрыканцы могуць дужа пакрыўдзіцца, калі выступоўцы да іх не падыдуць.

«Была прыкольная сытуацыя, калі фэст праходзіў недзе ў полі, тавэрна нейкая, — кажа Аляксей Войцех, ударныя. — Прыйшоў дзед і кажа: „Тры пакаленьні таму мой дзед быў беларусам, я памятаю і ганаруся!“ І такіх выпадкаў шмат. Называюць нават гарады, адкуль іх продкі».

Фото: «Радыё Свабода»

«А яшчэ клёвая гісторыя пра амэрыканца, які размаўляе па-беларуску лепш, чым беларусы, — прыгадвае Алесь Чумакоў. — Гэта было ў Юце. Амэрыканец сам з Сан-Францыска, у яго жонка беларуска, яна саромеецца размаўляць па-беларуску. Яна ўсё разумее, чытае, слухае, але, як шмат у якіх нашых людзей, ёсьць такая сарамлівасьць, што, маўляў, я ж памылку зраблю. А ён для яе вывучыў беларускую мову выдатна. Ён размаўляе, а яна — не!»

Музыкі кажуць, што ў Амэрыцы ўсё вялікае: рыцарскі турнір у Мінэсоце можа сабраць ад дваццаці да трыццаці тысяч гледачоў, а калі ў турніры ўдзельнічае конь — то гэта гара, а ня конь, самая вялікая парода, якая толькі можа быць. І галоўнае, каб твой выступ быў максымальна відовішчны. Актыўнае ўзаемадзеяньне з гледачом — асноўнае патрабаваньне, амэрыканцы любяць інтэрактыўныя стэндапы. Сярэднявечная музыка, вядома, працягвае зьбіраць сваю аўдыторыю, але да масавага гледача дагрукацца ўсё ж няпроста.

Фото: «Радыё Свабода»

«У асноўным амэрыканцы больш адкрыта рэагуюць, — кажа Зьміцер. — Але ёсьць Юта — штат, дзе публіка не рэагуе ўвогуле ані на што. А пасьля нядаўняга канцэрту ў Горадні я ўжо не скажу, дзе актыўней рэагуюць на нашу музыку — у Амэрыцы ці ў Горадні!»

«Горадня ўчыніла нам такі прыём, як нідзе і ніколі! — дадае Марыя. — Аплядысмэнты, жарты, камэнтары з залі і шалёная энэргетыка ад публікі! Пасьля канцэрту асабіста кожнаму дзякавалі, гэта вельмі натхняе».

Фото: «Радыё Свабода»

У апошнім туры было шмат выступаў з майстар-клясамі па старадаўніх і беларускіх традыцыйных танцах. Былі нават асобныя танцавальныя канцэрты. Усе ў дзікім захапленьні ад падэспані і кракавяку.

«Дзякуючы праекту Medieval Classic Rock пра гурт даведваюцца ў далёкіх краінах, — кажа Марыя. — Акурат на днях адзін музычны гурт з Бразыліі даслаў ліст, дзе распавядаюць, што былі натхнёныя творчасьцю Старога Ольсы і зрабілі сваю вэрсію кампазыцыі „Штурм“ з нашага рэпэртуару. Цяпер пытаюцца дазволу, ці могуць уключыць яе ў свой новы альбом і зьняць кліп».

Аднойчы музыкі нават выступалі на сярэднявечным фэстывалі пасярод акіяну, акурат паміж Эўропай і Амэрыкай — на Азорскіх астравах, у амаль невядомым турыстам аўтаномным рэгіёне Партугаліі, пакрытым чорным вульканічным пяском.

Фото: «Радыё Свабода»

«Мы насыціліся гэтай музыкай так, што з гадамі пачалі выглядаць лепей!»

Кавэры ў гісторыі «Ольсы» мелі істотнае значэньне, але гэта ўсё ж у мінулым: цяпер час іншым рабіць кавэры на іх. І калі на пачатку творчага шляху гурт дазваляў сабе сярэднявечныя стылізацыі і «фэнтэзі», то цяпер ім хочацца працаваць складаней і глыбей. За гэтыя гады лютніст «Ольсы» Ільля Кубліцкі навучыўся чытаць табулятуры 16-га стагодзьдзя, і гурт ужо пэўны час працуе з арыгінальнымі матэрыяламі, а ня зь нечай адаптацыяй.

Фото: «Радыё Свабода»

«Але мы вымушаныя, на жаль, усе гэтыя гады прыстасоўвацца да публікі: ня граць сярэднявечныя лады, а граць мажорную-мінорную сучасную сыстэму, — кажа Зьміцер. — Ня граць павольна, як раней музыка гралася, ня граць баляды, якія могуць гучаць 18–20 хвілін, а граць у фармаце сучаснага слухача, бо інакш ён слухаць ня будзе. Тры хвіліны — фармат, да якога нашыя вушы прывучыла сучаснае радыё. Мы дапускаем, што калі-небудзь зробім праект, аўтэнтычны для 17-га стагодзьдзя, але пакуль што займаемся папулярызацыяй».

Дзеля гадавіны гурту Марыі давялося пераглядаць шмат матэрыялаў: на старых фотках усе падаюцца дзіўнымі, хтосьці тоўсты, хтосьці нязграбны, разгублены альбо не зусім у стылі.

«Мы ўсе сталі больш дарослымі», — кажа Марыя.

«Старымі?» — зноў жартаўліва абражаецца Зьміцер.

«Ня ведаю, больш прывабнымі», — адказвае Маша.

«Як віно?» — сьмяецца Зьміцер.

«Дарэчы, так! — усьміхаецца Марыя. — Чытала камэнтары пасьля некаторых канцэртаў, асабліва менскіх, што „Ольса“ — як віно. З гадамі толькі лепшае! Усё нашае разуменьне, увесь назапашаны досьвед — ува ўсім, ня толькі ў музыцы, у жыцьці — ён адлюстроўваецца на сцэне».

Фото: «Радыё Свабода»

«У нас ёсьць сябра Валера Зінкевіч, майстар, ён для нас рэбэк (старадаўні смычковы інструмэнт. — РС) зрабіў, — кажа Зьміцер. — Ён мае тэорыю пазытыўных вібрацый. Ён кажа, што кожны інструмэнт — і гэта факт! — пачынае гучаць празь месяц-два рэгулярнага граньня на ім лепш. У некаторых інструмэнтах гэта патлумачыць можна, а часта — не. Што ў ім зьмяняецца, незразумела. І ён кажа, што проста часткі пачынаюць адносна адна адной рэзанаваць лепей. Але ўсё ж такі гэта містыка. Інструмэнт набіраецца пазытыўных вібрацый. Маша цяпер расказвае, што мы насыціліся гэтай музыкай так, што з гадамі набраліся пазытыўных вібрацый і пачалі выглядаць лепей!»

«Таму раім нашым слухачам прыходзіць на нашы канцэрты і набірацца пазытыўных вібрацый, — разважліва дадае Алесь Чумакоў. — І рабіцца ўсё лепшымі і лепшымі!»

Фото: «Радыё Свабода»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]